Кіраўнікі Мінадукацыі і прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі заявілі, што беларускія настаўнікі зарабляюць у сярэднім 1400 рублёў на 1,25 стаўкі, а могуць і дзве тысячы ў месяц. Пры гэтым Белстат апублікаваў дадзеныя па заробках у сферы адукацыі за верасень, і яны там прыкметна ніжэйшыя — 1090 рублёў. «Люстэрка» спытала педагогаў з розных рэгіёнаў, колькі яны атрымліваюць за працу з дзецьмі, і многіх з іх вельмі здзівілі словы чыноўнікаў.

Імёны ўсіх нашых суразмоўцаў змененыя.
«Знаходзячыся з раніцы да вечара ў школе, я, бывала, атрымлівала 750−800 рублёў, з іх прэмія — 16»
Крысціна — малады спецыяліст-матэматык і класны кіраўнік у адной з мінскіх гімназій. Дзяўчына расказвае, што за сваю працу ў мінулым навучальным годзе атрымлівала ў раёне 1000 рублёў, рэдка — 1100.
— У мяне нагрузка 21 гадзіна, гэта стаўка. А вось у калегі, хоць яна не малады спецыяліст, як я, пры нагрузцы больш за 30 гадзін выходзіла 700 рублёў, а часам і менш. У «англічанак» на стаўку таксама зарплата ніжэйшая, чым мая, рублёў на 200. Але тут яшчэ можна неяк супаставіць розніцу — напрыклад, у іх няпоўны клас, менш напружаная праца. А вось з дзяўчынкай-матэматыкам мне было наогул незразумела, як так выйшла.
За верасень 2022-га Крысціне заплацілі 950 рублёў, таму дзяўчыну здзівілі заявы чыноўнікаў.
— Прычым працы ў мяне было больш, чым звычайна ў мінулым навучальным годзе. І пакуль у нас на гэта скардзяцца ўсе настаўнікі. За класнае кіраўніцтва таксама пачалі даваць менш. Але як зарплаты лічацца, я не ведаю. Іх і прэміі ў нас размяркоўваюць завучы. Ты можаш араць як чорт, а яны палічаць, што ты слаба адпрацавала месяц, — і ў цябе мінус 100 рублёў.
Крысціне даводзіцца за свае купляць дадатковыя дапаможнікі для ўрокаў. Кіраўніцтва кожны раз абяцае ёй пакрыць гэтыя грошы, але кампенсацыі ў разліковым спісе, паводле яе словаў, адрозніваюцца ад рэальных выдаткаў.
— Як у матэматыка ў мяне куча зборнікаў. Сёлета выдаткавала на іх 70 рублёў. Кампенсавалі мне за гэта 7. І яшчэ 30 я павінная здаць на нейкую падпіску, гэта адбываецца раз на паўгода. Прычым мы не пералічваем адразу на рахунак, а прыносім у канверцік. Куды гэтыя грошы ідуць, ніхто не разумее, таму што часопісаў мы так і не ўбачылі. І тут адміністрацыя таксама кажа, што грошы за падпіску нам вяртаюцца, але ў выніку, зноў жа, за метадычную літаратуру могуць накінуць рублёў 7 раз на паўгода.
У настаўніцы матэматыкі з Брэсцкай вобласці Аліны цяпер 25 навучальных гадзін і класнае кіраўніцтва. За верасень яна атрымала каля 1000 рублёў, хоць і брала дзень за свой кошт. Такой суме дзяўчына нават радуецца — яна калісьці акурат працавала ў сталіцы і атрымлівала менш.
