Яшчэ адна прэтэндэнтка выйшла з прэзідэнцкай гонкі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Былая прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава прыняла рашэнне спыніць удзел у кампаніі па выбарах прэзідэнта. Пра гэта паведаміў дзяржтэлеканал «Першы інфармацыйны».

Ольга Чемоданова. Фото: СТВ
Вольга Чамаданава. Фота: СТБ

— Мы разумеем выдатна, што ніхто, акрамя нашага прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, сёння не зможа забяспечыць тую бяспеку, у якой мы знаходзімся, бяспеку нашай краіны ў першую чаргу і, вядома ж, такое паступальнае развіццё нашай дзяржавы. Мы — каманда нашага прэзідэнта. Мы былі і застаёмся гэтай камандай. І самае галоўнае — мы надзейны тыл, у чым можна не сумнявацца. У гэтай сувязі я прыняла рашэнне не ўдзельнічаць у далейшай электаральнай кампаніі, — заявіла Чамаданава (цытата паводле БЕЛТА).

Раней такое ж рашэнне прыняў старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў. Ён патлумачыў свой выхад з гонкі тым, што пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы яму пачалі прыходзіць шматлікія звароты афіцэраў, якія выказалі жаданне «згуртавацца вакол нашага галоўнакамандуючага» і «падтрымаць дзейнага прэзідэнта на будучых выбарах», каб «не дапусціць дваістых думак сярод вайскоўцаў».

Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 26 студзеня 2025 года. Гэта асноўны дзень галасавання, а датэрміновае будзе арганізаванае з 21 да 25 студзеня.

4 лістапада Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўныя групы сямі прэтэндэнтаў у кандыдаты. Станам на 12 лістапада, у гонцы застаюцца пяцёра з іх: Аляксандр Лукашэнка, Алег Гайдукевіч, Аляксандр Хіжняк, Ганна Канапацкая, Сяргей Сыранкоў.

Раней Аляксандр Лукашэнка, каментуючы этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп, адзначыў, што ўсе прэтэндэнты ў кандыдаты на блізкіх выбарах хочуць яго «засцерагчы».

— Ну, а як інакш я магу расцаніць, асабліва вылучэнне жанчынамі сваёй кандыдатуры (гаворка ішла пра Вольгу Чамаданаву. — Заўв. рэд.). Я ўпэўнены, што яны проста хочуць мяне акружыць флангамі і засцерагчы, — упэўнены палітык.

Чытайце таксама