Апошнім часам у навінах з фронту ўсё часцей побач з Бахмутам з’яўляецца назва населенага пункта Аўдзееўка. Сітуацыя тут падобная да бахмуцкай — расіяне штурмуюць горад месяцамі, ён ператвараецца ў руіны і знаходзіцца ў паўакружэнні, але не здаецца. Разбіраемся, што адбываецца на гэтым участку фронту.
Дзе знаходзіцца Аўдзееўка і чым яна важная
Аўдзееўка — невялікі горад у Данецкай вобласці, зусім побач з самім Данецкам. У шасцідзясятыя тут пабудавалі Аўдзееўскі коксахімічны завод (АКХЗ), які стаў найбуйнейшым прадпрыемствам такога профілю ў Еўропе. Гэта адна з найважнейшых вытворчасцяў рэгіёна: яшчэ да поўнамаштабнай вайны адзначалася, што ад паставак тутэйшага коксу на чвэрць залежаў металургічны завод імені Ільіча ў Марыупалі, а працяглае прыпыненне АКХЗ прывяло б да поўнага спынення выплаўлення металу на марыупальскіх прадпрыемствах.
Блізкасць Аўдзееўкі да Данецка адбілася на лёсе яе жыхароў яшчэ ў 2014 годзе: горад застаўся за Украінай, у той час як абласны цэнтр пасля Мінскіх пагадненняў працягнуў існаваць у складзе самаабвешчанай ДНР. У выніку жыхары Аўдзееўкі і да 24 лютага 2022 года жылі фактычна на лініі фронту (хай і не такой маштабнай вайны, як цяпер).

Эскалацыя пачалася ў 2017 годзе: тагачасны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка аднойчы быў вымушаны перапыніць візіт у Германію, бо ў выніку абстрэлаў горада з боку Данецка сітуацыя ўскладнілася практычна да ўзроўню гуманітарнай катастрофы — жыхары засталіся тады без вады і цяпла. Пастаянная небяспека стымулявала моцны адток насельніцтва, і калі да 2014 года тут жыло 36 тысяч чалавек, то ўжо ў 2018 годзе іх засталося каля 20 тысяч, то-бок крыху больш чым палова.
За час паміж 2014 і 2022 годам бакі канфлікту «закапаліся ў зямлю» (іншымі словамі, пабудавалі разгалінаваную сетку акопаў, траншэй, бліндажоў і іншых абарончых збудаванняў), узвялі ўмацаванні, і Аўдзееўка стала практычна крэпасцю. Пры гэтым ўладанне горадам дае, паводле ваенных экспертаў, магчымасць кантраляваць усю Данецкую агламерацыю, а расійскім і прарасійскім сілам вельмі важна адкінуць УСУ ад Данецка хаця б на 20−30 кіламетраў (з Аўдзееўкай яго раздзяляюць прыкладна 3 км).

Пасля пачатку расійскага ўварвання абстрэлы Аўдзееўкі пачаліся літаральна адразу ж — паведамлялася пра прылёты паблізу горада. Неўзабаве пачаліся спробы Расіі і самаабвешчаных рэспублік узяць населены пункт. Вясной 2022 года ўвага ўсяго свету была прыкаваная да спробаў расіян захапіць Кіеў або замкнуць кальцо вакол данбаскай групоўкі УСУ. Аднак і тут ішлі баі — да прыкладу, 24 сакавіка, праз месяц пасля пачатку ўварвання, менавіта пад Аўдзееўкай загінуў цесць вядомага палявога камандзіра Ігара Гіркіна (вядомы пад псеўданімам Стралкоў).
Што адбываецца ў Аўдзееўцы ў апошнія дні
У сакавіку 2023 года сітуацыя вакол Аўдзееўкі для УСУ ўскладнілася. Паводле звестак брытанскай разведкі, акружэнне горада стала для расійскіх і прарасійскіх фарміраванняў прыярытэтнай мэтай, і штурмы рэзка ўзмацніліся. Да апошняй дэкады сакавіка адсюль выехала амаль усё насельніцтва: засталося не больш за 2 тысячы чалавек.

