Ураджэнца Салігорска Васіля Арэшку абвінавачваюць у фінансаванні «экстрэмізму». Пра гэта стала вядома з фрагмента відэа, які паказаў дзяржтэлеканал АНТ. Увагу на ролік звярнула «Наша Ніва».

АНТ анансаваў новы фільм пра «фінансаванне экстрэмізму». У анонсе прадстаўнік дзяржкантролю Уладзіслаў Ларыёнаў кажа, што летась выявілі каля 70 выпадкаў фінансавання «экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод атрымальнікаў дапамогі называюцца полк Кастуся Каліноўскага і фонд дапамогі рэпрэсаваным беларусам BYSOL.
Сярод затрыманых па справах паказваюць двух ужо вядомых палітвязняў — Аляксандра Дарагакупца і Міхаіла Фандо. Міхаіл Фандо дае інтэрв'ю проста з калоніі, у выпадку з Дарагакупцам паказваюцца архіўныя кадры затрымання.
Называюць і новае імя — Васіль Арэшка. Хлопец родам з Салігорска. Яго ўзрост у сацсетках не пазначаны, але яму прыкладна 30 гадоў, калі меркаваць па ўзросце яго сяброў «ВКонтакте».
Вядома, што ў Польшчы Арэшка працаваў HR-спецыялістам — шукаў людзей для ўладкавання на працу. Перыядычна ездзіў у Беларусь. Калі ён вярнуўся апошні раз, невядома, але затрыманы ён быў некалькі месяцаў таму.
Цяпер Арэшка ў СІЗА. Характэрна, што яго старонку «ВКонтакте» хтосьці выдаліў, спачатку пераназваўшы ў абразлівае «Ядол***б К***а».