Падчас мітынгу, што прайшоў у чачэнскай вёсцы Ачхой-Мартан (Расія) пасля атакі на мясцовы пост ДПС, на асфальце ля натоўпу ляжаў труп падлетка, якога кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў абвінаваціў у нападзе. Пра гэта паведаміў чачэнскі апазіцыйны тэлеграм-канал Niyso. Увагу на публікацыю звярнулі «Важные истории».
Паводле інфармацыі канала, пасля завяршэння мітынгу труп застаўся ляжаць на вуліцы.
«Арганізатарамі былі названыя актывісты Niyso, а куратарам — нейкі супрацоўнік украінскіх спецслужбаў. Прывезлі труп забітага хлопца. Спрабуюць націснуць на эмоцыі, каб людзі пракліналі нас, каб спыніць інфармацыйную працу з нашага боку», — расказаў «Важным историям» сябра руху на імя Ансар.
Паводле яго, улады Чачні паставілі Niyso ультыматум: калі яны не спыняць сваёй апазіцыйнай дзейнасці, то праз месяц з рэспублікі выправадзяць усіх іх сваякоў, а таксама канфіскуюць іх маёмасць.
«Яны скарысталіся сітуацыяй, каб усё накінуць на нас і развязаць рукі супраць нас. Можа, як і ў мінулыя разы, яны самі завербавалі хлопца, які быў заўважаны праз свае радыкальныя погляды. Так бывае, яны заўважаюць маладых людзей радыкальных поглядаў, праз інтэрнэт скіроўваюць іх, вярбуюць іх, потым ліквідуюць. Ім трэба было, каб хтосьці вось так выйшаў, здзейсніў гэты акт», — паведаміў Ансар.
Раней ЧДТРК «Грозны» паказаў у эфіры фатаграфію 17-гадовага падлетка, які, як сцвярджаецца, напаў на пост ДПС. Кадыраў заявіў, што падчас атакі нападнік быў забіты, а яго дзеяннямі нібыта кіравалі нейкія людзі, якія знаходзяцца ў Турцыі, і грамадзянін Украіны. Кіраўнік Чачні прыгразіў «кожнаму з іх» «суровым адказам».
Напад на пост ДПС у вёсцы Ачхой-Мартан адбыўся ўвечары 7 красавіка. Пацярпелі двое супрацоўнікаў ДПС, абодвух шпіталізавалі, потым адзін з іх памёр. Паводле інфармацыі Niyso, раніцай улады «сагналі бюджэтнікаў» на мітынг у цэнтры вёскі.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO