У Сейме Літвы змянілі законапраект пра абмежаванні для беларусаў і расіян. Адны нормы змякчылі, іншыя — зрабілі больш жорсткім
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Камітэт Сейма Літвы па нацбяспецы і абароне 29 сакавіка ўнёс змены ў законапраект пра абмежаванні што да беларусаў і расіян з прычыны агрэсіі супраць Украіны. Так, для нашых суайчыннікаў пакуль не будуць ускладняць падачу заявак на выдачу часовых відаў на жыхарства (ВНЖ) і не стануць забараняць ім купляць нерухомасць у Літве, паведамляе Delfi.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: lrv.lt

У абноўленым законапраекце змякчаная частка прапанаваных абмежаванняў супраць грамадзян Беларусі і Расіі, прычым некаторыя пункты датычаць толькі нашых суайчыннікаў.

Так, у законапраект унесеная норма, якая прапануе адтэрмінаваць уступленне ў сілу абмежавання на выдачу ВНЖ беларусам да 1 ліпеня 2023 года. Гэта звязана з бізнесам: у Літве больш за 50% кіроўцаў-дальнабойшчыкаў — грамадзяне Беларусі.

Што да прыпынення прыёму заявак на атрыманне літоўскага грамадзянства ад расіян і беларусаў, то гэтае абмежаванне вырашылі пакінуць у сіле. Праўда, будзе больш выключэнняў — напрыклад, калі чалавек адпавядае патрабаванням закона аб натуралізацыі або мае права на аднаўленне грамадзянства і пры гэтым не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы і грамадскаму парадку.

Акрамя таго, беларусаў выведуць з-пад забароны на набыццё нерухомасці ў Літве: гэтае абмежаванне застанецца толькі для расіян.

Разам з тым дэпутаты ўхвалілі абмежаванне правоў грамадзян Беларусі і Расіі на ўвоз і вываз з Літвы наяўных, ім забаронены ўвоз у краіну ўкраінскіх грыўняў. Гэта звязана з тым, што грыўні, як мяркуецца, былі выкрадзеныя на акупаваных тэрыторыях Украіны і ўвозяцца ў ЕС з мэтай легалізацыі.

Нагадаем, у першапачатковым дакуменце таксама гаварылася пра прыпыненне прыёму заявак на візы ад беларусаў і расіян (выключэнне — хадайніцтва МЗС Літвы). Пра змены што да гэтага пункта ў сённяшнім паведамленні нічога не сказана.

Законапраект пра ўвядзенне абмежавальных мераў у дачыненні да расіян і беларусаў з прычыны ваеннай агрэсіі супраць Украіны пройдзе канчатковае галасаванне ў Сейме ў чацвер, 30 сакавіка. Плануецца, што ён будзе дзейнічаць з 1 ліпеня гэтага года да 14 красавіка 2024 года.