Беларусаў спыталі пра стаўленне да ЕС і давер да NATO. Вось што яны адказалі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Праект EU Neighbours East, які даследуе адносіны паміж Еўрасаюзам і краінамі Усходняга партнёрства, правёў сярод жыхароў Беларусі анлайн-апытанне наконт стаўлення да ЕС. Вынікі паказалі, што негатыўна да Еўрасаюза ставяцца толькі 16% беларусаў, а ў 33% стаўленне станоўчае.

Фото: TUT.BY
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

У рамках праекта EU Neighbours East апытанні грамадскай думкі праводзяцца ў Беларусі ўжо восем гадоў, апошняе — у лютым 2023-га. У ім удзельнічалі 1000 жыхароў краіны, старэйшыя за 15 гадоў, які жывуць як у гарадах, так і ў вясковай мясцовасці. Рэспандэнтаў адбіралі метадам квотнай выбаркі. Квоты вызначалі з улікам полу і ўзросту для шасці груп.

Рэспандэнтам задавалі пытанні пра іх агульнае стаўленне да Еўрасаюза, іх погляды на цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, пра тое, якія СМІ яны глядзяць і дзе даведваюцца навіны пра ЕС.

На пытанне пра стаўленне да Еўрасаюза рэспандэнты адказалі так:

  • «вельмі пазітыўна» — 8%;
  • «хутчэй пазітыўна» — 25%;
  • «нейтральна» — 39%;
  • «хутчэй негатыўна» — 10%;
  • «вельмі негатыўна» — 6%.

Яшчэ 10% не змаглі адказаць, а 2% заявілі, што наогул ніколі не чулі пра Еўрасаюз.

Дарэчы, год таму суадносіны беларусаў, якія пазітыўна і негатыўна ставіліся да ЕС, былі такія ж: 33% і 16% адпаведна.

Адказы на пытанне, якім міжнародным інстытутам рэспандэнты давяраюць, былі наступнымі:

  • ЕС, як і ЕАЭС, давяраюць 38%;
  • ААН — 36%;
  • АДКБ — 32%;
  • NATO — 19%.

Пры гэтым палова беларусаў (50%) Паўночнаатлантычнаму альянсу не давярае. Для параўнання, недавер да АДКБ выказалі 25% апытаных.

Што да адносін паміж ЕС і Беларуссю, то добрымі іх лічаць 12% рэспандэнтаў, а дрэннымі — 42%. Летась гэтыя суадносіны былі такія: 16% да 45% адпаведна.