— Для мяне, улічваючы, што гэта першы месяц навучальнага года, гэта добры заробак. У Мінску нагрузка была большая — амаль дзве стаўкі. І, знаходзячыся з раніцы да вечара ў школе, я, бывала, атрымлівала 750−800 рублёў, з іх прэмія — 16 рублёў. Іншыя дзяўчаты маглі і па 600−650. Гэта вельмі нізкія заробкі, я мяркую, для такога горада гэта наогул смешна. І ў той школе, памятаю, нават калі спытаеш у бухгалтэрыі, як так атрымалася, ніхто нічога не адказваў. Не скажу, што мне цяпер тысячы хапае на ўсё, але я ведаю, што ў наступныя месяцы буду атрымліваць больш, таму што пойдуць надбаўкі, дадатковыя прэміі за нешта, а тут аплачваюцца паходы кудысьці з дзецьмі або тыя ж конкурсы. Думаю, 1200 буду атрымліваць на рукі. Тым больш нагрузка ў мяне нармальная, у суме — як паўтары стаўкі.
Па словах яшчэ аднаго педагога, Таццяны з Магілёўскай вобласці, у яе школе — адны з самых нізкіх заробкаў па школах райцэнтра. Дзяўчына некалькі гадоў выкладае там адну з дзяржаўных моваў.
— Прэміяльны фонд жа ўсе кіраўнікі дзеляць па-рознаму. Мабыць, у нашай настаўнікі не вартыя добрых выплат, — уздыхае жанчына. — Я тысячу не атрымлівала нават у найлепшыя часы, калі не было бальнічных, дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах і перамагалі на алімпіядах. Пры гэтым у мяне паўтары стаўкі, я класны кіраўнік. За класнае кіраўніцтва, казалі, будуць даплачваць 200 рублёў. Я бачу даплату дзесьці ў 50. Можа, у гэтую суму ўваходзіць усё тое, за што нам раней прэмію давалі?

У мінскай гімназіі ў Крысціны ёсць дадатковая адукацыя — платныя факультатывы для вучняў.
— Занятак для дзіцяці каштуе 5 рублёў, але пры гэтым, калі ў мяне будзе сядзець група з 30 чалавек, як сёлета выйшла, мне заплацяць 8 рублёў.
«У сярэднім шараговы настаўнік атрымлівае па 700−800 рублёў»
Канстанцін — намеснік дырэктара ў школе Мінскай вобласці. Паводле яго словаў, 1400 рублёў можа атрымліваць спецыяліст з вышэйшай катэгорыяй ці настаўнік-метадыст, ёсць яшчэ некалькі умоваў.
— Патрэбны стаж гадоў 25−30, праца на 1,25 стаўкі (гэта 25−30 гадзін), яшчэ класнае кіраўніцтва і ўдзел у праектах, за якія належыць надбаўка да акладу, вядзенне гурткоў. Тады можна зарабіць нават больш, па нашым раёне горада так часцей за ўсё атрымліваюць матэматыкі. А ў сярэднім, вядома, шараговы настаўнік — па 700−800 рублёў. У маёй школе адна змена, таму і зарплата крыху ніжэйшая, чым у іншых, дзе дзеці ходзяць у дзве, там сярэдняя — 800−1000 рублёў.
Паводле словаў Канстанціна, матэматыкам могуць плаціць больш, каля 1000−1100 рублёў, нават калі гэта малады спецыяліст. Мужчына тлумачыць, чаму іх зарплаты вышэйшыя, чым у іншых педагогаў-прадметнікаў.
— Матэматыкам з іх адукацыяй цяпер проста знайсці працу ў камерцыйным сектары. Таму яны лічацца рэдкімі спецыялістамі, у школах іх мала, і нагрузка на іх часам па 10−11 гадзін у дзень. Калі ва ўстанове адна змена, у такога настаўніка можа быць па сем урокаў, а дзе дзве змены — і больш. А настаўнікаў англійскай даволі шмат, таму ў іх заробак ніжэйшы па рынку, яшчэ і ў некаторых школах скарацілі колькасць гадзін замежнай мовы. Многім з іх даводзіцца падзарабляць недзе ў прыватных моўных цэнтрах.
