Опубликовано 29 сакавiка 2023 у 16.35
Адрес в интернете: https://zerkalo-io-read.online/news/cellar/35703.html    

МУС паабяцала «самыя жорсткія» меры п'яным кіроўцам, бяспраўнікам і «экстрэмістам»

На даручэнне кіраўніка МУС супрацоўнікі міліцыі пачнуць жорстка рэагаваць на грубыя парушэнні ПДР. А для выканання спагнанняў будуць выкарыстоўваць накладанне арышту на аўтамабілі з абавязковым змяшчэннем іх на штрафную стаянку, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Фото: TUT.BY
Фатаграфія выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

«З мэтай спынення грубых парушэнняў ПДР, у тым ліку звязаных з кіраваннем транспартам у стане ап’янення, без права кіравання, міністрам унутраных справаў дадзенае даручэнне падраздзяленням ДАІ пра прыняцце самых жорсткіх мераў рэагавання», — гаворыцца ў заяве МУС.

У сувязі з гэтым у міліцыі нагадалі пра адказнасць за грубыя парушэнні ПДР.

За кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым выглядзе — да 5 гадоў пазбаўлення правоў і штраф да 200 базавых велічынь (7400 рублёў). За паўторнае цягам года аналагічнае парушэнне прадугледжаная крымінальная адказнасць і канфіскацыя аўто.

Таксама крымінальная адказнасць прадугледжаная за неаднаразовае кіраванне транспартным сродкам без правоў. Максімальнае пакаранне за гэта — абмежаванне волі на 2 гады.

Парушальнікі, якія аказалі непадпарадкаванне законнаму патрабаванню інспектара, будуць пакараныя адміністрацыйным арыштам, або грамадскімі працамі, або штрафнымі санкцыямі ў памеры да 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).

У набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале адзначылі, што асаблівую ўвагу нададуць парушэнням ПДР, звязаным з «экстрэмізмам».

«Тыя, хто падчас вядомых падзей прыцягваўся за спыненне на праезнай частцы, падачу сігналу або дэманстрацыю з аўто забароненай сімволікі, будуць узятыя на асаблівы ўлік і старанна правераныя на прадмет выкарыстання транспарту ў адпаведнасці з законам», — заявілі там.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO