У Беларусі не мусіць быць «бамжоў і дармаедаў», заявіў 16 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў Клімавічах на абласных «Дажынках». Паводле яго, «усе павінныя варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і на сваю сям’ю». Раней чыноўнікі заяўлялі, што могуць увесці чарговыя абмежаванні для тых, хто трапіў у базу «дармаедаў».

«Трэба, каб у чалавека разам з заробкам расла матывацыя і кваліфікацыя. Але давайце будзем адкрыта казаць. У нас усе хочуць працаваць як найлепшыя? Вось сёння яны будуць на сцэне. Далёка не ўсё… Рыхтуйцеся. Рыхтуйцеся! — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Бамжоў, дармаедаў у краіне не будзе. Усе павінныя варушыцца, працаваць, зарабляць на сябе і на сваю сям’ю. Мы дапаможам. Мы дапаможам, дамо працоўнае месца, толькі ідзіце працаваць. Тыя, хто перашкаджае людзям жыць, мы, хлопцы і дзяўчаты, мы з вамі будзем сур’ёзна разбірацца. Не крыўдуйце».
Падрабязнасці наконт таго, што канкрэтна могуць зрабіць чыноўнікі для барацьбы з «дармаедствам», не паведамляюцца.
Нагадаем, чыноўнікі працягваюць абмяркоўваць варыянт увесці дадатковыя абмежаванні па «дармаедстве», гэтым разам — для тых, хто працуе за мяжой. Сярод іншага — зрэзаць для іх бясплатную медыцыну. Тым часам нядаўна Наталля Качанава абурылася, што некаторыя беларусы працуюць за мяжой, а ў нашай краіне лічацца беспрацоўнымі і «сядзяць на сацыяльным забяспечанні». Дасталася і сем’ям такіх людзей: маўляў, таксама «карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі выгадамі ў Беларусі». Асабліва чыноўнікі акцэнтуюць увагу на дальнабойшчыках.
Тыя, хто трапляе ў «дармаедскую» базу, поўнымі тарыфамі аплачваюць ацяпленне, гарачую ваду і газ.
Чытайце таксама