Самому мужчыну як завучу на карту пасля выліку падаткаў звычайна прыходзіць ад 1300 рублёў. Пры гэтым ён вядзе ўрокі, факультатывы і аб’яднанні па інтарэсах. Гэтая сума нават з улікам кіраўнічай пасады значна ніжэйшая за тую, што назвала кіраўнік прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. Паводле яе словаў, некаторыя педагогі могуць зарабляць і 2100, калі акрамя прадметаў робяць яшчэ «кучу выхаваўчай працы».
Крысціна кажа, што такую суму яна як малады спецыяліст у сваёй гімназіі зарабіць дакладна не зможа.
— З тымі ж дадатковымі заняткамі — мне за іх паставілі аклад 16 рублёў за месяц. Можа, нейкаму педагогу, які тут ужо дваццаць гадоў працуе і больш каштоўны для кіраўніцтва, паставяць 150. Такой настаўніцы, можа, і будуць плаціць 1500−2000 рублёў, каб яна не сыходзіла. А для маладых спецыялістаў гэта сон — каб нармальна плацілі. Ды і настаўнікаў, якія гадамі ў гімназіі працуюць, мала: большасць імкнецца знайсці нешта лепшае.
Паводле словаў Таццяны, у яе ўжо «куча выхаваўчай работы», але названая Якубовіч сума — у два разы вышэйшая за зарплату педагога.
— У нас пастаянна нейкія конкурсы, дзеці малююць, пішуць сачыненні, у алімпіядах удзельнічаюць. Плюс яшчэ класныя мерапрыемствы. Не ведаю, куды яшчэ больш выхаваўчай працы. У гэтым месяцы я атрымала каля 950 рублёў. Але бруднымі — так, выходзіць столькі, колькі і сказала міністр!
Канстанцін як намеснік дырэктара школы таксама кажа, што такіх сумаў у сваіх падначаленых не бачыў, як і ў знаёмых дырэктараў са школаў рэгіёна.
— Гэта нават у тых, якія самі вядуць урокі (дырэктар можа ўзяць не больш за 10 гадзін на месяц), у іх ёсць нагрузка і прэміі. Максімум — 1900, і тое да Дня настаўніка ці да Новага года. А настаўнік такі заробак на маёй памяці атрымліваў, можа, пару разоў, і тое, аднаразова, за перамогу ў якой-небудзь алімпіядзе, і там чалавек з катэгорыяй. У дзяржаўнай школе штомесяц ён наўрад ці столькі заробіць.

«Уявіце: больш за сотню сшыткаў кожны тыдзень. Правяраць іх магу да раніцы»
У Крысціны катэгорыі пакуль няма, але, калі яна яе атрымае, дзяўчыне паабяцалі невялікую надбаўку — каля 50 рублёў на месяц. Таццяна таксама збіраецца прайсці атэстацыю.
— Другую катэгорыю яшчэ варта атрымаць — па акладзе ў мяне будзе на 30 рублёў больш. З першай катэгорыяй — на 50. А на вышэйшую ў нас педагогі катэгарычна не хочуць ісці: пачынаюцца конкурсы і з дзецьмі, і для цябе самога як педагога, выступленні на гарадскім узроўні са сваімі ўрокамі. Ты адразу становішся шмат што павінны. Таму калі дзесьці добрыя надбаўкі за гэта, можа, катэгорыя неяк і адчуваецца. А калі ў мяне прэмія — 10%, асабліва мне яна нічога не дасць.
Паводле словаў Канстанціна, многія педагогі сапраўды не хочуць праходзіць атэстацыю на вышэйшую катэгорыю.
— У раёне пераважная большасць настаўнікаў — з першай, гэта людзі 30−45 гадоў. Але звычайна ніхто не хоча гэтым займацца, таму што гэта вельмі гемаройны працэс. Для той жа вышэйшай трэба ехаць у Мінск і здаць складаны экзамен, а яе могуць і не даць. Звычайна гэта робяць настаўнікі, якія ўжо старэйшыя за 45 гадоў.
