Опубликовано 13 чэрвеня 2024 у 12.53
Адрес в интернете: https://zerkalo-io-read.online/news/economics/70650.html    

На рынку працы — «шторм». Лукашэнка адправіў вырашаць праблему новага міністра — хто стаў кіраўніком Мінпрацы

Новай кіраўніцай Мінпрацы стала Наталля Паўлючэнка. Раней яна займала пазіцыю першай намесніцы міністра гэтага ведамства. Адпаведнае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка. Папярэдняя кіраўніца Мінпрацы Ірына Касцевіч перайшла працаваць дэпутаткай у парламент і пакінула сваёй папярэдніцы дастаткова «хранічных» нявырашаных праблем.

Министр труда Наталия Павлюченко. Фото: телеграм-канал этого ведомства
Міністр працы Наталля Паўлючэнка. Фота: тэлеграм-канал гэтага ведамства

Патушыць «пажар» на рынку працы

У Беларусі працягвае абвастрацца сітуацыя з дэфіцытам кадраў. Гэтай праблемай заклапочаныя і наймальнікі, і чыноўнікі — эканоміцы тут і цяпер патрэбныя працоўныя рэсурсы. Апошнім часам гучалі некаторыя прапановы, як хаця б часткова скараціць недахоп кадраў, — ад ідэі вяртаць тых, хто з’ехаў, да прыцягнення патрыятычных пенсіянераў. Аднак рэальных эфектыўных дзеянняў з боку ўладаў пакуль няма.

Папярэдняя кіраўніца Мінпрацы «забыла» пра страхоўкі і дапамогі для беспрацоўных

Адна з праблем на рынку працы — нізкая дапамога па беспрацоўі. Яе максімальны памер — да дзвюх базавых велічынь (80 рублёў).

Чыноўнікі планавалі за мінулую пяцігодку, якая скончылася ў 2020-м, падняць памер дапамогі па беспрацоўі да бюджэту пражытковага мінімуму (цяпер ён складае 448,99 рубля). Ірына Касцевіч яшчэ ў снежні 2019 года заяўляла, што сярод тых, каму хочуць падняць гэтыя выплаты, — беларусы перадпенсійнага ўзросту і тыя, хто жыве на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Аднак на гэтыя планы чыноўнікі таксама «забыліся».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

З праблемай нізкіх дапамог па беспрацоўі звязаная яшчэ адна фінансавая праблема — адсутнасць страхавання на дзяржаўным узроўні для тых, хто застаецца без працы. У канцы траўня 2017-га тагачасны міністр працы Ірына Касцевіч адзначала, што абмяркоўваецца ўвядзенне такога страхавання, якое дазволіць павялічыць памер дапамог. Міністр казала тады, што новы дакумент праходзіць узгадненне.

Але ў кастрычніку 2017 года Ірына Касцевіч заявіла, што пытанне ўвядзення страхавання ад беспрацоўя цяпер не разглядаецца. А ў траўні 2018 года міністр працы, адказваючы на пытанні дэпутатаў, анансавала, што ўвод страхавання ад беспрацоўя разгледзяць у наступнай пяцігодцы. З таго часу па гэтым пытанні цішыня.

Навесці парадак з пенсійнай сістэмай

У кастрычніку 2022 года ў Беларусі запусцілі чарговую пенсійную рэформу, яна датычыць дадатковай назапашвальнай пенсіі. Работнікі змогуць пры жаданні рабіць адлічэнні на другую пенсію — да 10% ад свайго заробку, а наймальнік будзе абавязаны «дакінуць» яшчэ да 3%. Прычым ёсць нюанс: працадаўца мусіць пералічваць такі ж працэнт, як і працаўнік, але не больш за 3%. Да прыкладу, калі спецыяліст кампаніі вырашыць уносіць на дадатковую пенсію 2% ад свайго заробку, то столькі ж мусіць дадаць і наймальнік. А калі работнік абярэ тарыф у 5%, то наймальнік «накіне» максімальныя 3%.

З кастрычніка 2022 года да гэтай сістэмы далучылася 28 тысяч чалавек. Гэта вельмі пасрэдны паказчык.

Ірыне Касцевіч таксама не ўдалося вырашыць хранічныя праблемы з пенсіямі. Адна з іх — страта стажу працы некаторымі работнікамі. Толькі паводле афіцыйных звестак, некалькі дзясяткаў тысяч чалавек трапілі ў так званую пенсійную пастку, яны ўжо страцілі частку стажу для налічэння пенсіі. Часцей за ўсё гэтая праблема датычыць работнікаў арганізацый, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі (банкруцтва) і якія не закрываюць пазыкі перад ФСАН. Тыя перыяды, за якія не рабіліся ўнёскі, не ўлічваюць падчас разліку памеру пенсіі.

Яшчэ адно нявырашанае пенсійнае пытанне — пенсіянеры, якія працуюць, павінныя плаціць унёскі ў ФСАН са сваіх заробкаў і страчваюць частку пенсіі. Пры гэтым у будучыні ім не робяць пераразліку гэтых выплат, калі яны перастануць працаваць на заслужаным адпачынку.

Раней прафсаюзы крытыкавалі ўрад за тое, што пенсіянерам, якія працуюць, не пераглядаюць пенсіі.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO