Агенцтва Reuters са спасылкай на блізкія да Крамля крыніцы паведаміла, што Пуцін гатовы да спынення агню ва Украіне і мірных перамоваў, калі за Расіяй пакінуць захопленыя тэрыторыі. Між тым сам прэзідэнт РФ нечакана прыбыў у суправаджэнні многіх высокапастаўленых чыноўнікаў у Мінск на сустрэчу з Лукашэнкам. На наступны дзень у Гомелі прызямліўся самалёт экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Усе гэтыя падзеі — супадзенне? На думку старшыні камітэта Вярхоўнай рады Украіны па знешняй палітыцы і міжпарламенцкім супрацоўніцтве Аляксандра Меражко, Пуціну патрэбная перадышка і ён рыхтуе нейкі прапагандысцкі ход, каб адцягнуць усеагульную ўвагу ад мірнага саміту па Украіне, які пройдзе ў чэрвені ў Швейцарыі.

На думку Аляксандра Меражко, Пуцін панічна баіцца правядзення Глабальнага саміту міру ў Швейцарыі, запланаванага на 15−16 чэрвеня, бо гэта падрывае яго прапагандысцкія наратывы і сведчыць пра тое, што большасць краін свету, уключаючы Глабальны Поўдзень, выступае супраць расійскай агрэсіі.
— Разам з тым Пуцін бачыць, што Украіна атрымлівае ўсё больш ваенна-тэхнічнай дапамогі ад ЗША і Еўропы, а таксама прыняла закон пра мабілізацыю, які дазволіць Украіне ўзмацніць сваю абараназдольнасць у супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Пуцін таксама адчувае, што яго падтрымка сярод расійскіх элітаў і ў войску слабее, а гэта можа прывесці да яго ліквідацыі, — мяркуе суразмоўца.
Кіраўнік камітэта Рады таксама дапусціў, што прэзідэнту Расіі цяпер неабходная перадышка: ён збіраецца скарыстацца ёю, каб мадэрнізаваць войска, пераадолець эканамічныя праблемы, выкліканыя заходнімі санкцыямі, а потым, назапасіўшы сілы, працягнуць агрэсію супраць Украіны і Захаду.
— Цалкам магчыма, што Пуцін і яго васалы кшталту Лукашэнкі рыхтуюць прапагандысцкую акцыю, каб адцягнуць увагу ад саміту міру ў Швейцарыі, — дадаў Меражко.
Нагадаем, увечары 23 траўня ў Мінск з неанансаваным візітам прыляцеў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, таксама прыбылі новы міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў, кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, гендырэктар «Расатама» Аляксей Ліхачоў і іншыя расійскія функцыянеры.
Афіцыйныя перамовы Лукашэнкі і Пуціна праходзяць 24 траўня ў Палацы Незалежнасці спачатку ў вузкім, а потым у пашыраным складзе. Як паведамлялася раней, яны збіраюцца абмеркаваць «стан і перспектывы развіцця ўсяго комплексу беларуска-расійскіх адносін», у першую чаргу пытанні бяспекі. У прыватнасці, Пуцін паабяцаў пагаварыць пра сумесныя вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй.
У гэты ж дзень, паводле інфармацыі тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», у Гомелі прызямліўся самалёт экс-прэзідэнта Украіны Януковіча, які апошні раз двойчы прылятаў у Беларусь у сакавіку 2022-га, падчас расійска-ўкраінскіх перамоваў.
Таксама агенцтва Reuters са спасылкай на пяць набліжаных да Крамля крыніц паведаміла, што Уладзімір Пуцін гатовы спыніць вайну і пачаць перамовы пра спыненне агню пры ўмове прызнання за Расіяй тэрыторый на цяперашніх лініях фронту.
Паводле інфармацыі Reuters, Пуцін расчараваны рашэннем прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага выключыць мірныя перамовы і падтрымкай Захаду ў гэтым пытанні. Пры гэтым ён гатовы працягваць вайну, калі Кіеў і Захад не пойдуць насустрач.
«Пуцін можа змагацца столькі, колькі спатрэбіцца, але Пуцін таксама гатовы да спынення агню — каб замарозіць вайну», — заявіла адна з высокапастаўленых расійскіх крыніц, якая, як піша агенцтва, працавала з Пуціным і ў курсе размоваў на найвышэйшым узроўні ў Крамлі.
Чытайце таксама