МУС Літвы папрасіла Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ) краіны растлумачыць прычыны адмовы ў відзе на жыхарства былому байцу палка Каліноўскага Васілю Верамейчыку, якога днямі затрымалі ў В’етнаме і экстрадыявалі ў Беларусь. У ДДБ на гэта адказалі, што рашэнне было абгрунтаваным, піша LRT.

Міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайтэ заявіла, што ДДБ мусіць растлумачыць прычыны рашэння пра прызнанне Васіля Верамейчыка пагрозай бяспецы.
— Было больш інфармацыі (пра пагрозу нацбяспецы) ці не было — гэта ў іх (ДДБ) кампетэнцыі. Яны маглі б удакладніць і прадставіць свае аргументы, а таксама інфармацыю, якую могуць агучыць публічна, — сказала міністр.
Прадстаўнікі ДДБ заявілі, што рашэнне наконт беларуса было абгрунтаваным.
— Нельга выключаць, што спробы звонку эскаляваць гэтую гісторыю могуць быць чарговай інфармацыйнай аперацыяй, скіраванай супраць Літвы, — таксама заявілі ў ведамстве.
Нагадаем, пра выдачу Васіля Верамейчыка ў Беларусь з В’етнама стала вядома 20 лістапада з эфіру прапагандысцкага тэлеканала АНТ. Паведамлялася, што экстрадыцыя адбылася пасля запыту беларускага КДБ.
Васілю Верамейчыку 34 гады, ён выпускнік Вайсковай акадэміі Беларусі, спецыялізацыя — ваенная псіхалогія і ідэалагічная праца ў войску. Служыў ва Узброеных сілах Беларусі, быў лейтэнантам запасу.
У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка сваім указам пазбавіў Верамейчыка вайсковага звання. Пасля завяршэння службы ў палку Каліноўскага мужчына пераехаў з Украіны ў Літву. Але там яму адмовілі ў відзе на жыхарства.
У траўні 2024 года Васіль Верамейчык быў абраны сябрам Каардынацыйнай рады 3-га склікання ад выбарчага спісу «Блок Пракоп’ева — Ягорава». Апошнім часам мужчына працаваў у сферы IT.