Хтосьці піша шпіёнскія раманы, хтосьці іх чытае, хтосьці здымае паводле іх фільмы, хтосьці іх глядзіць. Ісер Харэль з Віцебска ў іх жыў. Ён лавіў па ўсім свеце нацысцкіх злачынцаў, збіраў найважнейшыя разведдадзеныя, ухіляў пагрозы і распрацоўваў «шматхадовачкі», якія праз шмат гадоў леглі ў аснову папулярных шпіёнскіх трылераў. Ісер Харэль стварыў службу разведкі «Масад», падсадзіў свайго «крата» ў блізкія да ўрада Сірыі колы, выкрыў самага вядомага савецкага разведчыка ў Ізраілі, распрацаваў аперацыю па затрыманні і «нелегальнай экстрадыцыі» з Аргентыны «архітэктара Халакосту» Адольфа Эйхмана і ледзь не злавіў Анёла Смерці — доктара Ёзэфа Менгеле. Знаёмцеся, шпіён, контрразведчык і паляўнічы на нацыстаў Гальперын… Ізраіль Натанавіч Гальперын. Таксама вядомы як Ісер Харэль.

Мы працягваем праект «Продкі» — гэта цыкл артыкулаў пра людзей, цесна звязаных з Беларуссю. Яго героі — ураджэнцы нашай краіны, чые імёны ў свой час грымелі на ўвесь свет — і не заўсёды ў добрым сэнсе слова. Ад неверагодных навукоўцаў і прадпрымальнікаў да гангстараў і заснавальнікаў сучаснага Галівуду. Пра іх ведаюць і памятаюць далёка за межамі Беларусі, а мы хочам, каб і на радзіме іх не забывалі. Гісторыі «Продкаў» натхняюць, здзіўляюць, шакуюць. Але нязменна выклікаюць цікавасць.
У 1912 годзе ў сям'і віцебскіх габрэяў Гальперыных нарадзіўся хлопчык. Сына — ужо чацвёртага — назвалі Ізраілем. Ізем, калі каротка і па-хатняму. Бацькі хлопчыка належалі да найвышэйшага сярэдняга класа. Маці Ёхевед Левіна была малодшай дачкой уладальніка заводаў па вытворчасці воцату. Бацька Ізраіля Натан быў выпускніком габрэйскай рэлігійнай школы ў Польшчы і нібыта мусіў стаць рабінам, але ў цесця былі свае планы на зяця — ён прызначыў яго кіраўніком на адно са сваіх прадпрыемстваў.
Дзяцінства Ісера Харэля выпала на той самы час перамен, жыць у які не зычаць нават ворагам. Першая сусветная вайна, рэвалюцыя — цяжка было ўсім, а габрэям — асабліва. На фоне беднасці, жорсткасці, гвалту ў Віцебску і іншых гарадах былой рысы аселасці раз-пораз успыхвалі пагромы.
«У горадзе ў гэты дзень было шмат габрэйскіх вяселляў, — расказвала газета „Еврейская неделя“ падрабязнасці пагрому, які адбыўся 29 красавіка 1918 года ў Віцебску. — Хуліганы абышлі ўсе вясельныя памяшканні і абрабавалі ўсіх прысутных. Мастак [Марк] Шагал, які пражывае ў Віцебску, выратаваўся дзякуючы таму, што ён назваў сябе палякам. Грамілы напалі таксама на тэатры і сінематографы, аддзялілі хрысціян ад габрэяў і апошніх абрабавалі і збілі. Міліцыя паставілася да пагрому з поўнай абыякавасцю і не захацела яму перашкаджаць. <…> Пагромы насілі чыста антыгабўрэйскі характар; ні адна негабрэйская крама ці дом не былі кранутыя. Габрэйскія жыхары да сёння жывуць у пагромным страху і кожны дзень чакаюць магчымага паўтарэння пагрому».
Пераехаў у Палестыну і прылюдна збіў брытанскага афіцэра
Ісеру давялося з ранніх гадоў засвоіць, што дабро мусіць быць з кулакамі. Як пішуць яго біёграфы, яшчэ ў Віцебску хлопчык уступіў у арганізацыю габрэйскай моладзі і разам з імі абараняў суполку ад пагромшчыкаў. Неўзабаве бальшавікі нацыяналізавалі ўсе сямейныя заводы, і Гальперыным давялося пераехаць у латвійскі горад Даўгаўпілс. На момант пераезду Ізю было 10 гадоў. У Латвіі ён яшчэ мацней прасякнуўся ідэямі сіянізму — палітычнага руху, мэта якога заключаецца ў адраджэнні габрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме — у Ізраілі. У 16 гадоў будучы шпіён уступіў у арганізацыю «Ха-Шамэр ха-Цаір», створаную на ўзор скаўцкіх аб’яднанняў для падрыхтоўкі габрэйскай моладзі да перасялення на Святую зямлю і жыцця ў сельскагаспадарчых камунах — кібуцах.
«Ён пераканаў бацькоў, што яму трэба вучыцца апрацоўваць зямлю. Таму пакінуў школу перад выпускнымі экзаменамі і, далучыўшыся да сваіх аднадумцаў, такіх жа, як і ён, юнакоў, адправіўся на год працаваць на калектыўную ферму пад Рыгай», — пісаў Канстанцін Капітонаў у сваёй кнізе «Ізраіль. Гісторыя „Масада“ і спецназу».

Рашэнне пераехаць у Палестыну 17-гадовы Ізя прыняў, даведаўшыся пра жорсткі пагром, які адбыўся ў 1929 годзе ў палестынскім горадзе Хеўрон. Тады падчас арабскіх хваляванняў загінула 69 габрэяў. Ужо ў студзені 1930 года Ізраіль разам з групай іншых шчасліўчыкаў адправіўся на ПМЖ у палестынскі кібуц, каб умацаваць сваёй працай, потам і крывёю габрэйскія паселішчы.
Перад адпраўкай на Зямлю абяцаную латвійскія сіяністы далі юнаку рэвальвер і пару патронаў. Зброю і боепрыпасы Ізя мусіў перадаць чальцам падпольнай габрэйскай арганізацыі самаабароны «Хагана», якая дзейнічала ў Палестыне. Ён схаваў кантрабанду ў бохан хлеба і паспяхова пранёс праз мытню.
— Я быў настроены і хацеў, як многія першыя рэпатрыянты, працаваць на зямлі і атрымаць адпаведную адукацыю, — успамінаў Ісер Харэль у адным са сваіх інтэрв'ю. — Але ў часы брытанскага мандата (у той час Палестынай кіравала Вялікабрытанія паводле мандату Лігі Нацый. — Заўв. рэд.) арганізацыя габрэйскай самаабароны накіравала мяне на ўзбярэжжа — сустракаць нелегальных эмігрантаў, якіх «па ланцужку», з рук у рукі, прымалі і дапамагалі ўладкоўваць у Палестыне. І вось тады ў мяне адбылася памятная сутычка са старшым брытанскім афіцэрам, які дазволіў сабе антысеміцкую рэпліку. І я збіў яго. Гэта быў, дарэчы, адзіны выпадак у Палестыне, калі на брытанскага афіцэра хтосьці прылюдна наважыўся падняць руку. Мне пагражаў суд і пакаранне. І таварышы тады перавялі мяне на нелегальнае становішча. Так змяніўся мой лёс, а я пачаў займацца пытаннямі бяспекі нашай арганізацыі.
Кібуц, жонка-«амазонка» і служба ў разведцы
У Ізраілі ў Ісера ўсё пайшло не па плане. Праца ў кібуцы ў рэальнасці аказалася не такой прыгожай, як апісвалася ў кнігах. З іншага боку, менавіта ў кібуцы ён сустрэў сваю жонку — перасяленку з Польшчы на імя Рыўка. Суседзі з абшчыны здзіўляліся іх сувязі.
Харэль падаваўся ім чалавекам панурым і замкнёным, а Рыўка была яго супрацьлегласцю — яна любіла забавы і танцы. Аднак, як піша Капітонаў, менавіта Рыўка была адзіным чалавекам, акрамя прэм’ер-міністра Ізраіля Давіда Бэн-Гурыёна, якому Харэль калі-кольвек падпарадкоўваўся. Суседзі называлі яе «амазонкай».
Неўзабаве пасля жаніцьбы Ісер і Рыўка пакінулі кібуц і пераехалі бліжэй да Тэль-Авіва. У 1935 годзе ён запісаўся ў «Хагану». Падпольшчыкі прызначылі маладога Ісера працаваць у Шай — службу бяспекі арганізацыі, якая займалася разведкай і контрразведкай.
«У той час Шай узначальваў Ізраіль Амір. Да падначаленых ён выстаўляў вельмі высокія патрабаванні. Яму патрэбны быў чалавек, які б старанна ацэньваў і адбіраў інфармацыю, што да іх паступала. Ён прызначыў Харэля на пасаду сакратара габрэйскага дывізіёна Шай, які ў той час лічыўся найменш важным і найменш прэстыжным з падраздзяленняў „Хаганы“. У яго абавязкі ўваходзіла сачэнне за габрэямі ў Палестыне», — пісаў Канстанцін Капітонаў.
У Шай будучай легендзе ізраільскай разведкі далі мянушку Ісер-маленькі. Такую мянушку ён атрымаў не так праз свой невысокі рост, як таму, што калегам неабходна было адрозніваць яго ад іншага Ісера — Бееры, які займаў у арганізацыі вышэйшую пасаду.
«Падчас сваёй працы ў Шай Харэль завязаў кантакты з найбуйнейшымі палітыкамі і, што найбольш важна, з Давідам Бэн-Гурыёнам, найважнейшым дзяржаўным дзеячам Ізраіля. Бэн-Гурыён палюбіў энергічнага маладога чалавека і ўскладаў на яго ўсё новыя і новыя абавязкі. Калі ў 1948 годзе дзяржава Ізраіль здабыла незалежнасць, цалкам натуральна, што Харэлю прапанавалі заняць месца кіраўніка толькі што створанай Шабак — службы ўнутранай бяспекі краіны», — пісаў Шлома Шпіра ў прадмове да кнігі Ісера Харэля «Выкраданне ката».
«Тое, што ты адвёў дыпламата ў бардэль, я лічу добрым аператыўным рашэннем»
У сакавіку 1951 года ўрад Ізраіля з ініцыятывы прэм’ер-міністра Бэн-Гурыёна прыняў пастанову пра стварэнне арганізацыі для разведвальнай працы за мяжой. Новая структура атрымала назву «Масад». Фармальна яе першым шэфам быў адзін са шматгадовых супрацоўнікаў Шай Рэўвен Шылоах. Ён быў добрым тэарэтыкам, але не вылучаўся вялікай ініцыятыўнасцю. Неўзабаве Шылоах наогул быў вымушаны пайсці на супакой праз праблемы са здароўем. Новым дырэктарам «Масада» прызначылі Ісера Харэля. Менавіта ён выбудаваў структуру арганізацыі, сфармуляваў яе асноўныя прынцыпы і зрабіў з яе паўнавартасную службу знешняй разведкі. За гэта яго па праве называюць стваральнікам «Масада».
Ісер Харэль кіраваў арганізацыяй 12 гадоў. За гэты час ён арганізаваў і паспяхова правёў столькі аперацый, што хапіла на некалькі мастацкіх фільмаў і дзясяткі кніг.
Да сваіх агентаў ён ставіўся як да дзяцей. За поспехі — хваліў, за правалы — лаяў, за непрыстойныя паводзіны на службе — адчытваў і караў. Сваім супрацоўнікам ён тлумачыў, што вонкаваму свету яны могуць хлусіць колькі заўгодна, але сваім калегам — ніколі. Былыя падначаленыя Харэля ўспаміналі, што ён часта наведваў сем'і аператыўнікаў, якія працавалі пад прыкрыццём за мяжой, і асабіста клапаціўся пра іх дабрабыт.
Былі ў «Масадзе» і тыя, хто з першага разу не пачуў урокаў шэфа. З такімі Харэль не цырымоніўся. Аднойчы яго падначалены з’ехаў адпачываць з каханкай, а жонцы сказаў, што ідзе на небяспечнае заданне. Калі занепакоеная жонка патэлефанавала ў «Масад», каб даведацца, калі яе муж вернецца дадому, «шпіёна» хутка знайшлі і звольнілі без лішніх размоваў.
Навабранцам «Масада» часта расказвалі і іншую легенду пра Харэля. Аднойчы ізраільскі агент спрабаваў завербаваць у Еўропе аднаго арабскага дыпламата, які мог перадаць важныя для Ізраіля звесткі. Шпіён запрашаў сваю ахвяру на раскошныя абеды, а таксама пару разоў звадзіў у дарагі бардэль. Калі разведчык вярнуўся ў Ізраіль і перадаў у «Масад» справаздачу пра выдаткі, яго тут жа выклікалі да шэфа.
— Тое, што ты адвёў дыпламата ў бардэль і заплаціў за яго візіт, я лічу добрым аператыўным рашэннем, — сказаў Харэль. — Але як ты смееш нават думаць пра тое, што ізраільскія падаткаплатнікі будуць аплачваць твае сэксуальныя забавы?
Супрацоўніку, які правініўся, абвясцілі строгую вымову і абавязалі аплаціць з уласнага кашалька сваю частку выдаткаў на наведванне публічнага дома, рахунак за арабскага дыпламата яму кампенсавалі.
За часамі Харэля ў «Масад» таксама набіралі жанчын-аператыўнікаў. Многія з іх даслужыліся да высокіх пасадаў. Пры гэтым менавіта Харэль увёў строгае правіла, што ні пры якіх умовах шпіёнка «Масада» не можа выкарыстоўваць сэкс для атрымання інфармацыі.
«Робячы выгляд, што здымае сяброў, сфатаграфаваў сірыйскія фартыфікацыйныя збудаванні»
Пад кіраўніцтвам Харэля «Масад» пашырыў сваю аператыўную прастору. Акцэнт быў зроблены на ўкараненні ізраільскай агентуры ў самую вярхушку палітычнага і ваеннага кіраўніцтва арабскіх краін, з якімі ў Ізраіля былі складаныя адносіны. Важныя разведдадзеныя дапамагалі маладой дзяржаве правільна выбудоўваць стратэгію, трымаць удар і захоўваць жыцці сваіх грамадзян.
