Многія звярнулі ўвагу на незвычайны трап, па якім Пуцін спускаўся ў Мінску, — і назвалі яго куленепрабівальным. Ці так гэта?
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Чарговы візіт Уладзіміра Пуціна ў Мінск суправаджаўся сур’ёзнымі мерамі бяспекі. Паводле звестак Motolko.help, за 12 хвілін да прыбыцця расійскага борта № 1 у Мінску прызямліўся яго самалёт-двайнік, а ў паветры абодва самалёты суправаджалі два расійскія і два беларускія знішчальнікі. А пасля публікацыі кадраў сустрэчы Пуціна ў аэрапорце з’явіліся нават паведамленні (прыклады: раз, два), што Пуцін нібыта спускаўся з самалёта па куленепрабівальным трапе. Зрэшты, у апублікаваным відэа і на фотаздымках мы не ўбачылі ніякіх прыкмет таго, што гэты элемент інфраструктуры сапраўды браніраваны. Таму вырашылі разабрацца з пытаннем дадаткова.

Владимир Путин отвечает на вопрос сотрудника телеканала «Россия-1» на фоне президентского самолета, январь 2023 года. Фото: скриншот видео
Уладзімір Пуцін адказвае на пытанне супрацоўніка тэлеканала «Расія-1» на фоне прэзідэнцкага самалёта, студзень 2023 года. Скрыншот відэа

Адкуль узялася інфармацыя пра браніраваны трап?

Навіны пра выкарыстанне Уладзімірам Пуціным браніраванага трапа з’яўляюцца рэгулярна. У 2018 годзе некаторыя СМІ сцвярджалі, што расійскі палітык спускаўся па куленепрабівальным трапе падчас візіту ў Францыю — а яшчэ для яго спецыяльна прывезлі з Расіі браніраваны лімузін «Аўрус». У тым жа годзе Пуціну прыпісвалі выкарыстанне браніраваных прыступак для выхаду з самалёта ў Аргенціне. А ў 2020-м з’явіліся паведамленні пра Пуціна і куленепрабівальны трап падчас візіту ў Ерусалім на Міжнародны форум памяці ахвяр Халакосту.

Трап, по которому Владимир Путин спускался во время визита во Францию в 2018 году. Скриншот видео
Трап, па якім Уладзімір Пуцін спускаўся падчас візіту ў Францыю ў 2018 годзе. Скрыншот відэа

Калі сабраць усе такія паведамленні разам, сапраўды можа стварыцца ўражанне, што расійскі палітык падчас сваіх пералётаў выкарыстоўвае спецыяльныя абароненыя трапы. Ці нават возіць такі куленепрабівальны аб’ект з сабой — як тыя ж лімузіны «Аўрус».

Зрэшты, ва ўсіх гэтых выпадках нейкіх пацверджанняў таго, што Пуцін выкарыстоўвае менавіта браніраваныя трапы, не было. Акрамя хіба што фатаграфій і відэа, на якіх відаць, што ён спускаецца з борта самалёта па незвычайных на першы погляд прыступках, аточаных зверху і па баках таніраваным шклом.

Што за трапы выкарыстаў Пуцін у Мінску?

Мы не ведаем, ці сапраўды Уладзіміра Пуціна пераследуе параноя, звязаная з магчымым замахам. Але дзеля справядлівасці адзначым, што нават апошнім часам далёка не ва ўсіх пералётах ён выкарыстоўвае закрытыя трапы накшталт таго, які сустрэў яго ўчора ў Мінску. Так, у лістападзе 2023 года падчас візіту ў сталіцу Казахстана ён спускаўся па звычайным адкрытым трапе.

Владимир Путин 9 ноября 2023 года в аэропорту Астаны. Фото: пресс-служба президента Казахстана
Уладзімір Пуцін 9 лістапада 2023 года ў аэрапорце Астаны. Фота: прэс-служба прэзідэнта Казахстана

Адкрытым трапам Пуцін карыстаўся ў лістападзе 2023 года і ў Мінску.

Владимир Путин спускается с трапа президентского самолета. 23 ноября 2023 года, Минск. Скриншот видео
Уладзімір Пуцін спускаецца з трапа прэзідэнцкага самалёта, 23 лістапада 2023 года, Мінск. Скрыншот відэа

І нават крытыя трапы, па якіх Пуцін спускаецца падчас некаторых візітаў, зусім не абавязкова мусяць быць браніраванымі. Звычайныя самаходныя трапы (аўтатрапы) у пасажырскіх аэрапортах часта абсталёўваюць шкляным дахам, каб абараніць людзей ад пераменлівага надвор’я.

Мы вывучылі відэа і фатаграфіі самаходных трапаў, якімі Пуцін карыстаўся падчас сваіх візітаў у Мінск. Так, у снежні 2019 года ён выкарыстаў мадэль крытага самаходнага трапа з характэрнымі металічнымі рэбрамі цвёрдасці на таніраваным шкленні.

Владимир Путин спускается по трапу в аэропорту Минска. Декабрь 2019 года. Скриншот видео
Уладзімір Пуцін спускаецца трапам у аэрапорце Мінска. Снежань 2019 года. Скрыншот відэа

Назвы мадэлі гэтага самаходнага трапа мы не знайшлі, але выявілі, што дакладна такія ж машыны выкарыстоўваюцца, напрыклад, для пасадкі звычайных пасажыраў у самалёты ў аэрапорце Жэневы.

