На мінулым тыдні, да закрыцця пятнічных таргоў на БВФБ, на знешніх рынках даляр саступіў еўра і юаню, але пры гэтым моцна падрос да расійскага рубля. Вынікі тыдня на рынку валют выданне Myfin.by падвяло з фінансавым аналітыкам Вадзімам Іосубам.

Галоўная падзея тыдня
Самая значная падзея тыдня для валютных рынкаў — прынятае ў сераду рашэнне ФРС знізіць стаўку адразу на 0,50 п. п. да дыяпазону 4,75−5,00%. За такое рашэнне прагаласавала 11 з 12 чальцоў Камітэта па адкрытых рынках ФРС. Гэта першае зніжэнне стаўкі ў ЗША з кавіднага 2020 года. Напярэдадні паседжання амерыканскага рэгулятара эксперты называлі яго будучае рашэнне самым няпэўным прынамсі за апошнія 10 гадоў. Рынак ацэньваў імавернасць зніжэння стаўкі на 0,25 п. п. у 40%, а на 0,50 п. п. — у 60%, то-бок ледзь не 50/50, хоць звычайна перад паседжаннем па стаўцы ў рынку складваецца кансэнсус (90% і больш) наконт таго, чаго можна чакаць ад рэгулятара.
Акрамя таго, ФРС ЗША перагледзела частку сваіх эканамічных прагнозаў на гарызонце да 2026 года. Так, медыянны прагноз па працэнтнай стаўцы на гэты год паніжаны з 5,1 да 4,4%, на 2025 год — з 4,1 да 3,4%, на 2026-ы — з 3,1 да 2,9%. Прагноз па ВУП на гэты год зніжаны з 2,1 да 2,0%, на два наступныя гады ён захаваўся на ўзроўні 2,0%. Прагноз па інфляцыі (паказчык Total PCE) сёлета зніжаны з 2,6 да 2,3%, у 2025-м — з 2,3 да 2,1%, у 2026-м застаўся на ўзроўні 2,0%. У той жа час павышаны прагноз па беспрацоўі: сёлета з 4,0 да 4,4%, у 2025-м — з 4,2 да 4,4%, у 2026-м — з 4,1 да 4,3%.
У суправаджальнай заяве Камітэт па адкрытых рынках ФРС адзначыў:
Апошнія звесткі сведчаць пра ўпэўненыя тэмпы росту эканамічнай актыўнасці. Рост колькасці працоўных месцаў запаволіўся, а ўзровень беспрацоўя вырас, але застаецца нізкім. Інфляцыя па-ранейшаму дэманструе прагрэс у кірунку таргету ФРС.
Камітэт атрымаў упэўненасць у тым, што інфляцыя рухаецца да 2%, а таксама ўбачыў лепшы баланс рызык, на фоне чаго было прынятае рашэнне знізіць стаўку на 0,50%.
Камітэт працягне скарачаць баланс ФРС у адпаведнасці з планамі. На прэс-канферэнцыі пасля паседжання кіраўнік ФРС Джэром Паўэл, у прыватнасці, адзначыў:
- Рынак працы астудзіўся.
- Рашэнне па стаўцы адлюстроўвае рост упэўненасці ў тым, што стабільнасць на рынку працы можна захаваць.
- Эканоміка ў цэлым моцная.
- Рызыкі цяпер лепш збалансаваныя на фоне зніжэння рызыкі росту інфляцыі.
- Рызыкі пагаршэння сітуацыі на рынку працы ўзраслі.
- Калі эканоміка застанецца стабільнай, а інфляцыя — устойлівай, ФРС будзе змякчаць ДКП павольней.
- Прыйшоў час пераналадзіць грашовую палітыку ў адпаведнасці са змененымі ўмовамі.
- Тэмп зніжэння стаўкі ці яе захаванне будзе залежаць ад эканомікі.
- Цяперашні крок зніжэння стаўкі не значыць, што наступныя зніжэння будуць у такім самым тэмпе.
- Няма неабходнасці ў далейшым астуджэнні рынку працы для зніжэння інфляцыі да 2%.
Калі звярнуцца да цяперашніх чаканняў рынкаў наконт рашэння па стаўцы ФРС, якое будзе прынятае на наступным паседжанні 7 лістапада, то 51,4% паказвае на тое, што стаўка знізіцца на 0,50 п. п. да 4, 50%. Астатнія 48,6% прыпадаюць на імавернасць зніжэння стаўкі на 0,25 п. п. да 4,75%. Пры гэтым на канец года, пасля паседжання 18 снежня, рынак чакае з максімальнай імавернасцю 50,1% зніжэння стаўкі да 4,25%.
