Экс-рэдактар праекта NEXTA Раман Пратасевіч, які ў пачатку красавіка звольніўся з завода, знайшоў новую працу. Пра гэта ён расказаў 25 красавіка ў сваім тэлеграм-канале.

«Сёння быў мой першы дзень у якасці велакур’ера ў адным папулярным сэрвісе», — падзяліўся Раман.
Ён дадаў, што ў першы дзень адпрацаваў «усяго чатыры гадзіны, але ніжняя частка цела проста адвальваецца».
«З гэтага часу ў трэнажорцы ў мяне не будзе дня ног, адназначна», — расказаў экс-рэдактар NEXTA.
Раней Раман працаваў электразваршчыкам на Мінскім электратэхнічным заводзе (МЭТЗ) імя У.І. Казлова. 3 красавіка ён звольніўся і хацеў «вярнуцца ў журналістыку» ці «нешта сумежнае накшталт піяру або сувязяў з грамадскасцю». Аднак планы давялося перагледзець. 17 красавіка Раман апублікаваў відэа, у якім расказаў, што «літаральна ўсюды атрымлівае адмовы».
— Кіраўніцтва розных кампаній і нават у розных сферах баіцца мяне наймаць. Мне наўпрост кажуць: «Пытанне не ў прафесійных навыках, а ў тваім імені». Гэта, мякка кажучы, расціскае. Бо я не разумею, што мне рабіць, дзе мне працаваць. Я адчуваю, што ў мяне няма літаральна ніякіх перспектываў і я літаральна нікому не патрэбны, — расказаў экс-рэдактар NEXTA.
Нагадаем, Раман Пратасевіч — экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу». 23 траўня 2021 года самалёт, на якім ён ляцеў з расіянкай Соф’яй Сапегай з Афін у Вільнюс, прымусова пасадзілі ў Мінску.
Сапегу ў траўні 2022 года асудзілі на шэсць гадоў калоніі па справе «Чорнай кнігі Беларусі». Пасля 13 месяцаў зняволення яе памілавалі.
3 траўня 2023 года Пратасевіча асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі. 22 траўня таго ж года яго памілавалі.