Опубликовано 29 мая 2024 у 08.42
Адрес в интернете: https://zerkalo-io-read.online/news/life/69345.html    

Жыхары Мінска скардзяцца на агрэсіўных варон. Арнітолагі пракаментавалі сітуацыю

Жыхары Менска абмяркоўваюць у чатах дамоў выпадкі нападу варон на людзей у дварах — птушкі атакуюць мінакоў і дзяўбуць іх. Чаму птушак стала больш і ў чым прычына агрэсіўных паводзін, растлумачылі арнітолагі, паведамляе «Мінск-Навіны».

Серая ворона. Фото: pixabay.com
Шэрая варона. Фота: pixabay.com

Паводле навукоўцаў, вароны маюць развіты інтэлект і без прычыны не будуць набліжацца да людзей.

«Праблема ў тым, што гэтыя птушкі не баяцца людзей, бо тыя стварылі ўмовы пастаяннага падкормлівання, выкідваючы харчовыя адходы. Вароны з часам адаптаваліся да таго, што чалавек для іх не вельмі вялікая пагроза, таму ўспрымаюць яго практычна як роўнага і могуць атакаваць, — расказаў навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі пры НАН Беларусі Іван Багдановіч.

Ён дадаў, што гэта дзікія істоты, яны старажытнейшыя, чым чалавек, і гэта іх тэрыторыя.

«Мы прыйшлі на іх тэрыторыю, мы ствараем умовы для канфліктных сітуацый: не закрываем смеццевых бакаў, выкідаем лішкі ежы, якія прыцягваюць жывёл, а яны, у сваю чаргу, рэагуюць на пагрозы з боку чалавека», — удакладніў Багдановіч.

Адзначым, што гэта не першы раз, калі мінчукі скардзяцца на напады варон. Такая сітуацыя паўтараецца перыядычна амаль кожны год. Паводле звестак сайта «Дзiкая прырода побач», у сярэдзіне траўня і ў чэрвені ў шэрых варон птушаняты пачынаюць выскокваць з гнязда. Злёткі хаваюцца ў траве, а бацькі часам іх самааддана абараняюць.

«Важна памятаць: як бы страшна ні выглядала варона, якая атакуе, для вас яна менш небяспечная, чым вы для яе. Птушка ў стрэсе і выдаткоўвае шмат сіл, каб прагнаць вас ці вашага сабаку з гнездавога ўчастка, замест таго каб карміць птушанят. Птушаняты ў гэты час не маюць чорных гальштукаў, характэрных для бацькоў, і звычайна кепска лётаюць», — тлумачыцца на сайце.

Такі перыяд доўжыцца звычайна каля тыдня, і ў гэты час лепш за ўсё абыходзіць гнездавы ўчастак: так будзе спакайней і людзям, і птушкам. Калі ўсё ж ніяк нельга абысці ўчастак, то ісці варта толькі па дарожцы, не заходзячы на траву.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO