Мінчукі скардзяцца на затрымкі з выдачай пашпартоў, не дапамагае і даплата за тэрміновасць. Паспрабавалі высветліць, у чым прычына
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Беларусы скардзяцца на затрымкі з выдачай новых пашпартоў. Пазней за вызначаны тэрмін атрымліваюць і тыя, хто мяняў дакументы ў звычайным парадку, і тыя, хто заплаціў за паскораны выраб. Вось што кажуць людзі і што адказваюць у Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: «Зеркало»
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Люстэрка»

«Паставілі нейкую машыну новую — наладжваюць»

Пара з Мінска збіралася ў адпачынак у канцы ліпеня і загадзя пайшла мяняць пашпарты. Падалі дакументы ў пачатку чэрвеня — часу яшчэ хапала, вырашылі не даплачваць за паскораны выраб, месяц чакання іх задавальняў. Але давялося чакаць даўжэй.

— Калі праз месяц пайшлі забіраць новыя пашпарты, сказалі, што яны яшчэ не гатовыя, бо нейкія тэхнічныя праблемы з друкам. Калі будуць гатовыя, невядома. У выніку прачакалі амаль паўтара месяца адзін пашпарт, другі — на пару дзён даўжэй, бо падаваліся ў розных раёнах, — падзяліўся чытач.

Праз затрымку ім давялося ссоўваць планы на адпачынак. На падобную сітуацыю скардзяцца беларусы і ў чатах.

— Аплацілі паскарэнне за два тыдні, у панядзелак выйшаў тэрмін, а пашпарт не гатовы. Патрэбны быў да суботы, цяпер трэба ўсе планы мяняць. Тэлефаную ў АГіМ па тры разы на дзень. Паставілі нейкую машыну новую, якая [дакументы] друкуе, — пакуль марнуюць дні, наладжваюць, — напісала ў адной з гарадскіх суполак мінчанка і пацікавілася: — Я магу напісаць заяву на вяртанне грошай за паслугу?

— Сяброўка рабіла біяметрычны платна — выдалі за тры дні, а тым, хто рабіў бясплатна звычайныя пашпарты, у калідоры абвясцілі, што яны яшчэ не гатовыя і трэба чакаць СМС. Папярэдзілі, што тэрміны вельмі зацягваюцца, — напісала яшчэ адна жыхарка Першамайскага раёна сталіцы.

Колькі чакаць?

У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як фізасоба, пацвердзілі, што цяпер ёсць тэхнічныя праблемы з друкам, але запэўнілі, што даўжэй чым паўтара месяца дакумент рабіць не могуць.

У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі УУС Фрунзенскага раёна, куды мы таксама датэлефанаваліся, таксама прызналі, што затрымкі ў вырабе і выдачы пашпартоў ёсць.

— У нас сапраўды трошкі даўжэйшыя тэрміны вырабу цяпер, — патлумачылі праз тэлефон. — Калі вы падасце цяпер дакументы на месяц, яны будуць трошкі пазней — яшчэ дзесьці плюс тыдзень. Калі падасце на 15 дзён, усё будзе гатова недзе за 20−23 дні.

Колькі працягнецца такая сітуацыя, у Фрунзенскім АГіМ не ведаюць. Там толькі дадалі, што тэхнічныя праблемы — на баку Бюро пашпартызацыі насельніцтва, якое займаецца вырабам дакументаў. Якія менавіта гэта непаладкі, не ўдакладнілі.

Чытайце таксама