Традыцыйна ў канцы года праходзіць навагодняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з дзецьмі, на ёлцы ім даюць падарункі. Адзін з такіх паказала ў TikTok жыхарка Мядзела, дачка якой пабывала на мерапрыемстве.

Жанчына распакавала сіні заплечнік з палоскай белага арнаменту і знакам «Год якасці». Унутры аказаліся шапка і шалік з мерчу Лукашэнкі, а таксама мяшок з двума кілаграмамі цукерак. Як адзначае аўтарка відэа, «падарунак вельмі класны», а дачцэ вельмі спадабалася свята.
Пад відэа толькі станоўчыя каментары (арфаграфічныя памылкі выпраўленыя):
- «Тут не столькі падарунак, каштоўныя атрыманыя эмоцыі».
- «Заплечнік, дарэчы, незабівальны. Дзіцяці дарылі ад прэзідэнта на аматарскім хакеі два гады таму. Носіць амаль кожны дзень, а ён як новы».
- «Галоўнае не есці цукерку „вішня з перцам“, капец як смачна пасля шакаладу, у дзяцей агонь з рота вырваўся, як у цмокаў».
- «Эмоцыі сапраўды зашкальвалі. Мая дачка таксама ў поўным захапленні. Шмат новых сяброў з’явілася».
- «Сёлета няма грыльяжных у падарунках, я таксама іх люблю».
Нагадаем, на мерапрыемстве Лукашэнка заклікаў дзяцей цярпець, калі недзе настаўнікі, выхавальнікі, бацькі трошкі перабіраюць і «дзяўбуць» вучобай.
«І памятайце, што гэта трэба. Трэба пацярпець!» — раіў ён.