У жніўні 2023 года 16-гадовая Дана Ільіных з расійскага Каменска-Уральскага вярталася позна ўвечары на апошняй электрычцы, але да дома так і не дайшла. Яе цела знайшлі на наступны дзень у лесапаласе. Перад сваёй гібеллю дзяўчына выклала ў сацсетках пост з просьбай яе «не забіваць і не гвалціць», расказвае «Холод».

8 жніўня 2023 года 16-гадовая Дана Ільіных ездзіла ў Екацярынбург уладкоўвацца на падпрацоўку. Дадому ў Каменск-Уральскі яна вярталася на апошняй электрычцы і выйшла на станцыі ў 23.01. Да дома ісці было пешшу шэсць кіламетраў, месцамі неасветленай лесапаласой, бо аўтобусы ўжо не хадзілі.
«Дарагія каменцы, я шалёна шчаслівая зноў знаходзіцца з вамі на адной зямлі, але цяпер аўтобусы не ходзяць, і мне сола давядзецца дайсці да дома, так што прашу мяне не забіваць і не гвалціць, я хачу дайсці да дома. Прынамсі сёння», — напісала Дана ў свой тэлеграм-канал, выйшаўшы з электрычкі.
Па дарозе дадому Дана перапісвалася з сябрамі і з бацькам — яму яна не сказала, што ідзе ў гэты момант цёмнай вуліцай. У 23.30 яна праходзіла міма кавярні «Арарат» і недалёка ад яго сустрэла бяздомнага сабаку. «Вось смерць мая і прыйшла, мяне з’есць сабака ў лесе. Сабака, не еш мяне. Ідзі сюды, ну сабака, ідзі сюды», — казала Дана на відэа, якое здымала ў той момант. Праз паўгадзіны Дана перастала адказваць на паведамленні. Яшчэ праз нейкі час хтосьці выдаліў яе тэлеграм-канал.
Па запісах з камераў удалося аднавіць яе маршрут. Дзяўчына дайшла да галоўнай плошчы горада і павярнула да Дома культуры. Далей трохі зрэзала дарогу праз парк «Космас». Прыкладна праз 20 хвілін, у 23.50, Дана прайшла міма дыягнастычнага цэнтра — там камеры засеклі яе апошні раз. Ёй заставалася прайсці неасветленую дарогу, якая мяжуе з лесапаласой.
Раніцай сяброўкі ўбачылі, што Дана з вечара не была ў сеціве, і паднялі трывогу. Занепакоіліся і вярнуліся з лецішча бацькі дзяўчыны. Яе родныя, сябры і малады чалавек па чарзе званілі на тэлефон Даны, але яна не падымала. Пасля дзевяці вечара тэлефон наогул стаў недаступны.
У пошуках дзяўчыны ўдзельнічалі супрацоўнікі паліцыі з сабакамі, блізкія і валанцёры. Неўзабаве яе цела знайшлі ў лесапаласе.
Спачатку сілавікі думалі, што дзяўчына памерла ад «атручання сінтэтычным прэпаратам», аднак бацька Даны Аляксандр Ільіных быў цвёрда ўпэўнены, што рэч не ў наркотыках. Он пачаў уласнае расследаванне.
28 жніўня ў мясцовых пабліках з’явіліся запісы з камер відэаназірання: на іх відаць, што апошнія 40 хвілін перад знікненнем Дану пераследаваў мужчына на ровары.
Пасля гэтага Следчы камітэт Расіі паведаміў, што заведзеная справа па арт. 105 КК РФ (Забойства). Яшчэ праз дзень мужчыну на ровары затрымалі. Ім аказаўся 34-гадовы стропальшчык з мясцовага трубнага завода Эдуард Голікаў.
«Проста ехаў побач»
Голікаў жыў у трохпакаёвай кватэры, што раней належала яго бабулі, якая памерла некалькі гадоў таму. У 14 гадоў яго судзілі за крадзеж аўтамабіля, у турме не сядзеў. На запісах з камер яго апазналі калегі.
«Мы разам вучыліся. Заўсёды быў адэкватным. Не піў, не быў агрэсіўным. Працуе на заводзе, з выгляду звычайны чалавек», — ананімна расказвала журналістам знаёмая Голікава. Суседзі таксама сумняваліся ў яго вінаватасці. Яны апісвалі яго як ціхага самотнага чалавека: бабуля памерла, мама жыве асобна, дзяўчыны няма.
«Ён дамушнік. Нікуды, акрамя працы, не ходзіць, у яго змены па 12 гадзін. Ровар нядаўна вось купіў сабе. Не п’е і нават не курыць. Сужыцелька ў яго была, але яны рассталіся», — казалі суседзі.
Расстаўся з сужыцелькай Голікаў яшчэ ў 2013 годзе і неўзабаве пачаў чапляцца да дзяўчат: публічна вядома як мінімум пра тры гісторыі дамаганняў.
Адзін з сяброў Голікава апісваў яго як «сціплага» і «нерашучага» чалавека. Паводле яго словаў, неўзабаве пасля знікнення Даны той стаў нервовым і пачаў курыць, аднак не тлумачыў, у чым прычына хвалявання.

