Ціханоўская: «Рэжым старанна знішчае „чацвёртую ўладу“, бо першыя тры ён ужо падпарадкаваў сабе»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская звярнулася да журналістаў з нагоды Дня свабоды прэсы, які штогод адзначаецца 3 траўня. Яна заклікала працягваць казаць праўду і выратаваць журналістыку ў Беларусі. Зварот апублікаваны ў яе тэлеграм-канале.

Беларусские журналисты проводят пикет у здания РУВД Октябрьского района Минска после ряда задержаний своих коллег на митингах против фальсификаций на президентских выборах 2020 года, Минск, 2 сентября 2020 года. Фото: TUT.BY
Беларускія журналісты праводзяць пікет ля будынка РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска пасля шэрагу затрыманняў сваіх калег на мітынгах супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, Мінск, 2 верасня 2020 года. Фота: TUT.BY

«Нядаўна я прачытала пра тое, што жыхары Мазыра і Петрыкава скардзяцца на неадрамантаваныя дарогі, а ў Жлобіне — на ямы каля дзіцячых садкоў. І хоць мы не заўсёды заўважаем навіны з рэгіёнаў, асвятленне праблем важнае для тых, хто сутыкаецца з абыякавасцю мясцовых уладаў. Калі структуры адмахваюцца ад зваротаў людзей, то сродкі масавай інфармацыі і журналісты — адзіны спосаб прыцягнуць увагу да праблемы. Менавіта таму рэжым старанна знішчае „чацвёртую ўладу“, бо першыя тры ён ужо падпарадкаваў сабе», — сказала Ціханоўская.

Яна нагадала таксама, што ў Беларусі больш за тры дзясяткі журналістаў-палітвязняў. Ларыса Шчыракова, Ігар Лосік, Марына Золатава, Кацярына Андрэева і іншыя незалежныя журналісты незаконна зняволеныя за сумленнае і бесстаронняе выкананне сваёй працы.

Таксама Ціханоўская падзякавала незалежным журналістам, якія працягваюць гаварыць праўду, нягледзячы на цяжкасці, з якімі ў гэтыя гады сутыкаюцца беларускія СМІ.

«Калі парадк дня рэжыму займае практычна ўвесь эфірны час на тэлеэкранах Беларусі, вы даяце людзям магчымасць бачыць падзеі без хлусні і маніпуляцый. Дзякуючы вам беларусы не засталіся сам-насам з прапагандай. Пакуль рэжым уводзіць цэнзуру, яны працягваюць чытаць незалежныя СМІ», — гаворыцца ў звароце.

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што ў барацьбе за свабоду слова і дэмакратычныя каштоўнасці журналістыка — адзін з найважнейшых інстытутаў.

«І мы павінныя яго выратаваць. Чытайце і падтрымлівайце нашыя сродкі масавай інфармацыі, калі гэта бяспечна. Дзяліцеся цікавымі матэрыяламі і медыяпраектамі, хаця б знаходзячыся за мяжой. Бо рэжым не мае права загадваць беларусам, як ім думаць!» — заключыла яна.

Сусветны дзень свабоды прэсы быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у снежні 1993 года. З таго часу штогод 3 траўня, у гадавіну прыняцця Віндхукскай дэкларацыі, ва ўсім свеце праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Сусветнаму дню свабоды прэсы. У 2024 годзе гэты дзень прысвечаны важнасці журналістыкі і свабоднага выказвання меркаванняў у кантэксце цяперашняга глабальнага экалагічнага крызісу.