Экс-камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Дзмітрый Паўлічэнка з 90-х аддана служыў Аляксандру Лукашэнку. Мужчыну лічаць датычным да знікненняў і імаверных забойстваў апанентаў улады на мяжы стагоддзяў. «Люстэрка» з дапамогай каманды BELPOL праверыла, якую маёмасць змог займець сілавік (паводле звестак на сярэдзіну 2021 года). Але падчас пошуку гэтай інфармацыі высветліліся вельмі цікавыя факты пра малодшага брата Дзмітрыя — Аляксея. Ён доктар, працаваў у папраўчай калоніі № 1 у Мінску, даслужыўся да начальніка рэспубліканскай бальніцы для асуджаных. Але ў 2010 годзе яго кар’ера ў медустановах пенітэнцыярнай сістэмы скончылася — гэта супала з тым, што на медыка завялі крымінальную справу за крадзеж транквілізатара. Журналіст «Люстэрка» пагаварыў з абодвума мужчынамі — вось што ўдалося высветліць.

Хто такі Дзмітрый Паўлічэнка
Ураджэнец Віцебска Дзмітрый Паўлічэнка прыйшоў на службу ва ўнутраныя войскі МУС Беларусі ў сярэдзіне 90-х. Нагадаем, гэта былі першыя гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. У 1999 годзе кар’ера мужчыны пайшла ўверх, ён стаў камандзірам спецыяльнага атрада хуткага рэагавання — САХР (в/ч 3214 у Мінску).
Паўлічэнка, як расказвалі сведкі, узначальваў «эскадрон смерці», які займаўся ліквідацыяй злодзеяў у законе, а потым і апазіцыянераў. Дзмітрыя падазраюць у датычнасці да гвалтоўных знікненняў экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Гэтыя абвінавачанні на сёння не даказаныя, тым не менш Дзмітрый Паўлічэнка з пачатку 2000-х уключаны ў спіс тых, каму забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза і ЗША.
Апошняя пасада, якую займаў Паўлічэнка, — намеснік камандзіра корпуса аховы грамадскага парадку ўнутраных войскаў МУС па баявой падрыхтоўцы. На яе ён быў прызначаны ў лістападзе 2008 года, а ў сакавіку 2009-га пакінуў вайсковую службу праз хваробу.
У адным з інтэрв'ю Дзмітрый Паўлічэнка заяўляў, што гатовы выканаць любы загад Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер 58-гадовы адстаўны палкоўнік узначальвае асацыяцыю ветэранаў спецназа МУС «Честь», часам ён з’яўляецца ў медыяполі. У жніўні 2020 года, калі ў Беларусі былі масавыя пратэсты, ён кіраваў затрыманнямі на праспекце Пераможцаў у сталіцы.
А што з маёмасцю
«Люстэрка» з дапамогай каманды BELPOL праверыла, у якіх умовах жыў і што за гады службы займеў Дзмітрый Паўлічэнка. Забягаючы наперад, скажам, што, паводле звестак на сярэдзіну 2021 года высветлілася: ніякай маёмасці на палкоўніка зарэгістравана не было.
Спецназавец шмат гадоў быў прапісаны па адрасе 2-і завулак Прылуцкі, 3, у Мінску — там знаходзіцца інтэрнат супрацоўнікаў унутраных войскаў МУС.

Пасля адстаўнік быў прапісаны ў трохпакаёвай кватэры ў 1-м корпусе дома 3 на вуліцы Русіянава ў Мінску (гэта стандартная панельная дзевяціпавярхоўка). Трохпакаёўка плошчай амаль на 60 «квадратаў» у 2003-м паводле дамовы куплі — продажу была зарэгістраваная на сына Паўлічэнкі — Арцемія (дарэчы, ён таксама служыць у міліцыі). Адзначым, што хлопец нарадзіўся ў 1996 годзе, значыць, на момант афармлення жылля яму было каля сямі гадоў.

Паводле нашай інфармацыі, Дзмітрый Паўлічэнка часта бывае ў Лепелі. Там ён жыве ў прыватным доме № 9 на вуліцы Піянерскай. Жыллё размешчанае на першай лініі ад Лепельскага возера, і, мяркуючы з выявы са спадарожніка, мае свой прычал.
Дом уяўляе сабой аднапавярховы бярвеністы будынак, яго агульная плошча — крыху больш за 75 «квадратаў», жылая — амаль 50 «квадратаў». За аб’ектам замацаваныя таксама лазня, альтанка, прыбіральня, хлеў, два падстрэшкі, дзве веранды, мансарда.

