З 1 ліпеня беларусаў чакаюць змяненні што да пенсій: некаторых перавядуць на атрыманне гэтых выплат толькі праз банкі. Магчымасць рабіць гэта праз пошту, як цяпер, пакінуць толькі для некаторых катэгорый насельніцтва. Тым, хто да ліпеня не адкрые спецыяльныя рахункі ў банку, часова перастануць выдаваць пенсіі. У Мінпрацы расказалі, колькі чалавек можа трапіць у «пастку» — на нейкі час застацца без выплат.

Што зменіцца з 1 ліпеня?
З наступнага месяца многіх беларусаў перавядуць на атрыманне пенсій і дапамог на дзяцей праз банкі. Гэта закранае жыхароў Мінска, а таксама гарадоў абласнога падпарадкавання і райцэнтраў. Выбраць фінустанову, праз якую магчыма будзе атрымліваць гэтыя сродкі, можна самастойна. Нагадаем, цяпер беларусы на свой выбар могуць атрымліваць пенсіі і дапамогі на дзяцей праз пошту ці банкі.
Па-ранейшаму атрымліваць пенсіі праз пошту змогуць беларусы, старэйшыя за 70 гадоў, інваліды I і II групы, а таксама жыхары вясковай мясцовасці.
Раней сацслужбы папярэджвалі: каб з ліпеня атрымліваць пенсію або дапамогі ў банку, трэба да 21 чэрвеня адкрыць базавы рахунак у адной з фінустановаў. Тым, хто не адкрые такога рахунку, прыпыняць выплату грошай.
Адкрыць базавыя рахункі можна ў тым ліку ў «Белаграпрамбанку», «Беларусбанку», «Банку БелВЭБ», «Белгазпрамбанку», «Белінвестбанку», «Банку Дабрабыт», «Прыёрбанку» ці «Сбер Банку».
Колькі чалавек можа трапіць у «пастку» — застацца часова без пенсіі?
Міністр працы Наталля Паўлючэнка паведаміла, што ў цэлым па краіне новаўвядзенне па выплаце пенсій закранае каля 90 тысяч чалавек.
— На сёння больш за 90% з іх адкрылі базавыя рахункі і перайшлі, значыць, на выплату пенсій у банку. І ўсім рэкамендуем да 25 дня (чэрвеня. — Заўв. рэд.) адкрыць такія базавыя рахункі, — удакладніла кіраўніца Мінпрацы. То-бок каля 9000 чалавек рызыкуюць часова застацца без пенсій, калі не паспеюць адкрыць базавыя рахункі.
Чытайце таксама