Раман Пратасевіч сустрэўся з Віктарам Бабарыкам. Фатаграфіі сустрэчы ён апублікаваў у сваім тэлеграм-канале.

«Адразу скажу, што асноўнай маёй мэтай было перадаць Віктару Бабарыку вестачкі ад яго родных», — сказаў Пратасевіч.
Ён паведаміў, што Віктар Дзмітрыевіч «выглядае бадзёрым» і «не страціў свайго красамоўства».
Былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, які планаваў балатавацца ў прэзідэнты ў 2020 годзе і лічыўся асноўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі, у ліпені 2021-га атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў хабары і адмыванні грошай. Прысуд быў палітычна матываваным, Бабарыку прызналі палітвязнем.
Яго адправілі адбываць тэрмін у калонію ў Наваполацку ў Віцебскай вобласці, дзе з самага пачатку імкнуліся максімальна ізаляваць ад іншых зняволеных.
Першапачаткова Бабарыка працаваў абпальшчыкам у пякарні, потым — укладчыкам хлебабулачных вырабаў.
Віктара Бабарыку ізалявалі ад вонкавага свету ў канцы красавіка 2023 года, пасля таго як хуткая дапамога прывезла яго ў «цывільную» бальніцу Наваполацка. Інфармацыя пра шпіталізацыю была супярэчлівай — тэлеграм-канал «Рабочы рух» паведамляў пра збіццё, штаб Віктара Бабарыкі — пра тое, што ў яго гідраторакс — вадкасць у лёгкіх. Але што менавіта стала прычынай — хвароба ці збіццё, — невядома. Пасля гэтага адвакаты страцілі доступ да падабароннага, у сям'і таксама не было пра яго звестак.