У Міністэрстве абароны Расіі заявілі пра вялікія страты УСУ на Данецкім напрамку — 310 чалавек за мінулыя суткі. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расіяне асноўныя намаганні засяродзілі на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі пра сітуацыю ў Бахмуце на сённяшні дзень.

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 399-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Сілы абароны трымаюць Бахмут, адбіваючы шматлікія атакі праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 18 авіяцыйных і тры ракетныя ўдары, правялі 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і цывільнай інфраструктуры населеных пунктаў. У выніку ракетнага ўдару па інфраструктуры горада Багадухаў Харкаўскай вобласці пацярпелі цывільныя, пашкоджаныя прыватныя дамы, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Белагораўка, Бахмут, Аўдзееўка, Мар'інка і іх ваколіцы. За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі 57 атак праціўніка на названых напрамках.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках расійскія войскі абстралялі 15 населеных пунктаў.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расійскія войскі спрабавалі наступаць у раёнах населеных пунктаў Крахмальнае, Навасёлаўскае, Стальмахоўка, Белагораўка, Верхнякаменскае і Бераставое. З артылерыі расіяне абстралялі раёны 16 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія сілы працягваюць штурмаваць Бахмут. Аднак Сілы абароны трымаюць горад, адбіваючы шматлікія атакі праціўніка. За мінулыя суткі расіяне безвынікова спрабавалі наступаць у раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка, Багданаўка, Іванаўскае, Прадцечына і Азаранаўка Данецкай вобласці. Абстралялі 13 населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках праціўнік вёў наступальныя дзеянні ў кірунку населеных пунктаў Новакалінава, Краснагораўка, Стэпавае, Першамайскае і Мар'інка, поспеху не меў. Пад агонь расійскіх войскаў трапілі 13 населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні. Праціўнік абстраляў восем населеных пунктаў і горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла пяць удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка. Збітыя два расійскія беспілотнікі — БПЛА «Арлан-10» і ZALA.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, шэсць раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі праціўніка, зенітна-ракетны комплекс, а таксама склад боепрыпасаў.
У Генштабе таксама адзначаюць, што расіяне працягваюць выкарыстоўваць медыцынскія ўстановы часова акупаваных тэрыторый для лячэння параненых вайскоўцаў. Так, вайсковы шпіталь на 200 ложка-месцаў быў уладкаваны ў мясцовай бальніцы горада Белаводск Луганскай вобласці. Пры гэтым усе цывільныя былі «выпісаныя».
«Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя, калі рускія захопнікі адмаўляюцца выконваць загады камандзіраў. Так, 23 сакавіка гэтага года за адмову выконваць баявое заданне былі раззброеныя і дастаўленыя ў Макееўку Данецкай вобласці каля 70 чалавек з падраздзяленняў добраахвотніцкіх фарміраванняў „Неўскі“ і „Ветэраны“. Падобны выпадак здарыўся і 25 сакавіка, выконваць загад адмовіўся асабовы склад роты разведкі праціўніка, які дзейнічае на Аўдзееўскім напрамку», — сцвярджаюць у Генштабе.
Мінабароны РФ: пабілі чатыры пункты кіравання падраздзяленняў УСУ
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што нанеслі ўдары па падраздзяленнях УСУ ў раёнах населеных пунктаў Прачыстоўка і Вуглядар Данецкай вобласці.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Цімкоўка, Альшана і Кіслоўка Харкаўскай вобласці, Навасёлаўскае і Арцёмаўка Луганскай вобласці. Знішчаныя больш за 35 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама супрацьтанкавая гармата МТ-12. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Старыца Харкаўскай вобласці пабіты склад боепрыпасаў.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, цяжкіх агнямётных сістэм і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці і Грыгораўка Данецкай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 100 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, а таксама самаходная гаўбіца «Акацыя».
— На Данецкім напрамку ў выніку комплекснага агнявога паражэння і актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў за мінулыя суткі знішчаныя да 310 украінскіх вайскоўцаў, два танкі, чатыры баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёр, дзевяць баявых браніраваных машын, чатыры аўтамабілі і дзве гаўбіцы «Мста-Б».
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Прачыстоўка і Вуглядар Данецкай вобласці. Агульныя страты УСУ за суткі склалі больш за 50 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, дзве баявыя браніраваныя машыны, чатыры аўтамабілі і гаўбіца Д-20.
— На Херсонскім напрамку падчас агнявога паражэння знішчаныя да 40 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, самаходная гаўбіца «Гваздзік» і артылерыйская сістэма М777.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 87 артылерыйскім падраздзяленням УСУ на агнявых пазіцыях, жывой сіле і тэхніцы ў 118 раёнах. У раёне населенага пункта Сямёнаўка Данецкай вобласці знішчаны вузел сувязі УСУ. Акрамя таго, пабітыя чатыры пункты кіравання падраздзяленняў УСУ ў раёнах населеных пунктаў Арлянка Харкаўскай вобласці, Аўдзееўка Данецкай і Новаберыслаў Херсонскай вобласці. Знішчаныя восем украінскіх беспілотных лётных апаратаў, збітыя шэсць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS.
