Опубликовано 18 верасня 2024 у 13.01
Адрес в интернете: https://zerkalo-io-read.online/news/accidents/78643.html    

Мінскага блогера-рэвізора адправілі на «хімію» і далі вялікі штраф за ролікі пра супрацоўніцу крамы

Суд Цэнтральнага раёна Мінска вынес прысуд 32-гадоваму жыхару сталіцы, які здымаў відэа ў TikTok, паведамілі ў пракуратуры Мінска. Блогеру далі два гады «хіміі» і штраф за абразлівыя ролікі пра супрацоўніцу крамы, якія завірусіліся ў сацсетцы.

Фото: TUT.BY
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

У кастрычніку 2023-га мінчук запісаў відэа з кадрамі «вонкавага фасада будынка, памяшкання крамы і яго супрацоўнікаў». Як адзначаецца ў справе, ён выкарыстаў для гэтага «малазначную нагоду — парушэнні, якія нібыта мелі месца ў працы адной з крамаў буйной гандлёвай сеткі і яе супрацоўнікаў», у прыватнасці, канкрэтнай аператаркі гандлёвага пункта.

«Без згоды пацярпелай абвінавачаны сабраў інфармацыю пра яе персанальныя звесткі — фота- і відэавыявы, звесткі пра месца працы, пасля чаго размясціў такія звесткі ў тэлеграм-канале», — расказалі ў пракуратуры.

Ролік у TikTok мужчына суправадзіў «абразлівымі каментарамі на адрас пацярпелай».

У снежні 2023-га, пасля таго як жанчына звярнулася да сілавікоў, мужчына «з помсты распаўсюдзіў у тэлеграм-канале прозвішча і ініцыялы пацярпелай са сваімі абразлівымі каментарамі».

Як палічыла следства, «супрацьпраўныя дзеянні нанеслі шкоду правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелай». Супрацоўніца крамы зазнала хейт у сацсетках, яе абражалі і кпілі з яе, даставалася і блізкім. Да прыкладу, адзінаццацігадовая дачка жанчыны сутыкнулася з цкаваннем у школе і вымушаная была наведваць псіхолага.

На судзе абвінавачаны прызнаў сябе вінаватым. Ён растлумачыў, што такім чынам зафіксаваў парушэнні ў працы гандлёвай сеткі і хацеў абараніць правы спажыўцоў.

Паводле ч. 1, 2 арт. 203−1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных звестках) мужчыну прызначылі «хімію» — абмежаванне волі са скіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады. Ён таксама атрымаў штраф у памеры 300 базавых велічынь (12 тысяч рублёў).

Прысуд не ўступіў у законную сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Нагадаем, раней у Следчым камітэце расказвалі, што «асноўнай мэтай фігуранта было знайсці пратэрмінаваны тавар, парушаную цэласнасць упакоўкі прадукту ці зладзіць скандал з нагоды недастаткова „чыстай“ гандлёвай зоны».

Мяркуючы з раскладу судовых паседжанняў, завуць блогера Дзяніс Тамашэвіч. Раней мужчына быў вядомы як заснавальнік псеўдадабрачыннага фонду «Твори добро».

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO