Крэмль даў указанне прапагандыстам прывучаць расіян да «новай рэальнасці»: Курская вобласць страчаная надоўга
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Расійскія прапагандысцкія рэсурсы атрымалі ўказанне з Крамля рыхтаваць насельніцтва да таго, што Курская вобласць страчаная надоўга. Пра гэта «Медузе» расказалі блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта і ўрада РФ крыніцы.

Суджа, Курская область. 16 августа 2024 года. Фото: Reuters
Суджа, Курская вобласць. 16 жніўня 2024 года. Фота: Reuters

Паводле крыніц, у першыя дні пачатку аперацыі УСУ ў Курскай вобласці расійскія «эліты» былі «шакаваныя». За два тыдні «шок прайшоў, адбылося прывыканне».

Каб настроі «ўстаканіліся» хутчэй і ў грамадстве, Крэмль з дапамогай прапаганды спрабуе падрыхтаваць расіян да жыцця ва ўмовах «новай рэальнасці» і «новай нармальнасці» — як адзначае «Медуза», гэтыя тэрміны шырока ўжо выкарыстоўваліся падчас пандэміі і ў самым пачатку вайны з Украінай.

«Гэта трэба, каб людзі лічылі тое, што адбываецца, не адхіленнем, а новай нормай, хай і часовай. Гэта мусіць супакойваць. У адхіленні ад нормы існаваць складана. У норме, хай і новай, — прасцей», — растлумачыў медыятэхнолаг, які супрацоўнічае з Адміністрацыяй прэзідэнта.

Падчас асвятлення «новай рэальнасці» Крэмль прапануе прапагандыстам даносіць да людзей, што вораг сапраўды прарваўся на расійскую тэрыторыю, але яго чакае немінучая параза, проста давядзецца пачакаць — вяртанне тэрыторый зойме час.

А каб «скіраваць негатыў і шок у пазітыўнае рэчышча», расіянам прапануюць паўдзельнічаць у зборы дапамогі для Курскай вобласці. Адміністрацыя прэзідэнта РФ ужо «рэкамендавала» заняцца гэтым і ўладам рэгіёнаў.

У цэлым жа ўсе апытаныя «Медузай» чыноўнікі ўпэўненыя, што баі ў Курскай вобласці могуць цягнуцца некалькі месяцаў. Блізкі да ўрада суразмоўца ўдакладніў: гэтая ацэнка «досыць аптымістычная — калі ўсё атрымаецца».