Парламент прыняў у другім чытанні ў сераду, 29 лістапада, законапраект, якім хочуць увесці істотныя змены па таварыствах уласнікаў. Далей дакумент пойдзе на разгляд у Савет Рэспублікі, кіраўніца якога — Наталля Качанава — напярэдадні выказалася за новаўвядзенні для ТУ. Чыноўнікі не хаваюць, што гэта звязана ў тым ліку з падзеямі 2020 года. Нагадаем, грамадскае абмеркаванне гэтага законапраекта выклікала цікавасць у беларусаў, многія каментатары выказваліся за тое, каб новаўвядзенняў не ўкаранялі, бо яны могуць пагоршыць узровень жыцця жыхароў дамоў, у якіх створаныя ТУ.

Чыноўнікі хочуць па-новаму збіраць грошы на капрамонт з таварыстваў уласнікаў. Прапануецца пералічваць гэтыя сродкі на спецыяльныя рахункі ў банках, якія адкрыюць мясцовыя ўлады. Прычым гэтыя сродкі ў будучыні будуць накіроўваць на капрамонт жылых дамоў. З законапраекта счытваецца, што грошы пойдуць у агульны кацёл, то-бок іх будуць браць на рамонт не толькі дамоў канкрэтнага таварыства ўласнікаў, жыхары якога іх пералічвалі. Цяпер у ТУ можа быць свой рахунак у банку, на якім будуць захоўвацца сродкі, сабраныя на капрамонт. Гэтыя сродкі могуць размяшчаць як уклад.
Таксама ўлады збіраюцца зрабіць больш жорсткімі падставы, на якіх старшыні таварыстваў могуць страціць сваю працу. Гаворка ў тым ліку пра аказанне ЖКП, утрыманне агульнай маёмасці і прыдомавай тэрыторыі. Узмацніць адказнасць таксама хочуць за невыкананне патрабаванняў мясцовых уладаў. Пры гэтым чыноўнікі хочуць увесці патрабаванне, што калі жыхары не знаходзяць за пэўны перыяд новага старшыню праўлення, то новы прызначаецца мясцовымі ўладамі.
«Прапануецца вызначыць дадатковы механізм спынення паўнамоцтваў старшыні праўлення арганізацыі ўласнікаў і працоўных адносін з ім пры неаднаразовым (два і больш разоў цягам каляндарнага года) невыкананні ім абавязанняў або неліквідаванні выяўленых парушэнняў у акрэслены тэрмін. Мясцовыя органы ўлады надзяляюцца правам прыняцця рашэння пра ануляванне пасведчання аб праходжанні прафесійнай атэстацыі старшыні праўлення арганізацыі уласнікаў», — тлумачаць у парламенце.
Пры гэтым мяркуецца, што старшыня праўлення зможа працаваць толькі ў адным таварыстве ўласнікаў. «Арганізацыі уласнікаў, створаныя раней на базе некалькіх шматкватэрных жылых дамоў, не размешчаных на суседніх (сумежных) зямельных участках, цягам аднаго года мусяць быць рэарганізаваныя або ліквідаваныя», — тлумачаць у парламенце.
Але на гэтым магчымыя змены для ТУ не заканчваюцца. Таксама чыноўнікі хочуць пакінуць за сабой магчымасць ліквідацыі ТУ, калі старшыня праўлення не будзе абраны (ці не будзе выконваць свае абавязкі) тры месяцы запар. «У дадзеным выпадку новае таварыства ўласнікаў можа быць створанае па заканчэнні трох гадоў», — удакладняюць у парламенце.
Мясцовыя чыноўнікі, як прапануецца, змогуць адмаўляць ва ўзгадненні кандыдатуры на пасаду старшыні праўлення ТУ, калі цягам апошніх трох гадоў у дачыненні да кандыдата было прынятае рашэнне пра ануляванне пасведчання аб праходжанні прафесійнай атэстацыі.
Чыноўнікам на месцах хочуць таксама дазволіць «прызначыць ўпаўнаважаную асобу на стадыі будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома, калі не створаная арганізацыя забудоўшчыкаў». Гэта трэба будзе зрабіць, як плануецца, не пазней за два месяцы да запланаванага дня ўводу дома ў эксплуатацыю.
«Законапраект скіраваны на ўдасканаленне кіравання агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання, павышэнне эфектыўнасці дзейнасці таварыства ўласнікаў і арганізацыі забудоўшчыкаў, забяспечанне эксплуатацыйнай надзейнасці і бяспекі жылых дамоў, іх належнага ўтрымання, а таксама ліквідацыю прабелаў у прававым рэгуляванні ў гэтай сферы», — заяўляюць у парламенце.
Аднак падчас грамадскага абмеркавання законапраекта большасць каментароў была супраць увядзення зменаў для ТУ, бо гэта можа пагоршыць якасць жыцця жыхароў дамоў, у якіх створаныя такія аб’яднанні.
Якімі могуць быць прычыны ўвядзення гэтых зменаў
Першая магчымая прычына патэнцыйных новаўвядзенняў — хоць і з затрымкай, але яшчэ больш пакараць жыхароў пратэсных дамоў, якія былі актыўныя падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года і наступных падзей у краіне. Таварыствы ўласнікаў часцяком ствараюцца ў новабудоўлях. Так склалася, што як мінімум у Мінску ў некаторых такіх дамах праходзілі актыўнасці ў 2020 годзе. Гэта напружвала чыноўнікаў, а Аляксандр Лукашэнка прыгадваў таварыствам уласнікаў пратэсныя актыўнасці яшчэ і ў 2022 годзе, пагражаў іх кіраўнікам узмацненнем жорсткасці ўмоваў працы.
27 лістапада гэтага года Наталля Качанава таксама заявіла, што «ў 2020 годзе некаторыя таварыствы ўласнікаў паводзілі сябе непрыстойным чынам».
Другая патэнцыйная прычына — закрыць недахоп сродкаў у ЖКГ. На гэты год у рэспубліканскім бюджэце на ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва было запланавана вылучыць сродкі ў памеры 6,7 млн рублёў. Гэта амаль у 14 разоў менш, чым летась — 96,3 млн рублёў.
Чытайце таксама