Памёр Віктар Жаркевіч — легенда беларускага панку. Сілавікі прымушалі яго несці з сабой дзверы ад лядоўні
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Памёр вакаліст аднаго з першых «палітычных» панк-гуртоў у Беларусі Hate to State Віктар Маа Жаркевіч. Яму быў 51 год, паведаміла «Наша Ніва».

Виктор Жаркевич. Фото: "Наша Ніва"
Віктар Жаркевіч. Фота: «Наша Ніва»

Віктар захапіўся панкам яшчэ ў падлеткавым узросце, за савецкім часам. У пачатку 1990-х ён з’ехаў у Германію і жыў там у захопленым панкамі будынку, удзельнічаў у мясцовым панк-руху. Пасля вяртання ў Мінск Маа прывёз не толькі ўражанні, але і веды пра мясцовую панк-сцэну.

Маа хацеў граць у стылі, які называецца краст-панк — гэта звычайна грубая і цяжкая, «гаражная» музыка з радыкальнымі сацыяльнымі тэкстамі. Віктар Жаркевіч у 1997 годзе стаў заснавальнікам і аўтарам тэкстаў мінскага панк-гурта Hate to State, які выступаў разам з выбітнымі дзеячамі беларускага року таго часу.

Гурт існаваў да 2000 года, а апошні канцэрт яны сыгралі разам з гуртом «Правакацыя», у якім вакалістам быў Альгерд Бахарэвіч. Пасля гэтага Віктар эпізадычна граў у розных гуртах і займаўся менш вядомымі праектамі.

Виктор Жаркевич во время задержания. 2022 год. Скриншот видео
Віктар Жаркевіч падчас затрымання. 2022 год. Скрыншот відэа

Жаркевіча затрымліваў ГУБАЗіК у верасні 2022 года. Падчас затрымання Віктара моцна збілі. У дадатак яму зламалі аб галаву патэльню і прымусілі цягнуць з сабой у аддзяленне дзверы ад лядоўні, на якіх былі панк-рокерскія і анархісцкія налепкі і магніты за розныя гады.

Сябры мужчыны кажуць, што ягонае здароўе і маральны стан моцна падарвалі 30 дзён на Акрэсціна. Ён скардзіўся на боль і пасля выхаду з-за кратаў.

Жаркевіча звольнілі з працы на будоўлі і, прынамсі спачатку, не бралі на новую працу праз палітычныя абвінавачанні. Віктар перабіваўся выпадковымі заробкамі і часта скардзіўся сябрам на праблемы са здароўем.

Віктар Жаркевіч памёр 22 верасня 2024 года ў сваёй кватэры ў Мінску. Як кажуць знаёмыя, не вытрымала сэрца.