Кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі праходзіць у штатным рэжыме і ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Два беларускія СМІ парушылі заканадаўства. Пра гэта паведаміў кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, перадае расійскае дзяржагенцтва Sputnik Беларусь.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
Ён паведаміў, што зарэгістраваныя два выпадкі парушэння заканадаўства з боку беларускіх СМІ.
«Было два факты — беларускія друкаваныя сродкі масавай інфармацыі (не буду называць гэтых газет) — апублікавалі звесткі сацыялагічных апытанняў з парушэннем заканадаўства. Вы ведаеце, што за пяць дзён да выбараў звесткі ўжо не публікуюцца. Але, на жаль, парушылі заканадаўства, таму наш назіральны савет, які быў створаны пастановай ЦВК, разгледзеў учора гэтыя пытанні і вынес адпаведныя папярэджанні», — удакладніў кіраўнік ЦВК.
Карпенка адзначыў, што ў ЦВК не паступала афіцыйных скаргаў, якія патрабавалі б разгляду на спецыяльных паседжаннях. У камісію паступіла каля 1500 вусных і пісьмовых зваротаў грамадзян, якія датычылі розных пытанняў.
«Некаторыя звароты ніякім чынам не былі звязаныя з дзейнасцю Цэнтральнай выбарчай камісіі. Кагосьці не задавальняла, як адрамантаваная дарога, хтосьці патрабаваў дом пабудаваць, адрамантаваць, нехта прасіў нешта данесці да кандыдатаў і гэтак далей», — растлумачыў Карпенка.
Ён дадаў, што ад кандыдатаў таксама не паступала ні заяваў, ні скаргаў. У цэлым кіраўнік ЦВК ахарактарызаваў выбарчую кампанію як добрую.