Лукашэнка зноў узяўся наводзіць парадак у фінансах адной са сфер. Патрабуе, каб «родных і каханак утрымлівалі за свае грошы»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Аляксандр Лукашэнка чарговым разам азадачыўся, наколькі эфектыўна ў Беларусі выдаткоўваюць сродкі на развіццё спорту, у прыватнасці гульнявых відаў. Гэтае пытанне ён падняў 4 красавіка на нарадзе пра падтрымку арганізацыям фізічнай культуры і спорту. «Падыход непарушны: даяце вынік — атрымліваеце грошы, і перш за ўсё годную заработную плату. Няма выніку — няма грошай», — заявіў палітык, гаворачы пра фінансаванне спорту.

Совещание по развитию спорта в Беларуси, 4 апреля 2025 года. Фото: president.gov.by
Нарада па развіцці спорту ў Беларусі, 4 красавіка 2025 года. Фота: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава вылучае велізарныя сродкі на ўдасканаленне інфраструктуры, вызначэнне прэферэнцый, дзіцячы спорт. «Скажу шчыра. Калі б мы пайшлі заходнім шляхам, за што многія выступаюць, сёння б спорту ў краіне не было. І вас бы не было, прабачце за гэта. Я гэтым хачу паказаць не тое, што якія мы вялікія і многае зрабілі, а тое, што аддачы вобмаль ад гэтых укладанняў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго, у асобных відах спорту беларусы паказваюць добрыя вынікі: у скачках на батуце, мастацкай гімнастыцы, веславанні на байдарках і каноэ, барацьбе.

«Я гатовы абмяркоўваць і нераўнамернасць укладанняў у асобныя віды спорту, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Шмат хто кажа: усё ў хакей ідзе ці ў футбол, а нам — не. Над гэтым таксама трэба падумаць. І трэба разумець, што тыя грошы, якія мы выдаткоўваем ці вы выдаткоўваеце на спорт, — гэта не мае і не вашыя грошы. Гэта народныя грошы. І ў народа ёсць пытанні: калі нашыя каманды перастануць калекцыянаваць паразы, а пачнуць радаваць заўзятараў яркай гульнёй і галоўнае — перамогамі?»

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, што зрабілі для навядзення парадку перш за ўсё ў гульнявых відах спорту і што яшчэ неабходна зрабіць, як выконваюцца яго даручэнні і кантралююцца дзяржаўныя грошы, якія скіроўваюцца клубам і федэрацыям.

«Не праблема сёння паглядзець, куды ідуць гэтыя грошы. Родных, блізкіх, каханак вы, калі ласка, утрымлівайце за свае грошы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Наколькі справядліва і па-гаспадарску клубы распараджаюцца сродкамі ці проста іх тупа асвойваюць? На якія мэты скіроўваюць фінансы? Мы за спартыўныя аб’екты, якія каштуюць мільярды рублёў, спытаем з Міністэрства спорту».

У той жа час палітык звярнуў увагу: «Спорт у нашай краіне атрымліваў і будзе атрымліваць неабходную падтрымку, але кожны ўкладзены рубель мусіць даваць аддачу. Не будзе ніякіх грошай, калі не будзе прагрэсу».

«Вось менавіта так будзем рабіць. Патрэбны, мужыкі, вынік. Не будзе выніку — толку не будзе, — падкрэсліў палітык і дадаў, што гэта датычыць і іншых сфер: — Не можа быць так, што я скуру здымаю з урада, з новага прэм’ер-міністра: дай эканоміку. Ці з кіраўніка адміністрацыі: выдай арганізацыю і іншае. Ці сацыяльную сферу з віцэ-прэм'ера. А вы будзеце хадзіць на расслабоне. Такога ж не бывае. Таму ёсць адзін крытэр. Ёсць вынік у эканоміцы — добра працуе ўрад, Нацыянальны банк. Ёсць вынік у спорце — добра».

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова звяртаў увагу на фінансаванне спорту і ўзровень заробкаў у гэтай сферы. Да прыкладу, 3 сакавіка на нарадзе ва ўрадзе палітык, звяртаючыся да міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука, выказаў незадаволенасць заробкамі трэнераў.

Чытайце таксама