27 сакавіка кіраўнік Аўдзееўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Віталь Балабаш паведаміў, што з гэтага часу населены пункт адносіцца да «чырвонай зоны» — туды забаронены ўезд цывільным, у тым ліку журналістам.
Тактычна спробы расіян узяць Аўдзееўку мала чым адрозніваюцца ад атак на Бахмут. Прарасійскія падраздзяленні спрабуюць акружыць горад, займаючы тэрыторыі вакол яго, — у выніку Аўдзееўка трапляе ў паўкальцо (такім жа чынам ідуць баявыя дзеянні вакол Бахмута, вельмі падобная нават канфігурацыя лініі фронту).

Пры гэтым расійскія і прарасійскія сілы нясуць, мяркуючы з усяго, вялікія страты, кідаючы на аўдзееўскія ўмацаванні ўсё новыя сілы і марнуючы іх у лабавых атаках. Брытанская разведка паведаміла, напрыклад, што на поўдзень ад Аўдзееўкі буйныя страты панёс 10-ы танкавы полк 3-га армейскага корпуса (гэта буйное фарміраванне стваралася з мінулага лета, і яшчэ ў жніўні 2022 года ўкраінскі ваенны аналітык Аляксандр Каваленка адзначаў, што часткі трэцяга корпуса адправяцца, імаверна, якраз на аўдзееўскі напрамак). Паводле звестак ад разведвальных службаў Вялікабрытаніі, гэтыя вайскоўцы трэніраваліся на тэрыторыі Беларусі, аднак іх баяздольнасць застаецца спрэчнай.
25 сакавіка з’явіўся відэазварот прарасійскага атрада «Шторм» з 1-га армейскага корпуса самаабвешчанай ДНР да Уладзіміра Пуціна — байцы паскардзіліся на велізарныя страты і на той факт, што на пазіцыях іх утрымліваюць з дапамогай пагрозаў забойствам. Падраздзяленне ўдзельнічала ў штурме вёскі Вадзяное на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі (гэты пункт атрад штурмуе ўжо каля чатырох месяцаў, з пачатку снежня, а ў студзені там разграмілі расійскую танкавую калону).
«Людзі кінутыя ў акопах як бамжы і заваленыя трупамі», «супраць нас выставілі загарадатрады і не выпускалі з пазіцый. Цяпер не даюць выйсці наогул нікуды, нас абяцаюць знішчыць. Нам пагражае небяспека», — кажуць людзі на відэа. Расійскае ваеннае кіраўніцтва адрэагавала: атрад вывелі ў тыл, пасля чаго тых, хто запісаў зварот, узялася дапытваць вайсковая пракуратура — ужо вядома, што двое з падраздзялення дэзерціравалі.
28 сакавіка Інстытут па вывучэнні вайны апублікаваў інфармацыю пра тое, што пад Аўдзееўку перакінулі самых дасведчаных наймітаў ПВК Вагнера (якія раней доўга штурмавалі Бахмут). Камандзір наёмных частак Яўген Прыгожын у адказ заявіў, што «вагнераўцаў» на аўдзееўскім напрамку няма. Аднак да гэтых словаў варта ставіцца з асцярожнасцю: да прыкладу, 20 сакавіка стала вядома, што менавіта пад Аўдзееўкай загінуў вядомы найміт гэтай ПВК Яўген Мальгоцін, які ваяваў разам з Ігарам Гіркіным яшчэ ў Баснійскай вайне ў 1990-я.
Аднак і ўкраінскаму боку даводзіцца цяжка — і не толькі праз інтэнсіўнасць штурмаў. У адрозненне ад атак на Бахмут і іншых пазіцыйных баёў расійска-ўкраінскай вайны, Аўдзееўку рэгулярна бамбіць расійская авіяцыя. ВКС Расіі пайшлі амерыканскім шляхам — выкарыстоўваюць для больш-менш дакладных удараў не вельмі дарагія ракеты, а кіравальныя авіябомбы з карэкцыяй па спадарожніках, якія перарабляюць са звычайных (падобна да амерыканскіх камплектаў JDAM, якія пастаўляюцца ва Украіну). Мы пісалі пра з’яўленне такіх боепрыпасаў у Расіі ў пачатку студзеня — паказаны ўзор на той момант меў вельмі дзіўны і саматужны выгляд.