У 2019 годзе відэасэрвіс Netflix выпусціў серыял «Разведчык» з Сашам Баронам Коэнам у галоўнай ролі. Кінастужка расказвае гісторыю ізраільскага шпіёна Элі Коэна, якога Харэль укараніў у палітычныя колы Сірыі.

Народжанага ў Егіпце габрэя Коэна з першага разу не ўзялі ў «Масад», але запрасілі ў ваенную разведку. Там ён прайшоў інтэнсіўны курс падрыхтоўкі для працы за мяжой, і толькі пасля гэтага яго забраў да сябе Харэль.
Разведчыка спачатку пераправілі ў Аргентыну. У Буэнас-Айрэсе пад маскай паспяховага бізнесоўца Элі Коэн наведваў пасольскія прыёмы і ўціраўся ў давер да арабскіх дыпламатаў, ваенных аташэ, журналістаў. У 1962 годзе яго перанакіравалі ў Сірыю. Дзякуючы рэкамендацыйным лістам сірыйскіх дыпламатаў і бізнесоўцаў з Буэнас-Айрэса ён завязаў сяброўскія адносіны ў блізкіх да ўрада краіны колах. Ён ладзіў у сваіх апартаментах ў Дамаску раскошныя прыёмы, на якія запрашаў прадстаўнікоў найвышэйшага саслоўя.
«Яго вечарынкі наведвалі таксама прадстаўнікі сірыйскай кіраўнічай вярхушкі, якія падавалі яму вялікія аб’ёмы важнай ваеннай інфармацыі. Пазней усе сабраныя звесткі Коэн перадаваў па радыё ў Тэль-Авіў. Аднойчы вайскоўцы — сябры Коэна запрасілі яго наведаць сірыйскія пазіцыі на Галанскіх вышынях (тэрыторыя паміж Сірыяй і Ізраілем. — Заўв. рэд.). Там Коэн, робячы выгляд, што здымае сяброў, сфатаграфаваў сірыйскія фартыфікацыйныя збудаванні і агнявыя пункты», — пісаў Шлома Шпіра.
Уплыў Коэна ў Сірыі вырас настолькі, што яго кандыдатуру нават разглядалі на пазіцыю аднаго з міністраў краіны. Вылічыла агента сірыйская контрразведка. З дапамогай найноўшага савецкага пеленгатара яны выявілі, што Коэн адпраўляў у Ізраіль каштоўныя звесткі са сваёй кватэры ў Дамаску. Восем чалавек уварваліся да яго дадому і затрымалі падчас чарговай радыёперадачы.
Пасля доўгага следства і жорсткіх катаванняў Коэна прызналі вінаватым у шпіянажы і асудзілі на смяротнае пакаранне. Яго павесілі на плошчы Маржа ў Дамаску 18 траўня 1965 года. Цела разведчыка пасля пакарання смерцю шэсць гадзін вісела на плошчы. Сірыйскія ўлады адмовіліся перадаць яго Ізраілю і пахавалі на габрэйскіх могілках.
Цела Коэна не вярнулі на радзіму дагэтуль. Ізраільскія разведчыкі спрабавалі яго выкрасці, але аперацыя завяршылася няўдачай. Пасля гэтага рэшткі Коэна сірыйцы перамясцілі ў бункер на тэрыторыі вайсковай часткі.
Шпіён, выйдзі вон
Акрамя кіраўніцтва «Масадам» Харэль займаўся контрразведчыцкай працай. У той час у Ізраіль прыязджала шмат агентаў КДБ з Савецкага Саюза. Савецкія дыпламаты завязвалі знаёмства з ізраільскімі камуністамі, спрабуючы здабыць праз іх важную разведвальную інфармацыю. У перыяд з 1950 да 1960 года контрразведчыкі Харэля раскрылі шэраг супрацоўнікаў КДБ, якія дзейнічалі пад дыпламатычным прыкрыццём. Але яны ў асноўным былі дробнымі сошкамі. Па-сапраўднаму буйную рыбу Харэль злавіў у 1961 годзе — у яго сеткі трапіў высокапастаўлены чыноўнік ізраільскага Мінабароны Ісраэль Беер, які доўгі час працаваў на КДБ.

— Беер займаў высокую і адказную пасаду ў канцылярыі першага прэм’ер-міністра краіны Бэн-Гурыёна. Быў яго асабістым сябрам, — успамінаў у інтэрв'ю Харэль. — Але я падазраваў Беера. Быў супраць яго допуску да сакрэтных матэрыялаў. Але не мог сам вырашаць гэтае пытанне, бо сумневы — не доказы. Пра гэта не кажуць у СССР і Расіі, але Беера праваліў сам КДБ. Яны там вельмі хацелі выйсці на шэфа нямецкай разведкі Гелена, але не маглі гэта зрабіць. І раптам я даведаўся, што, нягледзячы на маю забарону, Беер быў у Германіі і асабіста камунікаваў з Геленам. Толькі адзін фактар мог прымусіць яго пайсці на гэтае парушэнне — знакамітае рускае «трэба». Мне ўдалося прытрымаць Беера ад далейшых паездак за мяжу, і ён быў вымушаны пайсці на сустрэчу з савецкім разведчыкам. А за ім мы сачылі. І іх абодвух «узялі» падчас сустрэчы. Гэта быў самы сур’ёзны правал КДБ у Ізраілі і наш поспех.
