У Мінску асудзілі 43-гадовага мужчыну, які абвінавачваўся ў забойстве, піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру.

Мінчук быў разведзены, але жыў з экс-жонкай у адной кватэры, падтрымліваў з ёю блізкія адносіны. Аднойчы тая не прыйшла начаваць, і абвінавачаны на таксі паехаў яе шукаць. Ён дапусціў, што жанчына можа знаходзіцца ў гасцях у іх агульнага знаёмага ў прыватным доме на вуліцы Айвазоўскага. Там мужчына і заспеў былую жонку ў ложку з прыяцелем, пасля чаго збіў суперніка і з’ехаў.
Раніцай мінчук выпіў і зноў паехаў да знаёмага, каб забраць былую жонку дадому. Паміж мужчынамі зноў успыхнуў канфлікт, які перарос у бойку. Гэтым разам абвінавачаны схапіў кухонны нож і ўдарыў ім апанента ў жывот.
Мужчыну адвезлі ў бальніцу, дзе ў той жа дзень ён памёр.
На мінчука завялі крымінальную справу. Віны мужчына не прызнаў — настойваў, што не меў намеру забіваць суперніка.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 1 арт.139 КК (Забойства) і асудзіў на 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, на карысць маці забітага ён мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 50 000 рублёў.
Прысуд уступіў у законную сілу.