84-гадовая жыхарка Баранавічаў стала ахвярай махлярства: зламысніца пад выглядам клопату пазбавіла пенсіянерку зберажэнняў і кватэры ў Мінску. Дзякуючы намаганням пракуратуры ўгоду анулявалі, а падазраваную затрымалі, паведамілі ў эфіры тэлеканала СТБ.

Пажылая жанчына, пераехаўшы з Мінска ў Баранавічы, набыла невялікую частку дома з асобным уваходам. Аднак адзінота зрабіла яе жыццё цяжкім. У адзін з дзён на прыпынку яна пазнаёмілася з жанчынай, якая, увайшоўшы ў давер, прапанавала ёй клопат і падтрымку.
Паводле праваахоўнікаў, зламысніца, карыстаючыся даверлівасцю пенсіянеркі, выбавіла ў яе даверанасць. З яе дапамогай яна зняла з рахункаў больш за 11 тысяч рублёў, а потым арганізавала фіктыўны продаж мінскай кватэры за 20 тысяч рублёў. Грошай, як і абяцанага клопату, Нэлі Георгіеўна так і не ўбачыла.
Занепакоеныя суседзі прывялі пенсіянерку на прыём да пракурора. Дзякуючы намаганням пракуратуры і сацыяльнай службы дамова куплі-продажу была прызнаная несапраўднай, а кватэра вернутая ўладальніцы.
«У адпаведнасці з рашэннем суда дамова куплі-продажу прызнаная той, што не мае законнай сілы. Кватэра вернутая заяўніцы. У дачыненні да зламысніцы пракуратурай распачатая крымінальная справа па падазрэнні ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Падазраваная затрыманая», — заявіла памочніца баранавіцкага міжраённага пракурора Лізавета Александровіч.
Цяпер Нэлі Георгіеўна праходзіць медыцынскае абследаванне. Валанцёры і сацыяльныя службы дапамагаюць ёй аднавіць дакументы, каб яна магла бесперашкодна атрымліваць пенсію.