Ісраэль Беер так і не прызнаўся ў працы на савецкую разведку. Ён паўстаў перад судом і быў прызнаны вінаватым у шпіянажы. Яму прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі. Беер памёр у 1966 годзе ў турме.
«Вядома, мы маглі проста забіць Эйхмана, але нам было прынцыпова важна публічна яго судзіць»
Харэль быў не толькі выдатным шпіёнам, але і адным з самых небяспечных паляўнічых на нацыстаў. На яго рахунку — захоп «архітэктара Халакосту» Адольфа Эйхмана, які хаваўся ў Аргентыне. Бліскучая аперацыя, распрацоўкай якой займаўся асабіста Ісер-маленькі, легла ў аснову не аднаго мастацкага фільма. Самае ж дэталёвае апісанне падзей пакінуў нашчадкам сам Харэль у сваёй кнізе «Выкраданне ката».
Нямецкі оберштурмбанфюрэр СС Адольф Эйхман быў начальнікам аддзела, які непасрэдна займаўся «канчатковым рашэннем габрэйскага пытання». Менавіта ён адказваў за транспартаванне габрэяў у канцлагеры. Пасля вайны Эйхман трапіў у палон да амерыканцаў, дзе прадставіўся унтэрштурмфюрэрам СС Ота Экманам.
З лагера для ваеннапалонных «архітэктар Халакосту» неўзабаве збег, некалькі гадоў хаваўся ў Германіі, а ў 1950 годзе па падробленым пашпарце эміграваў з сям’ёй у Аргентыну. Там ён і жыў з жонкай і чатырма дзецьмі пад імем Рыкарда Клемента. Эйхман у эміграцыі не расслабляўся ні на хвіліну. Ён прытрымліваўся правіл канспірацыі, не заводзіў ні з кім знаёмстваў, а сям’ю папрасіў забыцца на старое прозвішча і ніколі яго не згадваць. Аднак старэйшы сын, які захапляўся бацькам, быў занадта ганарлівы, каб жыць пад прозвішчам Клемент.

На след Эйхмана «Масад» выйшаў дзякуючы шчаслівай выпадковасці. У 1957 годзе нямецкі габрэй і былы вязень канцлагера Лотар Герман даведаўся, што яго дачка пазнаёмілася з маладым чалавекам «арыйскага выгляду» на імя Нікалас Эйхман. Мужчына расказаў пра гэта свайму знаёмаму — генпракурору нямецкай зямлі Гесэн Фрыцу Баўэру. Ад яго інфармацыя па дыпламатычных каналах трапіла да Ісера Харэля.
«Масад» ужо атрымліваў паведамленні пра тое, што Эйхман можа хавацца ў Аргентыне, аднак звесткі былі супярэчлівыя. Адны інфарматары сцвярджалі, што Эйхман памёр, а яго жонка сапраўды пераехала ў Аргентыну і там паўторна выйшла замуж. Іншыя настойвалі, што Эйхман зрабіў пластычную аперацыю, цалкам змяніўшы знешнасць.
Харэль прыняў рашэнне адправіць свайго агента ў Буэнас-Айрэс, каб той сустрэўся з Лотарам Германам, высветліў з яго дапамогай дакладны адрас Эйхмана і пацвердзіў яго асобу.
«Я ведаў, што залітая крывёю зямля, у якой спачываюць рэшткі мільёнаў яго (Эйхмана. — Заўв. рэд.) ахвяраў, благае помсты, але ні адна разведка ва ўсім свеце, ні адзін урад, ні адна паліцыя не шукалі яго, каб ён адказаў за свае злачынствы. Людзі стаміліся ад гісторый пра зверствы; іх адзіным жаданнем было выкінуць з галавы гэтыя жудасныя падзеі; яны сцвярджалі, што няма на зямлі пакарання, якое было б сувымернае злачынствам такога маштабу; і яны змірыліся з парушэннем закона і скажэннем правасуддзя. Той ноччу я вырашыў, што, калі Эйхман жывы, ён будзе злоўлены любой цаной», — пісаў Харэль у сваёй кнізе.
Агентам «Масада» ў Буэнас-Айрэсе ўдалося знайсці дом, у якім жыў Адольф Эйхман. Больш за тое, яны змаглі сфатаграфаваць яго на схаваную камеру. Пазней эксперт параўнаў гэтыя здымкі са старымі партрэтамі «архітэктара Халакосту» і прыйшоў да высновы, што на прадстаўленых фота, хутчэй за ўсё, адзін і той жа чалавек.