Гэтая нерухомасць была занесеная ў рэгістрацыйныя базы ў 1983 годзе, але хто тады быў яе ўласнікам, невядома. З 2008 года яна аформленая на сына палкоўніка Арцемія, жыллё перайшло яму паводле дамовы дарэння (тады яму было 12 гадоў).
Брат з «неспакойнай» біяграфіяй
Калі мы вывучалі інфармацыю пра Дзмітрыя Паўлічэнку, то натыкнуліся на цікавы факт. Высветлілася, што ў яго ёсць брат Аляксей, на шэсць гадоў маладзейшы. Паводле адукацыі ён доктар-педыятр, у 1995 годзе скончыў педыятрычны факультэт Медыцынскага інстытута ў Мінску. У інтэрв'ю ён расказваў, што быў размеркаваны судмедэкспертам у Магілёўскую абласную бальніцу, але заўсёды хацеў быць дэрматавенеролагам.
Пасля мужчына стаў працаваць у сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў. Ён пачынаў службу доктарам-дэрматолагам у папраўчай калоніі № 1 на вуліцы Кальварыйскай у Мінску. Потым Аляксей Паўлічэнка стаў начальнікам аддзялення ў той жа медустанове, дарос да намесніка начальніка рэспубліканскай бальніцы для асуджаных (яна знаходзілася на тэрыторыі калоніі) і, нарэшце, начальніка бальніцы.
Аляксей даслужыўся да звання падпалкоўніка ўнутранай службы і ў 2010 годзе быў звольнены адтуль з уласнага жадання. Гэта супала з тым, што ў тым самым годзе на яго завялі крымінальную справу, а пазней, у 2011-м, папраўчая калонія № 1 на Кальварыйскай была ліквідаваная, пазней тут з’явіцца новы жылы комплекс «Каскад».

У матэрыялах крымінальнай справы гаварылася, што ў 2009 годзе Аляксей разам з яшчэ двума асобамі выкраў у рэспубліканскай бальніцы для асуджаных не менш за 20 таблетак прэпарата «Алзалам», які змяшчае небяспечнае псіхатропнае рэчыва альпразалам.
«Алзалам» — транквілізатар, супрацьтрывожны сродак. У Беларусі адпускаецца толькі па рэцэпце. Спецыяліст у псіхіятрыі расказаў нам, што гэты сродак можа выкарыстоўвацца, напрыклад, для зняцця ломкі ў нарказалежных людзей, «але не для кайфу».
У выніку Аляксея Паўлічэнку прызналі вінаватым па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, суўдзел у злачынстве, крадзеж наркатычных сродкаў (псіхатропных рэчываў), незаконны абарот наркатычных сродкаў. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 2 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама далі штраф на 100 базавых велічынь. Тады гэта было 3 500 000 недэнамінаваных рублёў (або 350 дэнамінаваных). Прысуд быў адтэрмінаваны на два гады.
Пасля гэтага Аляксей працаваў у Рэспубліканскім цэнтры павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў лясной гаспадаркі. А са студзеня 2020 года ён уладкаваўся на пасаду начальніка медыцынскага пункта на стадыёне «Дынама» ў Мінску. Пра сваю кар’еру мужчына расказваў у артыкуле, размешчаным на сайце спартыўнай установы. Ён згадваў і службу ў сістэме МУС, але пра прычыны звальнення не расказваў.
Адзначым, што паводле звестак на сярэдзіну 2021 года на Аляксея Паўлічэнку таксама не было запісана ніякай маёмасці.
Што кажуць браты Паўлічэнкі
Мы патэлефанавалі Дзмітрыю і Аляксею Паўлічэнкам, каб спытаць, як так атрымалася, што пасля службы ў МУС у іх, паводле звестак на сярэдзіну 2021-га, не было ніякай маёмасці. Таксама нас цікавіў момант, звязаны з крымінальнай справай на малодшага брата.
Дзмітрый адказаў, што ў яго жыцці цяпер усё нармальна і ніякіх праблем няма. А што да адсутнасці маёмасці пасля шматгадовай службы, то ён адказаў, маўляў, «хто якія мэты пераследаваў». Адносна дома ў Лепелі мужчына пацвердзіў нашую здагадку, што той дастаўся яму ад родных.
— З сынам жыву. У мяне годная пенсія, дзяржава годна мяне ацаніла, дзякуй богу, — сказаў Дзмітрый.
Праўда, пра тое, які ў яго памер пенсіі, палкоўнік казаць не захацеў, каротка адзначыўшы — «добрая».
Калі гаворка зайшла пра крымінальную справу ў дачыненні да малодшага брата, Дзмітрый стушаваўся і стаў зусім нешматслоўным.
— Па-мойму, там нічога так і не ўдалося… — нібыта замарудзіў суразмоўца, а потым працягнуў: — Я не ведаю, не чуў нічога пра гэта, гэта нейкія чуткі, плёткі.
Пасля гэтага мужчына сказаў, што «зразумеў, з кім размаўляе», развітаўся і, не чакаючы адказу, паклаў слухаўку.
Аляксей Паўлічэнка ў тэлефоннай размове аказаўся яшчэ менш гаваркім.
— Я не хачу пра гэта ўспамінаць. Судзімасць ужо знятая, што было, тое было, быллём парасло. Але вы пра мяне, калі ласка, не пішыце. Выбачайце, да пабачэння, — адказаў мужчына і завяршыў званок.
Чытайце таксама