Найстарэйшая беларуска па пашпарце — жыхарка вёскі Лістапады Валожынскага раёна Марыя Канановіч: паводле дакументаў ёй 120 гадоў. Аднак у Кнігу рэкордаў Гінеса жанчыну не ўнеслі — хутчэй за ўсё, гэты ўзрост моцна завышаны, паведамляе дзяржагенцтва «Мінск-Навіны».
У пашпарце Марыі Канановіч запісаная дата нараджэння 27 траўня 1904 года, то-бок афіцыйна ёй у траўні споўніцца 121 год. Але Кніга рэкордаў Гінеса праігнаравала даўгавечную беларуску, хоць цяперашняя рэкардсменка-доўгажыхарка з Бразіліі Іна Канабара Лукас нібыта адстае ад яе на тры з паловай гады.
У свой час так «пацярпела» Ганна Барысевіч, таксама жыхарка Міншчыны, якая, паводле беларускага пашпарта, пражыла амаль 119 гадоў.
Стваральнікі Кнігі рэкордаў Гінеса тлумачаць, што савецкім дакументам давяраць нельга. Намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун таксама перакананы, што ўзрост Канановіч быў завышаны менавіта ў часы СССР:
— Яна жыла на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Пасля ўз'яднання ў 1939-м, калі гэтая тэрыторыя ўвайшла ў склад СССР, мясцовыя чыноўнікі запісвалі ўзрост са словаў грамадзян, бо адпаведных дакументаў не было. Многія прыпісвалі сабе лішнія гады, бо гэта ўплывала на тэрмін выхаду на пенсію. Хутчэй за ўсё, не стала выключэннем і нашая гераіня. Адзначу, што на помніку, які яна замовіла свайму памерламу сыну, яна запісала і свой год нараджэння — 1924-ы (а не 190-ы). Гэта больш падобна да рэальнага часу яе з’яўлення на свет.
То-бок насамрэч беларусцы, хутчэй за ўсё, 100 гадоў. На пытанне, у чым сакрэт даўгавечнасці, яна расказала, што ніколі ні з кім не сварылася, заўсёды старалася згладжваць вуглы, дзе трэба — саступаць.
— Я неканфліктны чалавек. Гэта цяпер людзі закіпаюць з любой нагоды, гатовыя адно аднаго пабіць праз дробязі. Трэба ўмець дараваць і быць цярплівай, — кажа жанчына.
Нагадаем, 29 снежня мінулага года ў Японіі памерла Таміка Ітаока, якая лічылася найстарэйшым чалавекам на планеце. Жанчыне было 116 гадоў.
Пасля смерці японкі тытул найстарэйшай жыхаркі зямлі перайшоў да таксама 116-гадовай бразільянкі Іны Канабара Лукас, чый узрост пацверджаны даследчай групай геранталогіі і групай LongeviQuest.