У Беларусі ствараюць міжведамасную камісію для працы з грамадзянамі, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Пра гэта расказаў генеральны пракурор Андрэй Швед, перадае БЕЛТА.

«Прынятае прынцыповае рашэнне: будзе створаная міжведамасная камісія, якую ўзначаліць генеральны пракурор. У склад гэтай камісіі будуць уключаныя прадстаўнікі грамадскасці, дэпутацкага корпуса, службовыя асобы дзяржаўных органаў. Тыя, хто знаходзіцца за мяжой, хоча вярнуцца на радзіму, але чагосьці баіцца, будуць мець магчымасць звярнуцца (інфармацыя будзе размешчаная ва ўсіх сродках масавай інфармацыі) у камісію і атрымаць адпаведныя тлумачэнні — наконт магчымасці вярнуцца, наконт наяўнасці альбо адсутнасці нейкіх прэтэнзій з боку дзяржаўных органаў да гэтай канкрэтнай асобы», — расказаў Швед.
Чакаецца, што міжведамасная камісія запрацуе найбліжэйшым часам: распрацоўваецца адпаведны праект указа Лукашэнкі, які ён даручыў падрыхтаваць «у самыя кароткія тэрміны».
«Многія ж сапраўды ні ў чым не абвінавачваюцца, не падазраюцца. Але ім так, вобразна кажучы, прамылі мазгі, што яны самі сабе нешта выдумалі. Таму нават у першую чаргу яны павінныя да нас звярнуцца, і мы павінныя сказаць гэтаму чалавеку: да вас няма прэтэнзій, можаце спакойна вярнуцца ў краіну і жыць добрым жыццём. Гэта адна катэгорыя асоб. Іншая катэгорыя — якія самі дакладна ведаюць альбо сумняваюцца, адчуваюць, што нешта ёсць. Мы тады пераправяраем усю інфармацыю і кажам: вы здзейснілі такія і такія злачынствы або падазраяцеся, абвінавачваецеся, ёсць такія і такія прававыя механізмы. У выпадку раскаяння, напрыклад, звярнуцца праз памілаванне, іншыя спосабы. Усё ў межах закона», — растлумачыў Швед.
«Рашэнні будуць прымацца станоўчыя ў дачыненні да тых асоб, якія не здзяйснялі злачынстваў, не замахваліся на наш канстытуцыйны лад, якія раскаяліся і сапраўды хочуць вярнуцца і жыць мірным і спакойным жыццём у нашай краіне. І нават у дачыненні да тых, хто здзейсніў злачынства, мы з пункту гледжання закона ў індывідуальным парадку будзем прымаць рашэнні ў дачыненні да тых, хто раскаяўся (у нас дастаткова прававых механізмаў). То-бок кожнаму будзе дадзены шанец вярнуцца дадому і жыць мірна і спакойна. Але калі здзейсніў злачынства, у адпаведнасці з законам будзе прымацца рашэнне, як і ў любой іншай прававой дзяржаве», — дадаў ён.
Нагадаем, пра стварэнне такой камісіі Аляксандр Лукашэнка заяўляў яшчэ ў студзені 2022 года падчас паслання беларускаму народу і парламенту.
«Перш чым вы, каму трэба, хто гэтага заслужыў па законе, адседзіце ў месцах не так аддаленых, мы створым грамадскую камісію. Ну, напрыклад, сустаршынямі могуць быць генеральны пракурор ну і наш вяшчальнік — Рыгор Азаронак. Два сустаршыні. І будзем арыентавацца на рашэнні гэтай камісіі. Туды ўвойдуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, нашыя парламентарыі, дэпутаты і сенатары. І мы гатовыя вырашаць гэтую праблему», — заяўляў ён год таму.
Праз месяц ён яшчэ раз заявіў пра стварэнне камісіі ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву.
«Я ж сказаў: будзе створаная грамадская камісія. Спецыялісты і тыя, каго яны забіць хацелі, журналістаў. Гэта ж праўда. Вось яны прымуць рашэнне. Прымуць рашэнне сядзець — будуць сядзець», — сказаў ён Салаўёву ў лютым 2022 года.