Амерыканскія навукоўцы парэкамендавалі адмовіцца ад паўторнага выкарыстання аднаразовага пластыку, з якога робяць, напрыклад, бутэлькі для вады і кантэйнеры для ежы на вынас. Пра гэта паведамляе The Washington Post. Увагу на публікацыю звярнуў «Холод».

Паводле даследчыцы забруджвання пластыкам і дырэктаркі праекта NePTWNE ва ўніверсітэце Ганан Шэры Мэйсан, у апошняе дзесяцігоддзе навукоўцы знаходзяць пластык «практычна ва ўсіх відах прадуктаў харчавання, якія толькі можна ўявіць».
«Патэнцыйнае ўздзеянне на здароўе чалавека, звязанае з паўторным выкарыстаннем пластыку, незалежна ад таго, ідзе гаворка пра напоі ці прадукты харчавання, вельмі вялікае», — адзначае Мэйсан. Паводле яе словаў, найбольшай рызыцы падвяргаюцца дзеці і людзі рэпрадуктыўнага ўзросту.
Менеджарка па навуцы і палітыцы ў праваабарончай арганізацыі Toxic-Free Future Меган Лю таксама лічыць, што «скарачэнне паўторнага выкарыстання пластыку — гэта найлепшы з магчымых падыходаў».
The Washington Post піша, што аднаразовы пластык вылучае хімікаты і мікрапластык у навакольнае асяроддзе.
«Мне падабаецца параўноўваць гэта з тым, як нашая скура пастаянна вылушчвае клеткі», — адзначыла Мэйсан. Так, часцінкі пластыкавай бутэлькі трапляюць у ваду, а часцінкі пластыкавага кантэйнера — у ежу. Пры гэтым Мэйсан падкрэслівае, што ў пластыку выявілі каля 16 000 хімічных рэчываў, больш за 4200 з якіх лічацца «вельмі небяспечнымі».
Навукоўцы дадалі, што падчас награвання пластыку, напрыклад, у мікрахвалёўцы ці ад гарачай ежы, імавернасць трапляння яго часцінак у ежу павялічваецца. Гэта адбываецца праз павелічэнне хуткасці руху малекул пасля павышэння тэмпературы.
Паводле прэзідэнткі Beyond Plastics Джудыт Энк, награванне шматразовага пластыку, напрыклад, трывалых пластыкавых бутэлек для вады, дзіцячых бутэлечак і пластыкавых кантэйнераў для захоўвання, таксама небяспечнае.
Меган Лю адзначыла, што чорны пластык асабліва небяспечны. Яе даследаванне паказала, што чорны пластык у латках для сушы, кухонныі начынні і іншых прадметах змяшчае высокія ўзроўні антыпірэнаў — таксічных хімікатаў, якія могуць выклікаць гарманальныя парушэнні і праблемы з рэпрадуктыўным здароўем, а таксама павысіць рызыку ўзнікнення раку.
Навукоўцы парэкамендавалі выкарыстоўваць шкляныя і металічныя бутэлькі і кантэйнеры замест пластыкавых. На іх думку, ідэальны варыянт — цалкам адмовіцца ад выкарыстання пластыкавага посуду.