У пачатку 1958 года сям’я Эйхмана без папярэджання пераехала. Свайго новага адрасу яны не паведамілі нават былым суседзям. Агентам «Масада» давялося зноў шукаць нацысцкага злачынца. У снежні 1959 года яны зноў выйшлі на яго след. Высветлілася, што Эйхманы пераехалі ў іншы квартал і жылі ў доме на вуліцы Гарыбальдзі. Будынак быў куплены на імя Веранікі Катарыны Лібл дэ Фіхман. Гэтае імя цалкам, за выключэннем адной літары ў прозвішчы (Fichmann замест Eichmann), супадала з імем жонкі Эйхмана.
Пасля гэтага Харэль з калегамі пачаў распрацоўваць план захопу нацысцкага злачынца і яго таемнага вывазу ў Ізраіль. Аперацыю назвалі «Фінал».
— Калі мы ідэнтыфікавалі Эйхмана — а ён ціха жыў у сваім доме, як просты чалавек, пад чужым імем, — можна было звярнуцца да Аргентыны. Дапусцім, яго спачатку прымусілі б прызнацца, што ён — Эйхман, і толькі пасля гэтага мы маглі патрабаваць яго дэпартацыі для суда ў Ізраілі ці Германіі. Быў і такі варыянт. Але на практыцы пры першым жа трывожным сігнале Эйхман зноў растварыўся б у Лацінскай Амерыцы. Насамрэч аперацыя была канспіратыўнай не толькі што да былых нацыстаў, але перш за ўсё — што да тагачаснага ўраду Аргентыны. У краіне «пад прыкрыццём» знаходзілася 10−15 супрацоўнікаў «Масада», і ні мясцовыя спецслужбы, ні ўлады не падазравалі, што мы тут працуем. Даведаліся толькі, калі Эйхман ужо быў у Ізраілі цалкам пад нашым кантролем. Нам было вельмі цяжка рыхтаваць і праводзіць аперацыю, бо спецслужбы Аргентыны змагаліся тады з тэрарызмам, працавалі актыўна і асабліва імкнуліся кантраляваць замежнікаў, — расказваў Харэль у інтэрв'ю.
Усе ўдзельнікі аперацыі былі добраахвотнікамі. Сярод іх былі і пацярпелыя ад нацыстаў падчас вайны, і тыя, чые сваякі загінулі ў лагерах смерці. Харэль адразу папярэдзіў калегаў, што Эйхмана трэба даставіць у Ізраіль жывым.
— Вядома, мы маглі проста забіць Эйхмана і такім чынам пакараць яго за 6 мільёнаў загінулых габрэяў. Але нам было прынцыпова важна публічна судзіць гэтага чалавека, паказаць усяму свету, што забойца габрэяў, паколькі ўжо ёсць дзяржава Ізраіль, не пазбегне пакарання, — успамінаў Харэль.
«Мяне завуць Адольф Эйхман»
У канцы красавіка 1960 года аператыўнікі вылецелі ў Буэнас-Айрэс. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала каля 30 чалавек. З іх 12 былі задзейнічаныя непасрэдна ў захопе Эйхмана і яго вывазе.
11 мая Адольф Эйхман вяртаўся з працы на рэйсавым аўтобусе. Каля 20.00 ён выйшаў на прыпынку і пайшоў да свайго дома. На вуліцы яго паклікаў па-іспанску незнаёмы: «Хвіліначку, сеньёр». Эйхман павярнуўся на голас і адчуў удар. Незнаёмы схапіў яго і паваліў на зямлю. Адзін з удзельнікаў аперацыі Рафі Эйтан расказваў, што затрыманы ніяк не супраціўляўся, а «проста выў». Эйхмана запхнулі ў салон аўтамабіля, і кіроўца ўдарыў па газах.
Разведчыкі даставілі «архітэктара Халакосту» на канспіратыўную вілу на ўскраіне Буэнас-Айрэса. Тут яны абсталявалі пакой для ўтрымання палоннага. Спярша яго пераапранулі ў піжаму і праверылі на наяўнасць зброі і схаваных ампул з атрутай — аператыўнікі асцерагаліся, што ён можа здзейсніць самагубства. Потым яшчэ адзін удзельнік аперацыі, Цві Аароні з пазыўным Кенет, пачаў допыт. Першую размову нацысцкага злачынца з разведчыкам Харэль апублікаваў у сваёй кнізе:
— Які ў вас памер адзення?
— Сорак чацвёрты, — адказаў Эйхман.
— Які ў вас памер абутку?
— Дзявяты (адпавядае 42 «еўрапейскаму» памеру. — Заўв. рэд.).
— Які быў нумар вашага партбілета ў нацыянал-сацыялістычнай партыі?
