Папулярны ў дзяцей блогер Дзім Дзімыч (ён жа Дзмітрый Сіўчык) напісаў заяву ў міліцыю на прарасійскую актывістку Вольгу Бондараву. Пра гэта прапагандыстка паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

«Сябры, Сіўчык накатаў на мяне заяву ў міліцыю. Ну не д***л (чалавек са слабай ступенню разумовай адсталасці. — Заўв. рэд.)?» — напісала Бондарава.
Падрабязней пра скаргу расказаў у сваім тэлеграм-канале паплечнік прапагандысткі Цімур Прахін. Паводле яго інфармацыі, Дзмітрый Сіўчык «звярнуўся да праваахоўнікаў» з «заявай пра паклёп».
Дзім Дзімыч — папулярны беларускі блогер, у якога мільёны падпісчыкаў у сацсетках. Яго аўдыторыя — у асноўным школьнікі падлеткавага ўзросту. Летась «Еўраопт» запусціў рэкламную кампанію з яго ўдзелам. Гэта разгневала гродзенскую прапагандыстку Вольгу Бондараву і яе аднадумцаў. Яны звярнулі ўвагу на тое, што дзім Дзімыч з’яўляецца ў сваіх роліках у вопратцы ружовага колеру. Акрамя таго, яны знайшлі ў сетцы жартаўлівыя ролікі блогера ў сукенцы. Усё гэта пераканала іх у тым, што Дзім Дзімыч нібыта займаецца «прапагандай ЛГБТ». Не выратавалі блогера ні выступы на праўладных канцэртах, ні ўхвальныя водгукі ад БРСМ, ні «пакаяльнае» інтэрв'ю ў прапагандыста Рыгора Азаронка.
Абураная Бондарава напісала калектыўныя скаргі на калабарацыю «Еўраопта» з Дзім Дзімычам у МУС, МАРГ і Мінадукацыі. Пасля гэтага кампанія прыбрала блогера з рэкламы школьных тавараў і даслала Вользе Бондаравай ліст, у якім запэўніла прапагандыстку ў сваіх агульных з «беларускім народам» культурных і палітычных памкненнях.
Аднак гэта не супакоіла прапагандыстку. Бондарава дагэтуль спраўна піша даносы ў розныя інстанцыі на Дзім Дзімыча і іншых артыстаў, якіх падазрае ў недастатковай лаяльнасці і «прапагандзе ЛГБТ». Так, напрыклад, пасля скаргаў паплечнікаў Бондаравай быў адменены канцэрт Дзім Дзімыча ва Уладзівастоку, які мусіў прайсці 13 кастрычніка.
Чытайце таксама