Крысціна кажа, што ў другой палове навучальнага года ёй дададуць яшчэ некалькі працоўных гадзін. У дзень будзе па пяць урокаў матэматыкі, з класным кіраўніцтвам можна забыцца на ўсе форткі — «ты ўвесь час носішся з паперкамі, вырашаеш кучу пытанняў». Пакуль яна знаходзіцца ў школе з 8 раніцы да трох гадзін дня, а некаторыя калегі, з яе словаў, сядзяць да пяці вечара.
Пасля ўрокаў яшчэ трэба правяраць сшыткі вучняў. Паводле словаў Крысціны, тут школа аплачвае настаўніку дзве гадзіны ў дзень, кошт кожнай — адзін рубель. За гэты час яна паспявае праверыць адзін клас, застаюцца сшыткі яшчэ чатырох — на іх дзяўчына выдаткоўвае свой асабісты час. У яшчэ аднаго матэматыка, Аліны, таксама ідзе на гэта ў два разы больш часу. Але яна вызваляецца раней.
— У цэлым, тут мне нармальна, таму што я стабільна кожны дзень у 14 гадзін вольная. Так, я дома патрачу яшчэ пару на падрыхтоўку да наступнага дня, але ў мяне вольны вечар — гэта плюс. У Мінску часу наогул не было, я паспявала толькі паесці і паспаць.
Пакуль у такім рэжыме працуе выкладчыца мовы Таццяна. Ёй таксама аплачваюць толькі дзве гадзіны за пісьмовыя работы.
— А правяраць я часам магу іх і да дзвюх ночы, і да чатырох раніцы. Уявіце: больш за сотню сшыткаў кожны тыдзень. А калі яшчэ тыя ж сачыненні, кантрольныя — дзве гадзіны, учытваючыся і ўдумваючыся ў тое, што напісала дзіця, гэта толькі на паўкласа. У гэтым рытме я не ведаю, што такое выходны.

Яшчэ ў вольны час педагогам перыядычна трэба кудысьці вадзіць вучняў у рамках пазашкольнай занятасці.
— Вось трэба адвесці дзяцей у музей, — прыводзіць прыклад Крысціна. — На гэта па журнале вылучаюцца не больш за дзве гадзіны — столькі мне і аплацяць. За гэты час у Мінску адвезці кудысьці дзяцей практычна нерэальна: дарога туды і назад, сама экскурсія, потым чакай, пакуль дзяцей забяруць дадому, калі яны маленькія. Мінімум ужо чатыры выходзіць. А калі гэта кіно? Яшчэ там дзве гадзіны праседзіш. Уваходны білет і праезд — за свой кошт. Настаўнікі пастаянна скардзяцца на гэта, але ў кіраўніцтва адзін адказ: вы ў дзяржаўнай установе і павінныя рабіць тое, што вам сказалі.
Паводле словаў Канстанціна, класныя кіраўнікі ў яго раёне часта скардзяцца на высокую персанальную адказнасць, прычым не за тое, якія веды іх вучні атрымліваюць.
— Тут ужо не варта казаць пра дадатковыя факультатывы і гурткі — дастаткова весці клас, каб увесь тыдзень у цябе быў заняты. Трэба пастаянна наведваць бацькоў, правяраць у іх пажарныя апавяшчальнікі ў дамах, наведваць сем'і ў сацыяльна небяспечным становішчы. Калі адбываецца нейкая пазаштатная сітуацыя, напрыклад, суіцыд, праваахоўныя органы могуць выклікаць класнага на допыт. Ці нават калі прыстойны бацька атрымаў штраф, што ішоў у нецвярозым стане па вуліцы, школа таксама ўдзельнічае ў праверцы, класнаму трэба даць характарыстыку сям'і, ацаніць жыллёвыя ўмовы.