Экспертыза выявіла на кофце Даны «потатлушчавыя сляды», якія ўтрымлівалі мужчынскую ДНК. 31 жніўня Голікава затрымалі, і яго ДНК супала з знойдзенай на вопратцы Даны.
Голікава абвінавацілі па двух крымінальных артыкулах: у забойстве і крадзяжы. Ён прызнаўся, што скраў тэлефон Даны, — паказаў месца ў лесе, дзе закапаў яго. Аднак датычнасць да забойства адмаўляў. У Голікава была свая версія таго, што здарылася: «З яго словаў, ён за ёй не сачыў. Проста ехаў побач. А потым дзяўчыне стала дрэнна, яна легла на зямлю. Ён падышоў і ўзяў тэлефон. Потым кінуў там жа ў лесе», — казала адвакатка Голікава Таццяна Дакучаева.
У тэлефоне знайшлі паведамленне ад Голікава. Праз два тыдні пасля забойства ён даслаў на нумар Даны адзінае пытанне: «Ты жывая?»
«Дзяўчына, давайце пазнаёмімся»
У лістападзе на адным з дадатковых допытаў Голікаў ўсё ж расказаў, што адбывалася ў ноч смерці Даны. Ён выехаў з дому пасля дзевяці вечара: «Нейкага мэтаскіраванага маршруту ў мяне не было. На ровары мне падабаецца катацца ў вечаровы час, бо так цікавей. Горад выглядае прыгажэйшым, — расказваў Голікаў. — Убачыўшы дадзеную дзяўчыну, я звярнуў на яе ўвагу, бо яна вельмі спадабалася мне вонкава. У дадзенай дзяўчыне мяне прывабілі яе фігура і твар. Яна ўвесь час глядзела ў тэлефон. Думаю, яна з кімсьці перапісвалася».
Голікаў хацеў пазнаёміцца з Данай, але доўга не наважваўся пачаць размову — мяркуючы з камераў, ён пераследаваў яе каля 40 хвілін. Калі Дана зайшла ў неасветленую лесапаласу, Голікаў вырашыў дзейнічаць: аб’ехаў яе, злез з ровара і пайшоў насустрач.

«Дзяўчына ішла і ўсё гэтак жа глядзела ў тэлефон. Калі я параўняўся з ёй, у мяне ўзнікла жаданне прапанаваць ёй уступіць са мной у полавы акт. Калі я апынуўся побач з ёй, я паспрабаваў пачаць дыялог. А менавіта сказаў фразу: „Дзяўчына, давайце пазнаёмімся“. На маё пытанне Дана нічога не адказала, праігнаравала і пайшла далей. Нават не паглядзела на мяне».
Рэакцыя Даны раззлавала Голікава. Тады ён вырашыў «прымусова пазнаёміцца» з ёю: «Я схапіў яе за левую руку і пацягнуў у бок лесапаласы. Дана не крычала і не супраціўлялася, бо, як я думаю, была здзіўленая і не адразу зразумела, што адбываецца». З ягоных словаў, Дана пачала крычаць, калі была за пяць метраў ад дарожкі. На некалькі секунд Голікаў разгубіўся, але потым прыйшоў у сябе і пачаў душыць дзяўчыну, бо «не ведаў, што рабіць», і баяўся, што яна пойдзе ў паліцыю.
Аднак пазней, на судзе, ён адмовіўся ад сваіх паказанняў.
Судмедэксперты не выявілі ў арганізме ні наркотыкаў, ні алкаголю — толькі павышанае ўтрыманне кафеіну. Не знайшлі і слядоў спермы, з чаго эксперты зрабілі выснову, што згвалтавання не было.
Спецыяліст, які праводзіў ускрыццё, не напісаў у акце пра прыкметы задушвання, таму першы час асноўнай версіяй было спыненні сэрца. Гэта супярэчыла сказанаму Голікавым на допыце. У снежні цела Даны эксгумавалі, каб правесці паўторную экспертызу — новыя звесткі пацвердзілі, што смерць наступіла ад задушвання.
У чэрвені 2024 года следства завяршылася. Голікава абвінавацілі па трох крымінальных артыкулах: у забойстве, замаху на згвалтаванне і крадзяжы. Максімальнае пакаранне — пажыццёвае.
22 кастрычніка 2024 года яму вынеслі абвінаваўчы прысуд — 21 год і 1 месяц калоніі строгага рэжыму з наступным абмежаваннем волі на два гады. Таксама ён мусіў выплаціць па тры мільёны рублёў (30 тысяч даляраў) бацьку і маці Даны. Віны ў забойстве Голікаў так і не прызнаў.