У жыхаркі Хойнікаў, якая гадамі брала на вэксаль прадукты ў краме і не расплачвалася і ёй усё сышло з рук (суд пацвердзіў — плаціць грошы не трэба), відаць, з’явіўся паслядоўнік. «Люстэрка» знайшло ў банку судовых рашэнняў яшчэ адзін падобны кейс: мужчына браў тавары на вэксаль, а калі з яго праз суд спрабавалі спагнаць грошы, то нічога не атрымалася. Прычым у доўг набіраў прадукты як сам работнік крамы, так і іншыя пакупнікі. Расказваем падрабязнасці гэтай гісторыі.

Дырэктар прыватнай вытворча-гандлёвай кампаніі звярнуўся ў суд са скаргай на свайго работніка (яго пасада не агучаная, але, хутчэй за ўсё, гаворка пра прадаўца). Як вынікае з судовых дакументаў, паміж кіраўніком кампаніі і супрацоўнікам была дамоўленасць: праз цяжкае матэрыяльнае становішча апошняга можна браць тавары ў доўг, то-бок з адтэрміноўкай плацяжу. Супрацоўнік абяцаў пагасіць пазычанасць у будучыні, але не стрымаў слова, сцвярджаў уладальнік прыватнай кампаніі.

Мужчына прасіў у пазове спагнаць з работніка доўг (сума не называецца), вярнуць выплачаную дзяржпошліну, а таксама выдаткаваныя на юрыста грошы.
«Прадстаўнік пазоўніка Б. у судовым паседжанні патрабаванні падтрымала і паказала, што Д. браў у краме прадукты харчавання ў доўг, а таксама раздаваў пакупнікам тавары ў доўг, за якія не ўносілася плата, у сувязі з чым утварылася пазычанасць», — гаворыцца ў судовых дакументах.
Пры гэтым сам работнік пазову не прызнаў: ён сказаў, што сапраўды браў тавары ў доўг, але пазней унёс грошы ў касу.
Суддзя вырашыў, што патрабаванні ў пазове неабгрунтаваныя. У выніку ўладальнік прыватнай кампаніі не змог спагнаць запатрабаваныя грошы.
Чытайце таксама