У Паўднёвай Карэі ўвялі надзвычайнае ваеннае становішча
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 
/

Прэзідэнт Рэспублікі Карэі Юн Сок Ёль абвясціў пра ўвядзенне «надзвычайнага ваеннага становішча». Пра гэта паведаміла агенцтва Yonhap са спасылкай на адміністрацыю кіраўніка дзяржавы.

Президент Юн Сок Ёль выступает с речью об объявлении военного положения в Сеуле, Южная Корея, 3 декабря 2024 года. Фото: Reuters
Прэзідэнт Юн Сок Ёль выступае з прамовай пра абвяшчэнне ваеннага становішча ў Сеуле, Паўднёвая Карэя, 3 снежня 2024 года. Фота: Reuters

Ваеннае становішча ўведзенае з мэтай «выкараніць прапаўночнакарэйскія сілы і абараніць свабодны канстытуцыйны парадак». Пры гэтым Юн Сок Ёль патлумачыў сваё рашэнне ўнутрыпалітычнымі праблемамі: ён абвінаваціў апазіцыю ў намеры «стварыць хаос у краіне».

«Я абвяшчаю ваеннае становішча, каб абараніць свабодную Рэспубліку Карэю ад пагрозы паўночнакарэйскіх камуністычных сіл, неадкладна выкараніць беспрынцыповыя прапаўночнакарэйскія антыдзяржаўныя сілы, якія замахваюцца на свабоду і шчасце нашага народа і канстытуцыйны парадак», — сказаў Юн Сок Ёль у звароце да нацыі.

Увядзенне ваеннага становішча можа прынесці грамадзянам нязручнасці, прызнаў Юн Сак Ёль, аднак улады сканцэнтраваныя на мінімізацыі наступстваў для насельніцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што ў пытаннях замежнай палітыкі Паўднёвая Карэя працягвае выконваць свае абавязанні, ніякіх зменаў не плануецца. Ён абвінаваціў апазіцыйных дэпутатаў у скарачэнні «ўсіх ключавых бюджэтных сродкаў, неабходных для выканання асноўных функцый краіны» і спробе зрынуць урад.

«Я вярну краіну да нармальнага жыцця, пазбавіўшыся ад антыдзяржаўных сіл як мага хутчэй», — сказаў на заканчэнне Юн Сок Ёль.

Апазіцыйная да прэзідэнта Паўднёвай Карэі Дэмакратычная партыя, якая кантралюе большасць у парламенце, склікала тэрміновае паседжанне дэпутатаў. Старшыня Дэмакратычнай партыі Лі Чжэ Мён заявіў, што ўвядзенне ваеннага становішча незаконнае і супярэчыць Канстытуцыі. Уваход і выхад з будынка Нацыянальнага сходу Рэспублікі Карэі заблакаваныя.

Лідар кіраўнічай партыі «Сіла народа» Хан Дон Хук назваў рашэнне прэзідэнта і свайго аднапартыйца памылкай і паабяцаў «разам з народам» адмяніць яго.

Мінабароны Паўднёвай Карэі растлумачыла, што падчас ваеннага становішча дзейнасць парламента і палітычных партый будзе прыпыненая, а СМІ і выдавецтвы будуць знаходзіцца пад кантролем вайсковага камандавання.

Нагадаем, Юн Сок Ёль стаў прэзідэнтам Паўднёвай Карэі ў траўні 2022 года. На парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў красавіку 2024 года, апазіцыя атрымала перамогу, захаваўшы кантроль над заканадаўчым органам.

Паводле формы кіравання Паўднёвая Карэя — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнт — галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі рэспублікі і мае значныя выканаўчыя паўнамоцтвы. Так, прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра з ухвалой Нацыянальнага сходу, а таксама прызначае і ўзначальвае Дзяржсавет — галоўны выканаўчы орган краіны.

Улетку гэтага года ў парламенце гучала прапанова адхіліць прэзідэнта, які абвінавачваецца ў карупцыі і распальванні пагрозы вайны з Паўночнай Карэяй. Незадоўга да абвяшчэння ваеннага становішча прэзідэнтам Дэмакратычная партыя правяла ў бюджэтным камітэце парламента законапраект пра скарачэнне бюджэту і падала хадайніцтвы наконт імпічменту дзяржаўнаму аўдытару і галоўнаму пракурору Паўднёвай Карэі.

На думку паўднёвакарэйскага прэзідэнта, гэта «не толькі беспрэцэдэнтна», але і паралізуе судовую і выканаўчую ўладу дзяржавы.