Улады прыдумалі, як завабіць людзей у рэгіёны — праз мехкалоны, даільныя ўстаноўкі і меліярацыю. Чаму гэтаму пагражае правал — эканаміст
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Урад збіраецца ў наступную пяцігодку «спыніць адток эканамічна актыўнага насельніцтва» з рэгіёнаў. Аднак крокі, якія ўлады хочуць рабіць для гэтага, выглядаюць вельмі спрэчнымі. Пра тое, наколькі яны эфектыўныя і што дапамагло б вырашыць праблему дэпапуляцыі рэгіёнаў, «Люстэрка» пагаварыла з кіраўніком праекта «Кошт урада», эканамістам Уладзімірам Кавалкіным.

Иллюстративный снимок. Фото: TUT.BY
Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

Што прапануюць улады для вырашэння праблем рэгіёнаў?

Штогод з сярэдняга раёна на восем-дзесяць тысяч занятых у эканоміцы з’язджае 300−400 чалавек. Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой на паседжанні прэзідыума Усебеларускага народнага сходу 19 лістапада. Атрымліваецца, што кожны год такі раён страчвае да 4−5% работнікаў. Больш за тое, нярэдка людзі з’язджаюць сем’ямі, значыць, адток насельніцтва яшчэ вышэйшы.

Урад лічыць, што справіцца з гэтай праблемай (і ўтрымаць работнікаў у рэгіёнах) дапамогуць метады, якія выкарыстоўваліся ў СССР і захаваліся ў незалежнай Беларусі.

— Першае — гэта тэрміновае аднаўленне працы райаграсэрвісаў, будаўнічых перасоўных мехкалонаў, сельгасхіміі, арганізацый, якія адказваюць за абслугоўванне даільных установак, новыя свідравіны вады, забяспечанне палівам. Другое — неабходнасць пераўтварэнняў у АПК (аграпрамысловыя комплексы. — Заўв. рэд.). Кропкавае, эканамічна абгрунтаванае і фінансава выверанае аб’яднанне гаспадарак у прывязцы да лідараў, маякоў раёна, Аднаўленне ці пашырэнне практыкі выкарыстання мехатрадаў, перамяшчэнне жывёлы на новыя малочнатаварныя комплексы, паскораная меліярацыя, праца са старымі дамамі, уцягванне земляў у сельгасабарот, — заявіў Дзмітрый Крутой.

Нагадаем, у чэрвені гэтага года Аляксандр Лукашэнка заклапаціўся рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі і прайшоўся па працы «Белаграсэрвіса» — кампаніі, якая аказвае такія паслугі, але мае патрэбу ў рэгулярнай падтрымцы дзяржавы. Тады сярод іншага падымаліся пытанні працы аграсэрвісаў. Як паведамлялася, такіх арганізацый у краіне налічваецца 134. Яны аказваюць аграсэрвісныя, транспартныя, рамонтныя і іншыя паслугі.

Чаму людзі пакідаюць невялікія гарады і вёскі?

Эканаміст Уладзімір Кавалкін бачыць дзве асноўныя прычыны, якія вымушаюць людзей пакідаць іх родныя малыя гарады і вёскі і пераязджаць у буйныя населеныя пункты ці нават за мяжу. Гэта невысокія зарплаты ў параўнанні з абласнымі цэнтрамі і тым больш Мінскам, а таксама нізкая якасць паслуг і жыцця ў маленькіх рэгіёнах, адзначае эканаміст.

— Умоўна кажучы, калі чалавек захварэў на нешта, то ён хутчэй знойдзе патрэбнага доктара для абследавання і лячэння ў абласным цэнтры ці ў Мінску, чым у маленькім горадзе, — прыводзіць прыклад эксперт. — І пытанне ў прынцыпе ў даступнасці рознага кшталту паслуг — як дзяржаўных, звязаных з адукацыяй і медыцынай, так і прыватных, напрыклад, звязаных з магчымасцю схадзіць у кавярню, кінатэатр, заняцца спортам, неяк яшчэ прабавіць вольны час.

Такім чынам, пераадоленне ці хаця б запаволенне дэпапуляцыі глыбінкі залежыць ад вырашэння гэтых дзвюх праблем.

Што яшчэ маглі б зрабіць чыноўнікі, каб зменшыць адток людзей з рэгіёнаў?

— Ці змогуць у нейкім савецкім рэжыме вырашыць гэтыя праблемы? Вядома, не, — лічыць эканаміст і тлумачыць, чаму так лічыць: — Практыкі і метады, якія выкарыстоўваліся ў гады калектывізацыі ці ў пасляваенныя гады, цяпер не спрацуюць. Тады камуністам дасталася аграрная краіна, дзе большасць насельніцтва была сялянамі, якіх потым загналі ў калгасы. Значыць, і праблемы ў іх былі зусім іншыя, перад імі не стаяла праблемы дэпапуляцыі. Цяпер развіццём маторна-тэхнічных станцый гэтай праблемы не вырашыць.

Аналітык лічыць, што больш значны эфект дало б, напрыклад, развіццё прыватнага фермерства. То-бок калі б улады стварылі ўмовы, у якіх фермеры маглі нармальна працаваць і зарабляць, то, хутчэй за ўсё, удалося б калі не павялічыць насельніцтва рэгіёнаў, то прынамсі прыпыніць дэпапуляцыю і выезд людзей у буйныя гарады ці за мяжу.

— Людзі самі сваёй працай маглі б зарабляць грошы, якія лічаць нармальнымі. А калі вы працуеце ў калгасе, на дзяржпрадпрыемстве, калі заробак залежыць не ад таго, як добра вы працуеце, а ад таго, якія дзяржава вызначыла закупачныя цэны, то заробкі будуць заўсёды нізкімі і беднасць будзе самааднаўляцца, — кажа Уладзімір Кавалкін.

Тым больш немагчыма вырашыць настолькі глабальную праблему за пяць гадоў, працягвае эканаміст:

— Гэта значна даўжэйшыя цыклы. Каб папуляцыя расла, людзі павінныя альбо туды пераязджаць з горада (што цяпер выглядае як анекдот), альбо нараджаць больш дзяцей (але моладзь у асноўным адтуль ужо з’ехала). За пяць гадоў калі нешта і можна зрабіць, то варта паспрабаваць спыніць працэс.

Аднак адным з нямногіх дзейсных спосабаў дасягнення мэты ўрада эканаміст лічыць даванне людзям свабоды і магчымасці займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, а таксама стабільных правоў уласнасці.

— Бо калі мы гаворым пра сельскую гаспадарку, то праца на зямлі — гэта тое, што выбудоўваецца дзесяцігоддзямі і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Гэта не кавярня, якую сёння адкрыў, праз год ліквідаваў, а потым заснаваў новую, — кажа Уладзімір Кавалкін. — У зямлю трэба ўкладаць шмат працы, поту, грошай, каб яна пачала цябе карміць. Таму без прынцыповых зменаў усёй эканамічнай палітыкі якімі-небудзь уліваннямі пытання не вырашыш. Яны [улады] могуць убухаць грошы ў абсталяванне калгасаў — тыя, хто там працуе, магчыма, трошачкі гэтаму парадуюцца, але новыя дакладна туды не прыедуць. Могуць пачаць размяркоўваць студэнтаў — у найлепшым выпадку тыя адпрацуюць два гады і зноў збягуць.

Чытайце таксама