«Не было такога, каб я ў нядзелю нічога не рабіла па працы»
Аліне ў Брэсцкай вобласці з яе заробкам стала прасцей: жыллё там таннейшае, выдаткі ніжэйшыя, чым у сталіцы, настаўніку хапае яшчэ на хацелкі. Крысціна таксама жыве на здымнай кватэры, кошт арэнды ў 860 рублёў дзеліць са сваім маладым чалавекам. Але пакуль жыць на адзін заробак настаўніка ў яе не выходзіць — пасля школы дзяўчына падзарабляе як рэпетытар.
— Заробак хлопца мы адкладаем, а на мой стараемся жыць. Але гэтага не хапае — успомніце, якія цэны былі ўвесь мінулы год. Толькі на камунальныя ідзе палова авансу. Пра пакупкі для сябе накшталт адзення або касметыкі можна наогул забыць. Таму ўвесь мой вольны час ідзе на рэпетытарства. Вяртаюся дадому са школы, і праз паўгадзіны ў мяне пачынаюцца заняткі з дзецьмі, у дзевяць вечара я ўстаю з-за стала, у дзесяць іду спаць, а раніцай зноў на працу. І так кожны дзень.
Калі дзеці ходзяць пастаянна, 700−800 рублёў можна зарабіць. Але на адно рэпетытарства нельга разлічваць: то ты хварэеш, то вучні, то яны прапускаюць. Такая сума выходзіць рэдка. Але многія так выкручваюцца — хтосьці на курсах падзарабляе. А тым, у каго маленькія дзеці, наогул не ўяўляю як.

Паводле словаў Канстанціна, з гэтых прычын маладыя спецыялісты часта надоўга не затрымліваюцца і сыходзяць, калі заканчваецца адпрацоўка.
— Яны не вытрымліваюць узроўню стрэсу. Іх заробак без катэгорыі можа даходзіць да 600 рублёў. Каб ён быў вышэйшы, такім настаўнікам даюць больш нагрузкі, таму яны за два гады вельмі стамляюцца.
Таццяна таксама лічыць, што ў яе школе заробак у настаўнікаў не адпавядае нагрузцы. Таму жанчына збіраецца сыходзіць, калі выпусціцца яе цяперашні клас, і мяняць прафесію.
— Усе пытаюцца: «Ой, як ты працуеш з дзецьмі?» Ды з дзецьмі працаваць — гэта самае простае, калі ты іх любіш, а яны любяць цябе. А мне вельмі пашанцавала і з вучнямі, і з іх бацькамі, мы выдатна ладзім. Вось толькі за іх цяпер і трымаюся. Нашмат складаней з паперкамі. Я люблю свой прадмет, але ў мяне па факце няма выходных. За гэтыя гады, не лічачы адпачынку, не было такога, каб я ў нядзелю нічога не рабіла па працы. Дні нараджэння, святы — усё роўна сядзіш і правяраеш. Яшчэ цяпер шмат зменаў у праграме для мовазнаўцаў — трэба ўпіхнуць дадатковыя сачыненні, пераказы, а тлумачыць тэмы і правілы вучыць калі? Выходзіць, ты ўвесь час пішаш-правяраеш, а аплата праверкі сшыткаў не павышаецца.
У Таццяны падрастае дзіця, яна хацела б вадзіць яго на дадатковую падрыхтоўку, але не паспявае фізічна, муж праз сваю занятасць таксама падстрахаваць не можа.
— Цяпер я ўжо разумею, што перада мной выбар — або сям’я, ці праца. І яно таго не вартае. Калі б зарплата была годнай і я разумела, дзеля чаго ўсё гэта, — іншая рэч. Але атрымліваецца не праца, а дабрачыннасць. Фразаў пра пакліканне я ўжо наслухалася. Гэтыя казкі са мной ужо не працуюць. Таму што гэта пастаянная перагрузка, мігрэні, вечнае дрыжанне вачэй і патрабаванняў. Цяпер я разумею, што менш чым на 1500 рублёў чыстымі я ў школу не пайду.