— 889895, — адказаў Эйхман без запінкі.
— Калі вы прыехалі ў Аргентыну?
— 1950.
— Як вас завуць?
— Рыкарда Клемент.
— Шнары на вашай грудзях — ад інцыдэнту, які адбыўся падчас вайны?
— Так, — адказаў Эйхман і пачаў трэсціся.
— Дык якое ж вашае сапраўднае імя?
— Ота Хенінгер.
— Вашыя асабістыя нумары СС былі: 45 326 і 63752?
— Так.
— Тады назавіце вашае сапраўднае імя!
— Мяне завуць Адольф Эйхман.
Калі Эйхман не вярнуўся дадому, яго сям’я забіла трывогу. Найперш старэйшыя сыны нацысцкага злачынца праверылі бальніцы. Аднак ні ў адной з іх яны не знайшлі пацыента з імем Рыкарда Клемент. Неўзабаве ім стала ясна, што галаву сямейства выкралі ізраільцяне. У паліцыю сыны Эйхмана не звярнуліся, бо баяліся раскрыць свае сапраўдныя імёны. Аднак на дапамогу ім прыйшлі нацысты з нямецкай супольнасці Буэнас-Айрэса. Каля 300 чалавек прачэсвалі горад, а таксама выставілі пасты на вакзалах і ў аэрапорце, каб перашкодзіць «Масаду» вывезці палоннага з краіны.
На віле Эйхман правёў дзевяць дзён пад узмоцненай аховай. Ісер Харэль наведаў затрыманага толькі на пяты дзень пасля захопу. Ён зірнуў на прыкаванага да ложка старога, які ў свой час росчыркам пяра забіваў цэлыя пакаленні сем’яў, і здзівіўся — ён выглядаў як любы іншы чалавек.

«Калі б я ўбачыў яго на вуліцы, я б не вылучыў яго з тысяч іншых мінакоў», — апісваў свае першыя ўражанні Харэль. Дырэктар «Масада» быў расчараваны: аказалася, што няма ніякіх вонкавых прыкмет, якія дазволілі б адрозніць чалавека ад монстра.
Іншым удзельнікам аперацыі было складана сябе стрымліваць у прысутнасці Эйхмана. Харэль расказаў, як у адзін з дзён «архітэктар Халакосту» падзяліўся з разведчыкам Пітэрам Малкіным асцярогамі за лёс сваёй сям'і.
— Я зусім не пакінуў ім грошай, — сказаў Эйхман. — На што будуць жыць мае жонка і сыны?
— З імі нічога не здарыцца, — адказаў Малкін. — Яны і без вас справяцца. Але скажыце мне, калі ласка, як вы, хто так клапоціцца пра сваіх дзяцей, маглі з калегамі забіваць дзясяткі і сотні тысяч маленькіх дзяцей?
Эйхман у адказ усхліпнуў:
— Цяпер я не магу зразумець, як мы маглі чыніць такія зверствы. Я заўсёды быў на баку габрэяў. Я стараўся знайсці прымальнае рашэнне іх праблем. Я рабіў тое, што і ўсе.
Допыты Эйхмана доўжыліся ўвесь час яго зняволення ў Буэнас-Айрэсе. Без катаванняў і гвалту, а аднымі толькі размовамі, разведчыкі здолелі атрымаць ад яго прызнанне ва ўчыненых злачынствах і пісьмовую згоду на тое, каб яго судзілі ў Ізраілі.
Увечары 20 траўня Эйхмана апаілі наркотыкам і пераапранулі ў форму ізраільскага лётчыка. Аператыўнікі правялі яго праз аргентынскую мытню і пасадзілі на самалёт ізраільскай авіякампаніі «Эль-Аль». Апоўначы борт вылецеў з Буэнас-Айрэса ў Ерусалім.
«Сведкі ішлі чарадою, і новыя жахі дадаваліся да жахаў, пачутых раней»
У Ізраілі Эйхмана судзілі па 15 пунктах абвінавачвання. Працэс шырока асвятляўся ў прэсе. Пісьменніца Ханна Арэнт у сваёй кнізе «Банальнасць зла: Эйхман у Ерусаліме» адзначыла, што ў зале суда «моладзі амаль не было».
«У ёй (у аўдыторыі. — Заўв. рэд.) сядзелі тыя, хто выжыў, людзі сярэдніх гадоў і старыя, імігранты з Еўропы, падобныя да мяне, якія выдатна ведалі ўсё, што трэба ведаць, у якіх не было жадання зубрыць новыя ўрокі і якім, каб прыйсці да ўласных высноваў, не трэба было ніякага працэсу. Сведкі ішлі чарадою, і новыя жахі дадаваліся да жахаў, пачутых раней, і яны сядзелі тут, сярод людзей, і слухалі аповеды, якія наўрад ці былі б у сілах вытрываць, калі б сядзелі з апавядальнікам сам-насам», — пісала Арэнт.