Падзенне даляра да еўра і юаня
У выніку ўсіх гэтых падзей да закрыцця пятнічных таргоў на БВФБ даляр знізіўся да еўра і юаня, але прыкметна падрос адносна расійскай валюты. Так, еўра пасля тыдня зніжэння падрос да даляра з 1,1090 да 1,1160 (+0,6%). Да расійскага рубля даляр вырас другі тыдзень запар, гэтым разам з 90,7 да 92,6 (+2,0%). Цягам тыдня даляр абнавіў да рубля максімум з канца красавіка. Адносна юаня даляр зніжаецца другі тыдзень, гэтым разам з 7,04 да 6,98 (-0,7%), абнавіўшы мінімум з траўня мінулага года.
Зніжэнне даляра адбылося і адносна некаторых іншых сусветных валют у выніку зніжэння стаўкі. Так, брытанскі фунт адносна даляра абнавіў максімум з сакавіка 2022 года. Аўстралійскі даляр абнавіў максімум да амерыканскага з самага пачатку гэтага года. Да японскай ены даляр апускаўся да мінімумаў з ліпеня мінулага года. Да такіх жа ўзроўняў, ліпень мінулага года, апусціўся і індэкс даляра DXY.
Зніжэнне ставак, як правіла, карыснае для рынку акцый. Пасля паседжання ФРС індэкс амерыканскіх «блакітных фішак» DJI і «шырокі» індэкс S&P500 абнавілі гістарычныя максімумы. Тым самым шляхам пайшло і золата, абнавіўшы гістарычны максімум вышэй за адзнаку 2620 даляраў за тройскую унцыю.
Беларускі рубель страчвае ў цане
Што да беларускага рубля, то ён цалкам паўтарыў дынаміку папярэдняга тыдня: знізіўся да даляра, еўра і юаня, але пры гэтым прыкметна ўмацаваўся да расійскай валюты.
У пачатку мінулага тыдня ЕАБР у сваім традыцыйным макрааглядзе звярнуў увагу на інфляцыю ў Беларусі. Аналітыкі банка адзначаюць, што яна паскорылася да 6,1% г/г у жніўні пасля 5,5% г/г у ліпені. Рост цэн на прадукты харчавання сфармаваўся на ўзроўні 7,3% г/г у жніўні пасля 6% г/г у папярэднім месяцы і стаў асноўным фактарам павышэння інфляцыі. Найбольшы рост цэн назіраўся на сезонныя садавіну і гародніну (18,9% г/г у жніўні пасля 15,1% г/г у ліпені).
У сегменце платных паслуг інфляцыя засталася на ўзроўні мінулага месяца (6% г/г). Рост цэн на нехарчовыя тавары запаволіўся да 4,4% г/г у жніўні пасля 4, 5% г/г у ліпені. Устойлівая частка інфляцыі ў жніўні (4,8% г/г) захавалася блізу значэнняў за чэрвень — ліпень (4,7% г/г). У ЕАБР чакаюць захавання гадавой інфляцыі блізу цяперашніх значэнняў да канца года на фоне праінфляцыйных рызык праз павышаную інфляцыю ў Расіі.
На мінулым тыдні Нацбанкам зацверджаныя значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі на кастрычнік 2024 года:
- па новых крэдытах у нацыянальнай валюце, якія даюцца юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных), — 12,50% гадавых;
- па новых крэдытах у нацыянальнай валюце, якія даюцца фізічным асобам (за выключэннем ільготных), — 17,71% гадавых.
Абодва гэтыя параметры, для юрыдычных і фізічных асобаў, застаюцца нязменнымі трэці месяц, пачынаючы са жніўня.
За мінулы тыдзень больш за іншыя валюты ў працэнтным вылічэнні падаражэў да беларускага рубля юань, з 4,5269 да 4,6031 за 10 юаняў (+1,68%). Еўра вырас крыху менш, але таксама прыкметна, з 3,5328 да 3,5884 (+1,57%). Менш за іншыя валюты падаражэў даляр, з 3,1852 да 3,2152 (+0,94%). Адзіная патаннелая да беларускага рубля валюта — расійскі рубель, ён знізіўся з 3,5100 да 3,4728 за 100 расійскіх (-1,06%). Адзначым, што даляр і еўра растуць трэці тыдзень запар. Пры гэтым еўра і юань абнавілі максімумы з пачатку года, а расійская валюта — мінімум.
Як і тыдзень таму, зніжэнне расійскай валюты ў складзе кошыка «пераважыла» рост даляра і юаня. У выніку кошык патаннеў другі тыдзень запар, гэтым разам на 0,19%, што азначае адпаведнае ўмацаванне нацыянальнай валюты.
На наступным тыдні аналітыкі чакаюць зніжэнне расійскай валюты ў дачыненні як да даляра, так і, у меншай ступені, да беларускага рубля.
Пры такім сцэнары праз тыдзень даляр у дачыненні да расійскага рубля можа падаражэць да 94,5. Расійскі рубель адносна беларускага, імаверна, знізіцца да 3,44 за 100 расійскіх.
Меркаванні экспертаў банкаў, інвестыцыйных і фінансавых кампаній, прадстаўленыя ў гэтай рубрыцы, могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і не з’яўляюцца афертай або рэкамендацыяй да куплі ці продажу якіх-кольвек актываў ці валют.