У Дрыбінскім раёне мужчына спагнаў аліменты з дарослых дачок — яго ўласнай пенсіі не хапала на жыццё
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Жыхар Дрыбінскага раёна з інваліднасцю праз пракуратуру спагнаў аліменты з дзвюх дарослых дачок: яго ўласнай пенсіі не хапала на жыццё і платнае знаходжанне ў цэнтры сацабслугоўвання, паведамілі ў ведамстве.

Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: pixabay.com

Жыхару вёскі Прыбужжа Новае 68 гадоў. У яго інваліднасць I групы, і, згодна з заключэннем медыцынска-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, ён мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.

Раней мужчыну змясцілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і людзей з інваліднасцю ў мясцовы цэнтр сацабслугоўвання, ён знаходзіўся там на ўмовах аплаты.

«Пры гэтым дамовы платнага аказання сацыяльных паслуг ніхто з асобаў, абавязаных па законе яго ўтрымліваць, не заключыў», — расказалі ў пракуратуры.

Да выхаду на пенсію вясковец афіцыйна працаваў, аднак памер яго пенсіі не дазваляў у поўным аб’ёме аплачваць жыццёва неабходныя сацыяльныя паслугі, а іншых крыніц даходу не было. Ён меў патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе сваіх дзяцей, якая складала 1,8 базавай велічыні штомесяц (цяпер — 72 рублі).

Між тым у мужчыны ёсць дзве поўнагадовыя і працаздольныя дочкі, якія жывуць у Беларусі. Ён не быў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у дачыненні да іх і раней выплачваў аліменты на іх утрыманне. Абедзве жанчыны адмовіліся ў добраахвотным парадку ўдзельнічаць ва ўтрыманні непрацаздольнага бацькі, што меў патрэбу ў дапамозе.

Тады пракурор Дрыбінскага раёна скіраваў у суд пазоў пра спагнанне аліментаў з дачок мужчыны. Гэтыя патрабаванні былі задаволеныя ў поўным аб’ёме — на ўтрыманне бацькі спагнаныя аліменты з яго дачок у памеры па 0,9 базавай велічыні (36 рублёў) штомесяц з кожнай.

Рашэнне пакуль не ўступіла ў законную сілу.