У Мінску два гады таму стварылі засакрэчаны фонд — Лукашэнка казаў: «Гэта гарантыя, што грошы не будуць раскрадзеныя». Вырашылі праверыць
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Мінску амаль два гады таму стварылі «засакрэчаную» арганізацыю — «Фонд першага». Яна зарэгістраваная па тым самым адрасе, што і меркаваная новая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Летась палітык заявіў, што фонд мусіць замяніць закрытыя праз рэпрэсіі дабрачынныя арганізацыі. Аднак у публічным доступе дагэтуль практычна няма інфармацыі пра гэтую структуру: ні хто ёю валодае, ні ці вядзе яна дзейнасць, а калі так, то чым займаецца. «Люстэрка» сабрала тое нямногае, што вядома пра гэты фонд.

Здание на Красноармейской, 15 в Минске до масштабной реконструкции. Предположительно здесь находится одна из резиденций Лукашенко. Фото: jkhlen.by
Будынак на Чырвонаармейскай, 15 у Мінску да маштабнай рэканструкцыі. Як мяркуецца, тут знаходзіцца адна з рэзідэнцый Лукашэнкі. Фота: jkhlen.by

Арганізацыя пад патранатам Аляксандра Лукашэнкі, якую назвалі «Фонд першага», была зарэгістраваная 25 кастрычніка 2022 года. Структура, паводле сцверджанняў палітыка, мусіла аказваць дапамогу «тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу». «Мы зможам акумуляваць грошы тых, хто неабыякавы. І з майго боку — гарантыя таго, што гэтыя грошы раскрадзеныя не будуць», — казаў Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку 2023 года — праз год пасля стварэння фонду. Тады ж ён прызнаўся, што арганізацыю ствараюць на месцы разгромленых паводле яго ўказа НДА, якія дапамагалі людзям. Акрамя гэтага, палітык заявіў, што практычна праз год пасля адкрыцця на рахунках арганізацыі было пуста і ў яе яшчэ не было кіраўніка.

Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што патрэбны «абсалютна адкрыты фонд, каб людзі, якія ўносяць сродкі, разумелі, куды ідуць гэтыя грошы».

У кастрычніку 2023-га, праз два дні пасля заяваў палітыка, старшыня цэнтральнай раённай арганізацыі Мінска «Белая Русь» Галіна Гузоўская расказала, што сістэма працы фонду будзе празрыстай: «Калі юрыдычныя асобы, магчыма, у будучыні арганізацыі ці простыя людзі будуць аказваць сур’ёзную фінансавую дапамогу і падтрымку сваім суграмадзянам праз „Фонд першага“, то, магчыма, і ў падатковым заканадаўстве будуць нейкія паслабленні для такой катэгорыі грамадзян».

Што цяпер (не)вядома пра фонд?

У публічным доступе ў фонду няма фінансавых справаздач ці звестак пра пададзеныя ім падатковыя дэкларацыі. Няма ў яго ні сайта, ні нават агульнавядомага нумара тэлефона, праз які туды маглі б звярнуцца дабрачынцы альбо тыя, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Нават у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і ІП усе звесткі пра структуру, у тым ліку пра ўладальнікаў, кіраўніка і адрас знаходжання, схаваныя. Хоць яшчэ ў кастрычніку мінулага года ў выпісцы па фондзе было відаць, што ён зарэгістраваны па адрасе новай меркаванай рэзідэнцыі Лукашэнкі — на вуліцы Чырвонаармейскай, 15.

Вядома толькі, што арганізацыяй валодае юрыдычная асоба (або некалькі) без дзяржаўнага і замежнага ўдзелу.

Паводле звестак на пачатак 2024 года, у фондзе афіцыйна быў працаўладкаваны адзін чалавек.

Нагадаем, раней аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў BELPOL паведамляла, што па адрасе Чырвонаармейская, 15 у Мінску — у будынку, прызнаным гістарычна-культурнай каштоўнасцю, — уладкоўваюць новую рэзідэнцыю Лукашэнкі.

Сам палітык заявіў, што гэты будынак адрамантавала яго Кіраўніцтва справамі. Нібыта на першым паверсе абсталявалі аддзяленне рэабілітацыі (ён не патлумачыў для каго). А на верхнім паверсе ён «даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), сабраць пад адным дахам».

Мы паспрабавалі адшукаць хоць адну грамадскую арганізацыю, размешчаную па гэтым адрасе. Але не знайшлі ніводнай.

Чытайце таксама