У Беларусі ўвялі змены па транспартным падатку. Яны закрануць як фізічных асобаў, так і кампаніі. Новаўвядзенні прадугледжаныя адрэдагаваным Падатковым кодэксам.

Каму дазволілі не плаціць падатак
Як і анансавалася, адно з новаўвядзенняў — пашырэнне спісу транспарту, за які не трэба выплачваць збор. Сюды ўключылі транспарт, адпраўлены ў даход дзяржавы па рашэнні кампетэнтнага органа. А яшчэ — спецыяльна абсталяваныя для выкарыстання інвалідамі транспартныя сродкі (пры гэтым у пасведчанні аб рэгістрацыі мусіць быць адпаведны запіс пра гэта).
Яшчэ адно ўведзенае з 2023 года змяненне — карэктаванне па льготах для ветэранаў ВАВ, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаваў, інвалідаў 1-й і 2-й групы, а таксама пенсіянераў і шматдзетных сем’яў. Як і раней, у 2023 годзе яны будуць выплачваць 50% транспартнага падатку. Галоўная ўмова — наяўнасць сапраўднага пасведчання кіроўцы адпаведнай катэгорыі.
Цяпер жа чыноўнікі прапісалі, што гэтыя катэгорыі ільготнікаў могуць яшчэ атрымаць зніжку ў 50% на прычэп (або паўпрычэп), а таксама транспартныя сродкі, па якіх няма інфармацыі пра іх тып. Умова — наяўнасць сапраўднага пасведчання кіроўцы любой катэгорыі. Такое ж паслабленне ўвялі і для інвалідаў 3-й групы, якія цяпер аплачваюць 75% падатку (пры гэтым памер збору не зменіцца).
Таксама ў МПЗ паведамляюць, што ў Падатковым кодэксе канкрэтызавалі тэрміны дзеяння льгот па транспартным зборы. «Месяцам, у якім страчаныя прававыя падставы для прымянення льготы, з’яўляецца месяц, на які прыпадае апошні дзень дзеяння льготы», — тлумачаць у МПЗ.
Стаўкі транспартнага падатку не пераглядалі
У МПЗ удакладняюць, што стаўкі транспартнага падатку не павышалі. «Яны ўсталёўваюцца ў залежнасці ад дазволенай максімальнай масы, ёмістасці або за адну адзінку транспартнага сродку, калі іншае не ўстаноўлена Падатковым кодэксам (пунктам 3 артыкула 307−9. — Заўв. рэд.)», — паведамляюць падаткавікі.
Што змянілася па аўто, якія ўзялі ў арэнду або лізінг
Чыноўнікі таксама прапісалі дэталі па аплаце падатку за пэўны транспарт, які быў узяты ў арэнду або лізінг, а затым выкуплены ў старога ўладальніка, але да гэтага часу не зарэгістраваны ў ДАІ.
Паводле агульнага правіла, гэты падатак выплачваюць арганізацыі, на якія транспарт зарэгістраваны ў ДАІ. У падатковай тлумачаць, што на практыцы ўзнікалі сітуацыі, калі кампаніі, якія ўзялі аўто ў лізінг або арэнду, не заўсёды рэгістравалі гэты транспарт у ДАІ на сябе. Гаворка пра дамовы, заключаныя да 21 студзеня 2019 года.
З 2023 года ў Падатковым кодэксе прапісалі, што транспартны падатак будуць налічваць для выплаты арганізацыям або фізічным асобам, якія ўзялі ў лізінг або арэнду аўто.
Пры гэтым арганізацыі-лізінгадаўцаў абавязалі да 20 лютага гэтага года падаць у падатковую інфармацыю пра транспартныя сродкі, якія былі перададзеныя іншым кампаніям або фізічным асобам па дамовах фінансавай арэнды (лізінгу), заключаных да 21 студзеня 2019 года. Гаворка пра транспарт, які не быў выкуплены лізінгаатрымальнікам (або выкуплены, але не зарэгістраваны ў ДАІ). «У выпадку непрадстаўлення такіх звестак альбо прадстаўлення няпоўных звестак арганізацыі-лізінгадаўцы нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных правапарушэннях», — папярэджваюць у МПЗ.
Новаўвядзенні па ўключэнні падатку ў затраты
Змены збіраюцца ўнесці і па ўключэнні сумаў транспартнага падатку ў затраты па вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў. Падрабязней прачытаць пра гэтае новаўвядзенне можна па спасылцы на старонках 72 і 73.