Пракуратура Польшчы расследуе злачынства, якое рыхтавалася замежнымі спецслужбамі супраць намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Паўла Латушкі. Пра гэта паведамляе Reuters.

Расследаванне вядуць па такіх крымінальных артыкулах, як падбухторванне іншых асобаў да злачынства, забойства і дзейнасць замежных спецслужбаў.
Паводле прэс-сакратара Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Пшэмыслава Новака, у расследаванні таксама ўдзельнічаюць супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы, якое знаходзіцца ў Лодзі.
Адзначаецца, што расследаванне злачынства ў дачыненні да Латушкі вядзецца на фоне ўзрослых асцярогаў за бяспеку беларускіх і расійскіх апазіцыянераў пасля нападу на Леаніда Волкава — памочніка памерлага лідара расійскай апазіцыі Аляксея Навальнага.
Нагадаем, увечары 12 сакавіка ў Вільнюсе з малатком напалі на паплечніка Аляксея Навальнага, апазіцыянера Леаніда Волкава. Яму разбілі акно ў машыне і распылілі ў вочы слезацечны газ, пасля чаго яго пачалі біць малатком. Волкава даставілі ў бальніцу, але выпісалі на наступны дзень. Сам палітык лічыць, што за тым, што адбылося, стаяць расійскія ўлады.
19 красавіка ў Польшчы затрымалі беларуса, які працаваў на расіян і падазраецца ў тым, што заказаў двум палякам забойства паплечніка Навальнага — пра гэта расказаў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Яшчэ раней паведамлялася пра затрыманне двух падазраваных у нападзе на Волкава. Паводле прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы, абодва — грамадзяне Польшчы. Туск дадаў, што яны звязаныя з коламі фанатаў ультрас.