Інстытут па вывучэнні вайны: МЗС Беларусі пацвердзіла намер размясціць расійскую ядзерную зброю
Найміты ПВК Вагнера, імаверна, захапілі прамысловы комплекс АЗОМ на поўначы Бахмута і працягваюць умацоўваць пазіцыі ў межах горада. Як адзначаюць эксперты Інстытута па вывучэнні вайны, на кадрах з геалакацыяй, апублікаваных 26 сакавіка, відаць, як ваенны карэспандэнт расійскага выдання РІА «Новости» перамяшчаецца па тэрыторыі комплексу, што сведчыць пра тое, што вагнераўцы, імаверна, кантралююць дастаткова тэрыторыі завода, каб прымаць прадстаўнікоў СМІ ў адноснай бяспецы.
Некалькі расійскіх блогераў таксама заявілі 28 сакавіка, што байцы ПВК прасунуліся бліжэй да цэнтра Бахмута, узялі пад свой кантроль гарадскі рынак і дасягнулі Палаца культуры. Гэтыя сцверджанні праўдападобныя, улічваючы геалакаваныя візуальныя доказы, апублікаваныя 28 сакавіка, а таксама баявыя кадры, на якіх украінская пяхота вядзе перастрэлку з расійскімі войскамі каля ДК і рынку ў цэнтры Бахмута. Імаверна, ПВК Вагнера працуе над умацаваннем пазіцый у паўночным і цэнтральным Бахмуце, каб прасунуцца да цэнтра горада і пашырыць зону свайго кантролю на заходні Бахмут, робяць выснову ў Інстытуце.
Сам жа ўладальнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын, магчыма, выкарыстоўвае свой уплыў у найбуйнейшых расійскіх СМІ, каб выставіць сябе ў якасці кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі ў 2024 годзе. У ISW звяртаюць увагу на інтэрв'ю Прыгожына, якое той даў 14 сакавіка журналістам з Russia Today, РІА «Новости» і Федэральнага агенцтва навін. Як адзначаюць эксперты, яно характэрнае сваім фарматам: падчас інтэрв'ю Прыгожын, здавалася, ці то пераймаў тое, як Уладзімір Пуцін праводзіць свае публічныя выступы, ці то хацеў цішком высмеяць прэзідэнта РФ, ці тонка намякнуць, што сам можа стаць прэзідэнтам Расіі, як Пуцін. Нядаўнія паводзіны Прыгожына — незалежна ад яго намераў — прасоўваюць у расійскім грамадстве наратыў пра тое, што ў Прыгожына вялікія палітычныя амбіцыі ў Расіі, адзначаюць у Інстытуце.
Разам з тым высокапастаўленыя расійскія афіцыйныя асобы працягваюць распачатую ў снежні 2022 года кампанію па стварэнні ўнутраных умоваў для зацяжной вайны як у прыватным парадку, так і публічна. The Guardian, спасылаючыся на ананімныя крыніцы, паведаміла 28 сакавіка, што Дзмітрый Пяскоў на прыватным мерапрыемстве з удзелам расійскай палітычнай і культурнай эліты папярэдзіў, што трэба быць гатовым да таго, што «ўсё стане нашмат складаней» і што сітуацыя з вайной зацягнецца надоўга. Акрамя таго, міністр абароны РФ Сяргей Шайгу 28 сакавіка наведаў прадпрыемствы па вытворчасці артылерыйскіх снарадаў у Чалябінскай і Кіраўскай абласцях і заявіў, што да канца года вытворчасць некаторых артылерыйскіх вырабаў павялічыцца яшчэ ў сем-восем разоў.
Звяртаюць увагу ў ISW і на тое, што Расія засакрэціла траціну ўсіх выдаткаў свайго бюджэту. Пра гэта агенцтва Bloomberg напісала 28 сакавіка, адзначыўшы таксама, што выдаткі Расіі на абарону і бяспеку — другі па велічыні артыкул бюджэту пасля выдаткаў на сацыяльныя праграмы. РБК 28 сакавіка паведаміў, што Мінфін Расіі плануе ўнесці прапанову па скарачэнні колькасці федэральных дзяржаўных установаў з мэтай павышэння эфектыўнасці кіравання бюджэтнымі выдаткамі. Такія маніпуляцыі дазваляюць выказаць здагадку, што Расія спрабуе зрэзаць выдаткі ў самых розных сферах, каб падтрымліваць рост выдаткаў на абарону і выдаткаў, звязаных з вайной, лічаць у Інстытуце.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія і ўкраінскія крыніцы лічаць, што генерал-лейтэнант Сяргей Кузьменка заменіць генерал-палкоўніка Рустама Мурадава на пасадзе камандуючага Усходняй вайсковай акругай (УВА);
- расійскія войскі працягнулі наземныя атакі на мяжы Купянск — Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі ў Бахмуце і яго ваколіцах, а таксама на лініі фронту Аўдзееўка — Данецк;
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы нанеслі лакальныя наземныя ўдары ў Запарожскай вобласці;
- Уладзімір Пуцін падпісаў указ пра скасаванне верхняга ўзроставага цэнзу для вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі (Расгвардыі) на акупаванай Украіне да 1 студзеня 2026 года;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць намаганні па пашырэнні бюракратычнага і адміністрацыйнага кантролю Расіі над акупаванымі тэрыторыямі Украіны;
- Міністэрства замежных справаў Беларусі 28 сакавіка пацвердзіла намер Беларусі размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю ў краіне.