«Першы ўдар будзе самым цяжкім». Расія рыхтуецца да наступу на абласны і важны прамысловы цэнтр Украіны — The Economist
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Расія рыхтуецца кінуць на захоп Запарожжа 130 тысяч салдат. Пра гэта піша The Economist са спасылкай на суразмоўцаў ва ўкраінскай разведцы. Паводле іх, дакладныя тэрміны пачатку аперацыі невядомыя.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Цяпер лінія фронту праходзіць за 30 км ад украінскага абласнога цэнтра. У канцы 2022 года Уладзімір Пуцін абвясціў Запарожскую вобласць расійскай тэрыторыяй, нягледзячы на тое, што войска РФ захапіла толькі яе траціну.

Запарожжа — адзін з трох цэнтраў цяжкай прамысловасці, якія засталіся, і крытычна важны для выжывання Украіны як дзяржавы, піша The Economist.

Камандзір батальёна адной з украінскіх брыгадаў, якая ваюе на гэтым напрамку, расказаў, што для першапачатковага штурму горада расійскае камандаванне планавала адправіць дзве дывізіі (20 000−30 000 салдат), але палову пераскіравалі ў раён Курска.

«Яны яшчэ не гатовыя ўдарыць, але калі яны будуць гатовыя, першы ўдар будзе самым цяжкім», — заявіў суразмоўца выдання.

Цяпер вакол горада ўзводзяць новыя абарончыя ўмацаванні. Між тым расійская армія працягвае атакаваць абласны цэнтр ракетамі і планавальнымі бомбамі. Ажыла і лінія фронту, якая знаходзіцца за 30 км ад Запарожжа. Неўзабаве ў бой могуць кінуць 130 000 расійскіх салдат, заявіла яшчэ адна крыніца выдання.

«Паслухайце, у іх ніколі не будзе праблем з кадрамі. Яны заганяюць людзей у даўгі, у крэдыты і прымушаюць іх біцца. Яны не спыняцца», — цытуе The Economist камандзіра разгорнутай у Запарожжы брыгады хуткага рэагавання «Спартан» палкоўніка Аляксея Хільчанку.

Выданне піша, што расійскія войскі страчваюць ва Украіне да 1500 салдат за дзень, але вярбуюць на вайну больш, чым страчваюць.