Камунальнікі расказалі, што будзе з тарыфамі на ЖКП у 2024 годзе
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У 2024 годзе тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі збіраюцца павысіць двойчы, як і ў 2023-м, — з 1 студзеня і 1 чэрвеня. Пра гэта журналісту «Люстэрка» як фізасобе паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка падчас жывой тэлефоннай лініі.

Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

— З 1 студзеня будзе першае павелічэнне. Не скажу, што канкрэтна падаражэе, гэтым пытаннем займаецца МАРГ. Але будзе невялікае павелічэнне — у межах паловы базавай велічыні па сярэдняй кватэры, на сёння гэта 18,5 рубля па сярэдняй кватэры, — сказаў Андрэй Рамашка. — З 1 чэрвеня падаражэюць ацяпленне і гарачае водазабяспечанне. Як звычайна, у рамках устаноўленага гадавога ліміту.

Удакладнім, што гаворка пра субсідыяваныя тарыфы.

Да таго ж з 1 студзеня, як правіла, павышаюць памер базавай велічыні, то-бок прыбаўка па тарыфах на ЖКП можа быць вышэйшая, чым 18,5 рубля.

Андрэй Рамашка таксама ўдакладніў, што тарыфы на ацяпленне да чэрвеня 2024 года павышаць не збіраюцца.

— Ацяпленне ў гэтым ацяпляльным сезоне будзем па тым тарыфе (лічыць. — Заўв. рэд.), які цяпер дзейнічае. Ён будзе дзейнічаць да 1 чэрвеня. Міністэрства энергетыкі з МАРГ усталёўваюць тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабяспечанне. Тарыф застанецца зімой нязменным, ён такім будзе да чэрвеня.

Нагадаем, яшчэ ў 2023 годзе тарыфы на ЖКП павышалі ў межах 5 даляраў за год у разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні паслуг. Аднак пазней чыноўнікі ўвялі змяненне і прывязалі рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі да сумы базавай адзінкі. Жыроўка можа пацяжэць за год не больш чым на палову базавай.

Сёлета павышэнне тарыфаў на камуналку прайшло ў 2 этапы: з 1 студзеня — на жыллёва-камунальныя паслугі, за выключэннем ацяплення, а з 1 чэрвеня — на цеплавую і электрычную энергію, прыродны і звадкаваны газ для ацяплення.

Як чакаецца, у 2024 годзе павышэнне тарыфаў на ЖКП пройдзе па такой самай схеме.

Чытайце таксама