«Гісторыя магла завяршыцца яшчэ больш трагічна». Падрабязнасці здарэння пад Свіслаччу, дзе мужчына заспеў жонку з каханкам і падпаліў абаіх
Читать по-русски


У Следчым камітэце расказалі падрабязнасці здарэння ў Свіслацкім раёне, дзе вясковец заспеў жонку ў ложку з каханкам, абліў іх бензінам і падпаліў. Жанчыну не ўдалося выратаваць — яна памерла ў бальніцы, стан мужчыны вельмі цяжкі. У доме на момант трагедыі было некалькі дзяцей — яны не пацярпелі.

Место трагедии в Свислочском районе. Фото: Следственный комитет
Месца трагедыі ў Свіслацкім раёне. Фота: Следчы камітэт

Усё адбылося ноччу 16 траўня — ратавальнікам паведамілі, што ў пасёлку Поразава Свіслацкага раёна гарыць дом. Пасля ліквідацыі пажару туды прыехала следча-аператыўная група.

Высветлілася, што напярэдадні 36-гадовая жанчына прывяла ў дом знаёмага, які нібыта мусіў зрабіць там рамонт. Аднак пачынаць будаўнічыя работы 35-гадовы мужчына не спяшаўся, затое выпіваў разам з мужам і жонкай і аказваў знакі ўвагі гаспадыні.

Нарэшце 46-гадовы муж заспеў жонку і госця ў кампраметавальным становішчы, прыраўнаваў і вырашыў адпомсціць крыўдзіцелю. Выпіўшы, ён у хляве пераліў з каністры бензін у шкляны слоік, вярнуўся ў дом, абліў абаіх і падпаліў.

«Гэтая гісторыя магла завяршыцца яшчэ больш трагічна, бо ў момант здзяйснення злачынства ў доме знаходзілася чацвёра дзяцей пары (8, 10, 13, 17 гадоў), а таксама двое сяброў старэйшай дачкі. Усе яны, а таксама сам падазраваны здолелі пакінуць жыллё, і, на шчасце дзеці, не пацярпелі», — расказалі ў Следчым камітэце.

Жанчына і яе прыяцель атрымалі апёкі 90% і 94% цела адпаведна. Цяпер мужчына ў рэанімацыі, яго стан ацэньваецца як вельмі цяжкі. Нягледзячы на намаганні дактароў, жанчыну выратаваць не ўдалося — яна памерла ў бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць.

Высветлілася таксама, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Следчыя ўбачылі ў доме не толькі абгарэлыя пакоі: нават у ацалелых памяшканнях панавалі беспарадак і поўная антысанітарыя, не было нармальных умоваў для жыцця.

Падазраваны дзесяць гадоў таму прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзеж, а з пачатку года ён двойчы парушыў адміністрацыйнае заканадаўства па лініі ДАІ.

Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 14 і п. 1, 5 ч. 2 арт. 139 КК (Замах на забойства дзвюх асоб, здзейснены агульнанебяспечным спосабам). Ён узяты пад варту.