Перавага такіх бомбаў у параўнальнай прастаце і таннасці камплектаў, якія ператвараюць звычайны боепрыпас у кіравальны — адпаведна, іх можна рабіць параўнальна шмат. Называюцца расійскія камплекты УМПК (універсальны модуль планавання і карэкцыі), гаварылі пра іх выкарыстанне з апошніх дзён лютага, але першы пацверджаны выпадак выкарыстання, наколькі вядома, быў 12 сакавіка. Тады бомба развалілася ў паветры, модуль карэкцыі не спрацаваў, боепрыпас упаў у прыгарадзе Данецка і не выбухнуў.
Тым не менш далёка не кожная бомба, нават груба зробленая, абавязкова зламаецца. А са спадарожнікавай карэкцыяй такія боепрыпасы могуць класціся даволі дакладна. Расійскае выданне «Медуза» правяло аналіз сітуацыі, паспрабаваўшы высветліць, чаму самалёты Паветрана-касмічных войскаў Расіі раптам сталі актыўныя пад Аўдзееўкай пасля вельмі млявага баявога выкарыстання ў першы год вайны.
Журналісты дапусцілі, што гэта можа быць звязана з масіраванымі ўдарамі па крытычнай інфраструктуры Украіны, якія наносяцца з кастрычніка. Такія налёты змушаюць УСУ адцягваць зенітныя сродкі для аховы аб’ектаў углыб краіны, часцей уключаць радары — словам, займацца ў першую чаргу абаронай, а не паляваннем на лётныя апараты Расіі. Асмялеўшы, авіяцыя РФ пачала працаваць больш актыўна, і гэта небяспечная тэндэнцыя.
Украінскі ваенны аглядальнік Канстанцін Машавец адзначаў, што актыўнасць выкарыстання карэктавальных авіябомбаў расійскім бокам сапраўды вырасла, аднак на баланс сіл у барацьбе за стратэгічную ініцыятыву гэта пакуль не ўплывае — не тыя аб’ёмы. Пры гэтым ён папярэдзіў, што, імаверна, расіяне назапашваюць кіравальныя боепрыпасы для адбіцця магчымага контрнаступлення УСУ.
Абароннае выданне Defense Express патэнцыйным сродкам барацьбы з самалётамі, якія выкарыстоўваюць «расійскі JDAM», назвала зенітныя комплексы вялікай далёкасці Patriot і SAMP/T — але адзначыла, што пытанне ў колькасці ўстановак, якія паставяць Кіеву. Patriot і іншыя падобныя сістэмы, нагадвае аўтар, патрэбныя і ў якасці элементаў супрацьракетнай абароны.
Што можа быць далей?
Мяркуючы з усяго, найбліжэйшымі днямі штурмы працягнуцца, аднак ці прывядуць яны да пакідання Аўдзееўкі УСУ, з упэўненасцю сказаць нельга. Пра Бахмут, да прыкладу, генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг яшчэ 8 сакавіка заяўляў, што ёсць імавернасць яго здачы найбліжэйшымі днямі, — прайшло тры тыдні, а гарнізон горада стаяў і стаіць. З іншага боку, гэта, вядома, не азначае, што ўзяць Аўдзееўку немагчыма: у расіян ёсць відавочнае імкненне завалодаць горадам, і рэсурсаў яны не шкадуюць.
У выпадку, калі ўкраінцы здолеюць выстаяць і не здаць Аўдзееўку, у руках УСУ застанецца важны пункт, які пануе над мясцовасцю і размешчаны блізка да Данецка, а ў тыле ўкраінскіх войскаў застанецца важнае Карлаўскае вадасховішча. Яно забяспечвае прэснай вадой найбліжэйшыя населеныя пункты і мае важнае значэнне. «Медуза» піша, што Аўдзееўка, у адрозненне ад Бахмута, уяўляе сабой кутні камень усяго ўкраінскага фронту ў цэнтральным Данбасе, стратэгічную важнасць пункта адзначае і Руская служба Бі-бі-сі.

Разам з тым некаторыя прарасійскія каналы адзначаюць, што за Аўдзееўкай ужо «накапаныя новыя ўмацавальныя раёны» і яе ўзяцце не прывядзе да сур’ёзных зменаў.
Так ці інакш, украінская армія не выказвае намераў здаваць горад, баі за які з перапынкамі ідуць ужо дзевяць гадоў. Здолеюць расіяне ўзяць Аўдзееўку (як Салядар у студзені) або шматлікія крывавыя штурмы акажуцца безвыніковымі (як адбываецца пакуль што ў Бахмуце), прадказаць цяпер немагчыма.
Чытайце таксама


