Віцяблянка пасля разводу не раз'ехалася з экс-мужам — яе жыццё ператварылася ў боль, сорам і прыніжэнне. Яна падала ў суд — вось вынік
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Муж і жонка з Віцебска развяліся, але засталіся жыць у адной кватэры. Былы муж пачаў біць і зневажаць жанчыну на вачах дзяцей. Гараджанка ўрэшце падала пазоў супраць былога мужа, запатрабаваўшы маральную кампенсацыю за пакуты. Суд прызначыў ёй удвая меншую суму, чым яна прасіла.

Жанчына паказвае жэст «стоп». Фота Unsplash.com выкарыстанае ў якасці ілюстрацыі

Пара з Віцебска развялася 21 красавіка 2023 года — іх шлюб быў скасаваны рашэннем суда. Пасля гэтага яны засталіся жыць у адной кватэры, і ў нейкі момант мужчына пачаў падымаць на былую жонку руку, абражаў яе і прыніжаў у прысутнасці траіх дзяцей.

Праз некалькі месяцаў такога жыцця жанчына, відаць, звярнулася ў міліцыю ў спробе паўздзейнічаць на былога мужа. Яго судзілі па адміністрацыйным артыкуле за прычыненне псіхічных пакут і цялесных пашкоджанняў і аштрафавалі. Мужчына спрабаваў абскардзіць гэтае рашэнне, але яго пакінулі без зменаў.

Віцяблянка таксама вырашыла спагнаць з хатняга агрэсара маральную кампенсацыю — яна патлумачыла, што «ў выніку атрыманых траўмаў ёй былі прычыненыя маральныя і фізічныя пакуты, якія выявіліся ў фізічным болі, адчуваннях сораму і прыніжэння». Яна хацела, каб мужчына заплаціў ёй 2000 рублёў і кампенсаваў судовыя выдаткі.

Суд Першамайскага раёна Віцебска заняў бок пазоўніцы, але прызначыў іншы памер кампенсацыі «з улікам матэрыяльнага становішча адказчыка, патрабаванняў разумнасці і справядлівасці».

Мужчыну абавязалі выплаціць экс-жонцы 1000 рублёў маральнай кампенсацыі і пакрыць судовыя выдаткі сумай 600 рублёў. Рашэнне суда не абскарджанае, не апратэставанае і ўступіла ў законную сілу.

Нагадаем, у падобную сітуацыю нядаўна трапіла і жыхарка Мінска. Стаміўшыся ад пастаяннага псіхалагічнага гвалту і пагроз былога мужа, з якім жыла ў адной кватэры, жанчына падала пазоў у суд і запатрабавала спагнаць з яго кампенсацыю маральнай шкоды. Шкоду для сябе яна ацаніла ў 2500 рублёў, а яшчэ 250 прасіла для кампенсацыі выдаткаў на юрыдычную дапамогу.

Аднак у той справе мінскі суд задаволіў пазоў у поўным аб’ёме, а не ў «палавіністым».