Сам Эйхман, які ў Буэнас-Айрэсе, здавалася, ва ўсім прызнаўся і раскаяўся, у судзе не прызнаў віны:
«Я не забіваў габрэяў. Я не забіў ніводнага габрэя і ніводнага негабрэя — я не забіў ніводнай чалавечай істоты. Я не аддаваў загаду забіць ні габрэя, ні негабрэя; я проста гэтага не рабіў. <…> Так ужо сталася… што мне ні разу не давялося гэта рабіць».

15 снежня 1961 года Эйхмана прызналі вінаватым у ваенных злачынствах, а таксама злачынствах супраць габрэйскага народа і чалавецтва. Яго асудзілі на смяротнае пакаранне. У ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня 1962 года ў турме горада Рамла «архітэктара Халакосту» павесілі. Цела Эйхмана спалілі, а попел развеялі над Міжземным морам за межамі тэрытарыяльных водаў Ізраіля.
«Мы выдаткавалі шмат намаганняў і сродкаў, каб знайсці Менгеле ў Аргентыне»
Яшчэ ў Буэнас-Айрэсе на адным з допытаў Эйхман абмовіўся, што ведае месцазнаходжанне яшчэ аднаго вядомага нацысцкага злачынца — Анёла Смерці доктара Ёзэфа Менгеле, які праводзіў медыцынскія доследы на вязнях канцлагера Асвенцім. Харэль даручыў свайму супрацоўніку праверыць інфармацыю на месцы. Аператыўнік высветліў, што па сказаным Эйхманам адрасе ўжо ніхто не жыве. Са словаў паштальёна, арандатар з прозвішчам, падобным да Менгеле, з’ехаў прыкладна месяц таму ў невядомым кірунку.
— Мы спазніліся, — расказваў Харэль у інтэрв'ю. — Мы выдаткавалі шмат намаганняў і сродкаў, каб знайсці Менгеле ў Аргентыне. Але «браць» іх абодвух (з Эйхманам. — Заўв. рэд.) адначасова было немагчыма. І ён схаваўся адразу ж, як толькі мы «ўзялі» Эйхмана. Ён уцёк у Парагвай, дзе рэжым Альфрэда Стрэснера даў яму «асабісты» прытулак. Ім неадкладна пачала апекавацца на той час моцная нямецкая калонія, адразу ж далі персанальную дзяржаўную ахову. Мы потым некалькі разоў спрабавалі наблізіцца да Менгеле — але не змаглі. Проста «прыбраць» яго не хацелі — ён нам патрэбны быў для суда, але нічога зрабіць не ўдавалася.
Апошнія гады свайго жыцця Менгеле правёў у Бразіліі. Лічыцца, што ён патануў у 1979 годзе падчас купання ў акіяне. Яго рэшткі былі эксгумаваныя, і ў ліпені 1985 года ўлады Бразіліі пацвердзілі яго асобу.
«У мяне на пінжаку няма ніводнай узнагароды»
Пасаду дырэктара «Масада» Харэль пакінуў у 1963 годзе на фоне рознагалоссяў з прэм’ер-міністрам Бэн-Гурыёнам. Прычынай іх канфлікту стала аперацыя, якую ізраільскія разведчыкі праводзілі ў дачыненні да нямецкіх навукоўцаў, што дапамагалі Егіпту ў распрацоўцы ракетнай праграмы. Агенты «Масада» рассылалі ім і іх блізкім пагрозы, патрабуючы з’ехаць з Егіпта. Германія ў той час выплачвала Ізраілю буйныя сумы грошай у якасці кампенсацыі за злачынствы нацыстаў і абяцала паставіць партыю зброі. Каб не псаваць адносіны з ФРГ, Бэн-Гурыён запатрабаваў ад Харэля згарнуць аперацыю. Той у адказ падаў заяву аб адстаўцы.
Пасля «Масада» Ісер-маленькі нядоўга папрацаваў дарадцам па пытаннях разведкі і барацьбы з тэрорам, а потым выбраўся ў ізраільскі парламент — Кнэсет. Там ён быў чальцом камісіі па ўнутраных справах.
У адным з інтэрв'ю легендарнага шпіёна спыталі, ці шмат ён атрымаў медалёў за час службы.
— Калі б я атрымліваў узнагароду за кожную ўдалую аперацыю ў тых жа арабскіх краінах, то іх было б вельмі шмат. Але я адмаўляўся. Нават пасля таго як паймалі Эйхмана. У мяне на пінжаку няма ніводнай узнагароды. Таму што галоўная ўзнагарода для мяне — гэта існаванне маёй дзяржавы, Ізраіля. Дастаткова, — адказаў Харэль.
Ісер Харэль памёр 18 лютага 2003 года на 91-м годзе жыцця. Яго пахавалі на могілках Яркон у Петах-Цікве.
Чытайце таксама