Учора для сустрэчы Пуціна мінскі аэрапорт выкарыстаў ужо іншы (хоць і вельмі падобны) самаходны трап з суцэльным шкленнем секцый.

Владимир Путин спускается по трапу в аэропорту Минска. 23 мая 2024 года. Скриншот видео
Уладзімір Пуцін спускаецца трапам у аэрапорце Мінска, 23 траўня 2024 года. Скрыншот відэа

Здалёк гэты самаходны крыты трап выглядае так.

Александр Лукашенко и Владимир Путин в минском аэропорту. 23 мая 2024 года. Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у мінскім аэрапорце. 23 траўня 2024 года. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Ён вельмі падобны да трапаў, па якіх Пуцін спускаўся з борта самалёта ў 2018 годзе ў Францыі і ў 2020 годзе ў Ізраілі.

Трап, который использовал Владимир Путин во время визита в Иерусалим. Скриншот видео
Трап, які выкарыстоўваў Уладзімір Пуцін падчас візіту ў Ерусалім, 23 студзеня 2020 года. Скрыншот відэа

Хутчэй за ўсё, гэта французскі самаходны трап Sovam SPS9−19, які вытворца па жаданні заказчыка можа пастаўляць у VIP-камплектацыі, а таксама забяспечваць шкляным навесам, абсталяваннем для экстрэмальна халоднага надвор’я і «іншымі опцыямі на запыт». Ці нейкая вельмі падобная да яго мадэль.

Французский самоходный трап Sovam SPS9−19, укомплектованный стеклянным навесом. Фото: aeroexpo.com
Французскі самаходны трап SOVAM SPS9−19, укамплектаваны шкляным навесам. Фота: aeroexpo.com

Тэарэтычна можна дапусціць, што французскі вытворца пабудаваў на замову мінскага аэрапорта і трап з куленепрабівальным шклом. Але вонкава гэта цалкам звычайны крыты самаходны трап.

Ці ёсць нешта дзіўнае ў тым, што Пуцін карыстаецца крытымі трапамі?

Тым не менш частае выкарыстанне Уладзімірам Пуціным нават звычайных зашклёных трапаў выглядае досыць незвычайна. Як правіла, першыя асобы дзяржаваў падчас замежных візітаў выкарыстоўваюць для выхаду з самалётаў адкрытыя трапы. Нам, напрыклад, не ўдалося знайсці фотаздымкаў, дзе крытым трапам карыстаўся б падчас афіцыйнага візіту прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Президент Украины Владимир Зеленский прибыл с официальным визитом в Саудовскую Аравию. 27 февраля 2024 года. Фото: Telegram / Зеленский official
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з афіцыйным візітам у Саудаўскай Аравіі, 27 лютага 2024 года. Фота: Telegram / Зеленский official

Звычайным трапам спускаецца і Аляксандр Лукашэнка.

Александр Лукашенко на трапе правительственного самолета. Москва, 21 февраля 2024 года. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка на трапе ўрадавага самалёта, Масква, 21 лютага 2024 года. Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

Пуцін жа карыстаецца крытымі трапамі вельмі часта. Часам гэта адбываецца ў тых жа кліматычных умовах, у якіх іншыя лідары дзяржаваў выкарыстоўваюць звычайныя адкрытыя трапы. Напрыклад, у чэрвені 2021 года Уладзімір Пуцін і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыляцелі ў Жэневу, каб сустрэцца адзін з адным. Амерыканскі палітык тады выкарыстаў звычайны адкрыты трап.

Президент США Джо Байден, Женевa, Швейцария, 15 июня 2021 года. Фото: «Голос Америки»
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, Жэнева, Швейцарыя, 15 чэрвеня 2021 года. Фота: «Голас Амерыкі»

А Уладзімір Пуцін на наступны дзень выходзіў з самалёта па традыцыйным для сябе крытым трапе.

Владимир Путин выходит из самолета в Женеве. 16 июня 2021 года. Скриншот видео
Уладзімір Пуцін выходзіць з самалёта ў Жэневе, 16 чэрвеня 2021 года. Скрыншот відэа

Адзначым таксама, што ў многіх (але не ва ўсіх) выпадках ахова Пуціна імкнецца падагнаць браніраваныя лімузіны як мага бліжэй да спуску з крытага трапа. Выглядае, быццам ахоўнікі імкнуцца да мінімуму скараціць знаходжанне свайго падапечнага на адкрытай прасторы.

У нас няма падставаў сцвярджаць, што Уладзімір Пуцін падчас сваіх візітаў у Беларусь і іншыя краіны абавязкова выкарыстоўвае крытыя куленепрабівальныя трапы. Тым не менш меры засцярогі яго службы бяспекі сапраўды выглядаюць экстраардынарнымі ў параўнанні з тымі, якія выкарыстоўваюць ахоўнікі большасці іншых кіраўнікоў дзяржаваў.

  Дзякуй, што дачыталі гэты матэрыял! «Люстэрка» называе рэчы сваімі імёнамі і не «рэтушуе» рэчаіснасці (у адрозненне ад прапаганды). Калі вы лічыце важным захаванне прафесійнай і якаснай журналістыкі для беларусаў і пра Беларусь — станьце патронам нашага праекта. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.



Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.