Бахарэвіч і Вольскі разам стварылі прыгодніцка-авантурны раман
Читать по-русски


Выдавецтва «Янушкевіч» выпускае кнігу «Капітан Лятучая Рыба». Гэты прыгодніцка-авантурны раман напісаў Альгерд Бахарэвіч, а ілюстраваў музыка Лявон Вольскі. Інфармацыя пра гэта з’явілася в тэлеграме выдавецтва.

Ольгерд Бахаревич. Фото: Юлия Тимофеева
Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева

«Янушкевіч» анансуе сюжэт кнігі так: «Сталася так, што пятнаццацігадовая беларуска Алеся ўжо цэлы год жыве ў вялікім партовым горадзе недзе на Паўночным Захадзе Еўропы. Яна ходзіць у мясцовую школу, падпрацоўвае ў кіёску і размаўляе з акіянскімі караблямі. Але выпадковая сустрэча з трыма загадкавымі істотамі назаўсёды змяняе яе жыццё. Бо неўзабаве ёй давядзецца выправіцца ў вандроўку паміж гарадамі, кантынентамі ды нават рэальнасцямі — і пабачыць паўсвету, перажыўшы на сваім шляху галавакружныя прыгоды: у моры, паветры і на зямлі. „Капітан Лятучая Рыба“ — авантурны раман для чытачоў усіх узростаў: пра адважных блуканцаў, далёкія краіны і крохкую надзею, якую спрабуе скрасці наш вар’яцкі час. Кніга пра вялікае беларускае падарожжа і супрацьстаянне злу».

Сёння, 9 траўня, Альгерд Бахарэвіч прадставіць гэтую кнігу ў Вільнюсе, у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20). Пачатак — 18.00. Разам з ім выступяць перакладчык Сяргей Шупа і выдавец Андрэй Янушкевіч.

Раман Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба». Фота: t.me/newknihauka
Раман Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба». Фото: t.me/newknihauka

З 10 мая кнігу можна будзе набыць у краме выдавецтва ў Варшаве (Kłopotowskiego, 4). Старт продажаў — 11.00. З 16 да 18 гадзін там будзе знаходзіцца і ілюстратар рамана Лявон Вольскі, які таксама прадставіць выданне на вініле свайго альбома «Грамадазнаўства».

Жыхары іншых гарадоў змогуць замовіць кнігу ў бліжэйшы час на сайце выдавецтва або на маркетплэйсе Allegro (дастаўка дасяжна ў шэраг краін).

Нагадаем, што ў траўні 2022 года раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» прызналі экстрэмісцкім. Пазней, у сакавіку 2023 года такі ж статус атрымала кніга Бахарэвіча «Апошняя кніга пана А.».